ФУНКЦЫЯНАЛЬНЫ АНАЛІЗ

Пачаткам развіцця гэтай галіны матэматыкі на Беларусі паслужыла заснаванне ў 1959 у БДУ навукова-даследчага семінара па функцыянальным аналізе (кіраўнікі М.​І.​Брыш, В.​Ф.​Ждановіч, А.​М.​Родаў). Значная частка вынікаў у галіне функцыянальнага аналізу і яго дастасаванняў належыць удзельнікам гэтага семінара, іх вучням і паслядоўнікам. Даследаванні вядуцца таксама ў Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі, Гродзенскім, Гомельскім, Віцебскім ун-тах.

У тэорыі выяўлення груп дадзена яўнае апісанне непрыводных выяўленняў канкрэтных груп Лі, выражэнне іх матрычных элементаў праз розныя класы спецыяльных функцый (А.​М.​Ламбіна, А.​М.​Родаў, А.​В.​Розенблюм, Л.​В.​Розенблюм, У.​Б.​Рыўкін, Н.​М.​Траццякова, Л.​А.​Яновіч). У галіне дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў на падставе ўведзенага Я.​В.​Радынам функцыянальнага злічэння распрацаваны агульная тэорыя дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў у лакальна-выпуклых і банахавых прасторах і тэорыя гэтых ураўненняў у шкалах банахавых прастор (П.​П.​Забрэйка, В.​І.​Назараў, Я.​В.​Радына); для шырокага класа дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў у гільбертавай прасторы метадам энергетычных няроўнасцей даказана іх карэктная вырашальнасць (М.​І.​Брыш, В.​І.​Карзюк, Я.​В.​Радына, У.​І.​Часалін, М.​І.​Юрчук і інш.). У тэорыі аператарных алгебраў распрацаваны новы кірунак, арыентаваны на дастасаванне да новых класаў функцыянальна-псеўдадыферэнцыяльных ураўненняў (А.​Б.​Антаневіч, М.​В.​Белавусаў, А.​У.​Лебедзеў); тэорыя інтэградыферэнцыяльных аператараў і адпаведнасцей (Ю.​А.​Быкадораў, Г.​М.​Кабак, Ю.​К.​Ландо); пабудаваны інварыянтныя меры па тапалагічных падгрупах (У.​У.​Мухін) і функцыянальнае злічэнне генератараў аналітычных паўгруп (А.​Р.​Міроцін). У нелінейным аналізе распрацоўваецца тэорыя нерухомых пунктаў, вектар-функцый і інтэгральных ураўненняў (П.​П.​Забрэйка і яго вучні). У галіне абагульненых функцый распрацаваны новы кірунак у тэорыі мнемафункцый (нелінейных абагульненых функцый), прапанаваны агульны метад будавання алгебраў мнемафункцый (А.​Б.​Антаневіч, Я.​В.​Радына і іх вучні). Цыкл работ В.​І.​Карзюка, Я.​В.​Радыны, М.​І.​Юрчука адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1996.

Літ.:

Антоневич А.Б., Радыно Я.В. Функциональный анализ и интегральные уравнения. Мн., 1984.

Я.​В.​Радына.

т. 18, кн. 2, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)