ТЭОРЫЯ ФУНКЦЫЙ І ІНТЭГРАЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕННІ

Даследаванні па тэорыі функцый на Беларусі пачаліся ў даваенныя гады. У канцы 1930 — пач. 1940-х г. А.​Х.​Турэцкі апублікаваў цыкл работ па класічнай канструктыўнай тэорыі функцый і з 1944 у БДУ вёў інтэнсіўныя даследаванні па трыганаметрычнай апраксімацыі і інтэрпаляцыі розных класаў функцый. У далейшым гэты кірунак інтэнсіўна развіваўся (В.​М.​Русак, А.​А.​Пякарскі, Я.​А.​Роўба, А.​П.​Старавойтаў).

Істотная інтэнсіфікацыя даследаванняў па тэорыі функцый адбылася ў 2-й пал. 20 ст. і звязана з імем Ф.​Дз.​Гахава. Значнае развіццё атрымалі тэорыі краявых задач для аналіт. функцый, інтэгральных ураўненняў, інтэгральных пераўтварэнняў і дробавае злічэнне. Атрыманы шэраг важных вынікаў для краявых задач тэорыі аналіт. функцый з бясконцым індэксам (А.​Р.​Аляхно, С.​В.​Рагозін, М.​Э.​Талочка). Даследаваліся вектарна-матрычныя краявыя задачы (Н.​У.​Броўка, Л.​П.​Прымачук), краявыя задачы для поліаналітычных функцый (У.​А.​Габрыновіч, І.​А.​Сакалоў), шматмерныя краявыя задачы (І.​І.​Камяк, А.​Ц.​Ус). Развіта тэорыя нелінейных краявых задач і нелінейных сінгулярных інтэгральных ураўненняў (Ф.​Дз.​Гахаў, І.​І.​Камяк, Н.​А.​Рысюк), якая шырока выкарыстоўвалася пры даследаванні задач механікі (У.​В.​Міцюшаў, І.​А.​Прусаў, С.​В.​Рагозін).

З сярэдзіны 1970-х г. Э.​І.​Зваровічам даследавалася тэорыя аналіт. функцый на рыманавых паверхнях: вырашана ў замкнёнай форме задача лінейнага спалучэння на замкнёнай рыманавай паверхні, атрыманы новы метад рашэння класічнай праблемы абарачэння Якобі, канструктыўнае рашэнне праблемы пра глабальную уніфармізацыю і інш.; гэты кірунак развіваўся ў даследаваннях Т.​М.​Жаровінай, В.​А.​Кашэўскага, Г.​Г.​Чаеўскага і інш.

Кірункі развіцця тэорыі асаблівых інтэгральных ураўненняў: сінгулярныя інтэгральныя ўраўненні з ядром Кашы (Ф.​Дз.​Гахаў, А.​А.​Кілбас, А.​І.​Тузік, А.​П.​Шылін), інтэгральныя ўраўненні з бясконцым індэксам (А.​Р.​Аляхно, М.​В.​Дубатоўская), ураўненні тыпу згорткі (В.​І.​Азаматава, А.​І.​Тузік, А.​П.​Шылін), аднамерныя лінейныя ўраўненні 1-га і 2-га роду са слабымі асаблівасцямі (Ф.​Дз.​Гахаў, І.​Л.​Васільеў, А.​А.​Кілбас, Ф.​В.​Чумакоў), двухмерныя асаблівыя інтэгральныя ўраўненні (І.​І.​Камяк), шматмерныя інтэгральныя ўраўненні 1-га роду са слабымі асаблівасцямі (С.​І.​Васілец, А.​А.​Кілбас), нелінейныя інтэгральныя ўраўненні (А.​А.​Кілбас, С.​В.​Рагозін).

З пач. 1970-х г. па ініцыятыве Ф.​Дз.​Гахава пачаліся даследаванні інтэгральных пераўтварэнняў і спец. функцый і іх дастасаванняў (А.​А.​Кілбас, Ю.​Ф.​Лучко, А.​І.​Марычаў, С.​Б.​Якубовіч). Пабудавана тэорыя інтэгральных пераўтварэнняў са спец. функцыямі ў ядрах і атрыманы рашэнні ў замкнёнай форме новых класаў аднамерных і шматмерных інтэгральных ураўненняў са спец. функцыямі ў ядрах (А.​А.​Кілбас). Пад уплывам Ф.​Дз.​Гахава пачаў развівацца кірунак, звязаны з інтэграламі і вытворнымі дробавага парадку і іх дастасаваннямі (А.​П.​Грынько, А.​А.​Кілбас, А.​І.​Марычаў), што з’явілася асновай даследаванняў краявых задач для звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў і ўраўненняў у частковых вытворных, якія маюць вытворныя дробавага парадку (А.​А.​Кілбас); сістэматызаваны вынікі тэорыі дробавых вытворных і інтэгралаў і іх дастасаванні да дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў (А.​А.​Кілбас, А.​І.​Марычаў, С.​Р.​Самко).

З пункту погляду функцыянальнага аналізу А.​Б.​Антаневічам і яго вучнямі (М.​В.​Белавусаў, В.​У.​Брэнер, А.​У.​Лебедзеў) даследаваліся розныя класы сінгулярных інтэгральных і функцыянальных ураўненняў. Прапанаваны прынцыпова новы падыход у тэорыі сінгулярных інтэгральных і функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненняў, заснаваны на вывучэнні спароджаных імі аператарных C​*-алгебраў (А.​Б.​Антаневіч). Пабудавана тэорыя, якая аб’яднала некалькі навук, кірункаў — тэорыю сінгулярных інтэгральных ураўненняў, ураўненні з аператарамі Цёпліца, дыскрэтныя аналагі інтэгральных ураўненняў, тэорыю дынамічных сістэм (А.​Б.​Антаневіч, А.​У.​Лебедзеў і інш.); атрыманы агульная схема пабудовы сімвала і формула для індэкса функцыянальна-дыферэнцыяльнага аператара, формула для спектральнага радыуса аператара ўзважанага зруху; умовы абарачальнасці функцыянальнага аператара ў тэрмінах гіпербалічнасці асацыіраванага лінейнага расшырэння; умовы нармальнай і фрэдгальмавай вырашальнасці нелакальных краявых задач і ўраўненняў з асцыліруючымі каэфіцыентамі.

Метадамі функцыянальнага аналізу П.​П.​Забрэйкам атрыманы істотныя вынікі па тэорыі лінейных і нелінейных інтэгральных ураўненняў, у т. л. аналагі класічных тэарэм Вальтэра і Фрэдгальма толькі пры дапушчэнні кампактнасці адпаведных інтэгральных аператараў. Пабудавана сістэматычная тэорыя ўраўненняў з частковымі інтэграламі, атрыманы важныя вынікі пра вырашальнасць нелінейных інтэгральных улучэнняў Гамерштэйна (П.​П.​Забрэйка разам з замежнымі вучонымі). Даследаваліся гранічныя ўласцівасці функцый многіх рэчаісных і камплексных пераменных, вызначаных на абласцях, межы якіх з’яўляюцца прасторамі аднароднага тыпу; найб. значныя вынікі адносяцца да аналагаў прастор Хардзі такіх функцый і краявых задач для ўраўненняў эліптычнага і парабалічнага тыпу ў ліпшыцавых абласцях (В.​Р.​Кротаў).

Літ.:

Антоневич А.Б. Линейные функциональные уравнения: операторный подход. Мн., 1988;

Antonevich A., Lebedev A. Functional differential equations: 1. C -theory. London; New York, 1994; Antonevich A., Belousov M., Lebedev A. Functional difïerential equations: 2. C​*-applications. Pt. 1—2. London; New York, 1998; Appell Ju., Kalitvin A S., Zabreiko P.P. Partial Integral Operators and Integro-Differential Equations. New York etc., 2000; Bonilla B., Kilbas A.A., Trujill s T.J. Càlculo Fraccionario y Ecuaciones Differenciales Fraccionaries. Madrid, 2003; Гахов Ф.Д. Краевые задачи. М., 1977; Гахов Ф.Д., Черский Ю.И. Уравнения типа свертки. М., 1978; Забрейко П.П. C-теория линейных интегральных уравнений Фредгольма второго рода // Вестн. БГУ. Сер. 1. 1991. Вып. 3; Яго ж. L2-теория линейных интегральных уравнений Фредгольма второго рода // Дифференциальные уравнения. 1995. Т. 31, №9; Kilbas A.A., Saigo M. H-Transforms. Theory and Applications. Boca Raton, 2004; Kilbas A.A., Trujills T.J. Differential equations of fractional order: methods, results and problems. Pt. 1—2 // Applicable Analysis. 2001—02. Vol. 78—81; Кротов В.Г. Касательное граничное поведение функций многих переменных // Матем. заметки. 2000. Т. 68, вып. 2; Маричев О.И. Метод вычисления интегралов от специальных функций. Мн., 1978; Mityushov V.V., Rogosin S.V. Constructive Methods for Linear and Nonlinear Boundary Problems for Analytic Functions. Boca Raton, 1999; Nguyen Thenh Hai, Yakubovich S.B. The double Mellin-Barnes integrals and their applications to convolution theory. Singapore etc., 1992; Прудников А.П., Брычков Ю.А., Маричев О.И. Интегралы и ряды. Ч. 1—3. М., 1981—86; Самко С.Г., Килбас А.А., Маричев О.И. Интегралы и производные дробного порядка и некоторые их приложения. Мн., 1987; Yakubovich S.B. Index transforms. Singapore etc., 1996; Yakubovich S.B., Luchko Yu.F. The hypergeometric approach to integral transforms and convolutions. Dordrecht etc., 1994.

П.​П.​Забрэйка.

т. 18, кн. 2, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)