ЛАНДШАФТАЗНАЎСТВА
Пачатак ландшафтным даследаванням на Беларусі паклаў А.А.Смоліч працай «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі» (1925). Паводле Смоліча, краявід уяўляе сабой генетычна абумоўлены комплекс, які на тэр. Беларусі ўтварыўся пад уплывам уздзеяння ледавікоў і талых вод, а таксама сучасных экзагенных працэсаў і асаблівасцей клімату. У гэтай трактоўцы тэрмін «краявід» па сваім змесце блізкі да тэрміна «ландшафт». Ён вылучыў на тэр. Беларусі краявіды канцавой марэны з падтыпамі азёрнай і ўзгоркавай марэны, доннай марэны, ярава-лагчынны, палескі. У 1930-я г. М.Ф.Бліадухо і А.М.Жырмунскі да гэтых краявідаў далучылі зандравы, друмлінавы, лёсавы, озавы. У 1950—60-я г. В.А.Дзяменцьеў вывучаў марфалагічную будову ландшафтаў, распрацаваў іх першую класіфікацыю і паклаў пачатак іх картаграфаванню. Ён сфарміраваў на геагр. факультэце БДУ навук. школу фундаментальных ландшафтных даследаванняў, якая існуе і ў наш час. Прадстаўнікі школы (Н.К.Кліцунова, Л.В.Логінава, Г.І.Марцінкевіч, Г.Т.Харанічава) у 1970-я г. ажыццявілі картаграфаванне прыродных ландшафтаў, распрацавалі іх шматступеньчатую класіфікацыю і выдалі каля 130 ландшафтных карт, у т. л. карту Беларусі, усіх яе абласцей і адміністрацыйных раёнаў. Картаграфічныя матэрыялы паслужылі асновай для распрацоўкі схемы ландшафтнага раянавання і выкарыстаны пры падрыхтоўцы манаграфіі «Ландшафты Беларусі» (пад рэд. Н.К.Кліцуновай, Г.І.Марцінкевіч), у якой прыведзена характарыстыка тыпалагічных і рэгіянальных ландшафтных комплексаў Беларусі. У 1980-я г. праведзены даследаванні прыродна-антрапагенных ландшафтаў, вылучаны іх класы, падкласы, роды, складзена дробнамаштабная карта. У БДУ вядуцца прыкладныя ландшафтныя даследаванні — ландшафтна-рэкрэацыйныя, аграландшафтныя, ландшафтна-геахімічныя, з 2000 — па ацэнцы ландшафтнай разнастайнасці, што мае вялікае значэнне для рацыянальнага прыродакарыстання, у т. л. арганізацыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, рэкрэацыйных зон, аграландшафтаў.
Прыкладныя ландшафтна-экалагічныя даследаванні вядуцца і ў ІП ВПРЭ Нац. АН Беларусі. Выканана картаграфаванне элементарных ландшафтаў, распрацавана ацэнка іх рэакцыі на рознафактарнае тэхнагеннае ўздзеянне, вызначана іх прыдатнасць для эколага-бяспечнага размяшчэння народнагаспадарчых аб’ектаў (А.А.Хоміч, В.С.Хоміч). Вывучаюцца заканамернасці фарміравання і функцыянавання урбанізаваных ландшафтаў, іх устойлівасць да забруджвання навакольнага асяроддзя і тэхнагенных нагрузак (С.В.Какарэка, Т.М.Кухарчык, В.С.Хоміч), геахімічны стан (В.Б.Кадацкі). Праведзены даследаванні па ацэнцы антрапагеннага ўздзеяння на прыродныя і гар. геасістэмы (Р.І.Сачок, В.В.Каляда).
Літ.:
Дементьев В.А., Марцинкевич Г.И. Ландшафты северной и средней Белоруссии: Опыт классификации. Мн., 1968;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86;
Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989.
Г.І.Марцінкевіч.
т. 18, кн. 2, с. 550