ФІЗІЯЛОГІЯ ЧАЛАВЕКА І ЖЫВЁЛ

Станаўленне фізіялогіі як навукі на Беларусі пачалося з адкрыцця ў БДУ у 1921 кафедры нармальнай фізіялогіі, якую ўзначальваў Л.​П.​Розанаў (стажыраваўся ў І.​П.​Паўлава, з 1930 заг. кафедры ў Мінскім мед. ін-це). Даследавалася дзейнасць страўнікавых і падстраўнікавых залоз, роля жоўці ў страваванні бялкоў вітамінаў у арганізме. Яго вучань Р.​А.​Фешчанка — першы ў БССР прафесар фізіялогіі, з 1936 заг. адпаведнай кафедры ў Віцебскім мед. ін-це. У 1935—41 кафедру фізіялогіі ў БДУ узначальваў І.​А.​Вятохін, які вывучаў дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы. У Ін-це тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН Беларусі (у 1940—41 і 1944—52 дырэктар С.​М.​Мялкіх) даследаваліся маторная і сенсарная хранаксія ў неўралагічных хворых (Д.​А.​Маркаў), стан сінаптычнага апарату ў хворых з парушэннямі нервовай сістэмы (М.​І.​Грашчанкаў), наступствы выключэння знешніх аналізатараў на функцыянальна-біяхім. статус арганізма жывёл (А.​Ю.​Бранавіцкі, Л.​С.​Чаркасава).

У 1953 арганізаваны Ін-т фізіялогіі АН Беларусі (дырэктары І.​А.​Булыгін, з 1984 В.​М.​Гурын), дзе вывучаліся роля інтэрацэптыўных рэфлексаў у дзейнасці арганізма (І.​А.​Булыгін з супрацоўнікамі), праблемы гравітацыйнай біялогіі і авіякасмічнай медыцыны (А.​С.​Дзмітрыеў з супрацоўнікамі), патафізіялогія нервовай сістэмы на мадэлі эксперыментальнага алергічнага энцэфаламіэліту (Д.​А.​Маркаў з супрацоўнікамі), тэхналогія атрымання і біялогія фактару росту нерваў (У.​М.​Калюноў з супрацоўнікамі), праблемы вышэйшай нервовай дзейнасці (М.​С.​Калеснікаў з супрацоўнікамі), уплыў малых доз іанізавальнай радыяцыі на вугляводна-энергетычны і бялковы абмен у ц. н. с. і інш. органах (Л.​С.​Чаркасава з супрацоўнікамі), сувязі органаў брушной і тазавай поласцей з ядрамі прадаўгаватага мозга (У.​У.​Салтанаў з супрацоўнікамі), роля кампенсатарных рэакцый сэрца пры эксперыментальным інфаркце міякарда (А.​Ю.​Бранавіцкі з супрацоўнікамі), значэнне «перыферычных мышачных сэрцаў» у кровазвароце (М.​І.​Арынчын з супрацоўнікамі). За шэраг манаграфій І.​А.​Булыгіну прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1972, за цыкл прац «Новыя прынцыпы будовы вегетатыўных гангліяў» — Дзярж. прэмія СССР 1978. За працы па патагенетычнай і аднаўленчай тэрапіі Д.​А.​Маркаў адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1974. З 1980-х г. у ін-це ў даследаванні ўключаны праблемы тэрмарэгуляцыі. Вывучаюцца тэрмадэтэктарныя нейроны, прадукцыя ІЛ-1, удзел монааксіду азоту ў цэнтр. механізмах тэрмастабілізацыі (В.​М.​Гурын з супрацоўнікамі), праблемы субфібрылітэту (І.​М.​Семяненя з супрацоўнікамі), цэнтр. і перыферычныя механізмы тэмпературных і ноцыцэптыўных адказаў арганізма на ўздзеянне эндатаксінаў (У.​А.​Кульчыцкі з супрацоўнікамі), фізіялагічныя механізмы жыццядзейнасці ва ўмовах комплекснага ўздзеяння фіз. і хім. фактараў навакольнага асяроддзя (П.​П.​Мурзёнак з супрацоўнікамі), рэгуляцыя сістэмы плазмінаген—плазмін і яе роля ў жыццядзейнасці нервовых клетак (В.​М.​Нікандраў з супрацоўнікамі), праблемы эколага-фізіялагічнага маніторынгу (У.​А.​Мацюхін), нейратрансплантацыі і аднаўленчай нейрахірургіі (В.​Ф.​Аляшкевіч з супрацоўнікамі), раку шчытападобнай залозы (Я.​П.​Дзямідчык з супрацоўнікамі). За цыкл прац «Механізмы тэрмарэгуляцыі ў норме і паталогіі» В.​М.​Гурыну прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Праблемы ўзроставай фізіялогіі даследаваліся ў Сектары геранталогіі АН Беларусі (1958—87), які ўзначальвалі М.​І.​Арынчын, Г.​Р.​Гацко, В.​А.​Лявонаў.

Супрацоўнікі кафедры фізіялогіі БДУ зрабілі ўклад у даследаванні па фізіялогіі нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм (заг. Г.​С.​Юньеў), структурна-функцыянальнай арганізацыі вегетатыўных гангліяў (заг. У.​М.​Калюноў), гіпаксіі тканак (заг. Я.​Ф.​Лунец), электрафізіялогіі міякарда (заг. У.​Т.​Шалатонін), тэрмафізіялогіі і механізмаў гарачкавых станаў (заг. В.​М.​Гурын).

У Бел. мед. ун-це вывучаліся функцыі вегетатыўных гангліяў (заг. І.​А.​Булыгін), фізіялогія маторнага апарату (заг. А.​І.​Нікалаева), нейрагумаральныя механізмы інтэрацэптыўных рэфлексаў (заг. А.​А.​Логінаў), тэрмастабілізацыя і абмен складаных ліпідаў (заг. В.​М.​Гурын), механізмы тэрмарэгуляцыі (заг. А.​І.​Кубарка).

У Гродзенскім мед. ун-це распрацаваны метад ангіятэнзіятамаграфіі, які выкарыстоўваецца ў навук. і лячэбна-дыягнастычнай практыцы; сфармулявана палажэнне пра 3 тыпы (сардэчны, сасудзісты і прамежкавы) самарэгуляцыі кровазвароту (М.​І.​Арынчын); даследавана рэгуляцыя сардэчнага рытму на ранніх этапах постнатальнага развіцця (І.​К.​Жмакін), заканамернасці фарміравання патрэбы арганізма ў кіслародзе (М.​У.​Барысюк), механізмы падтрымкі прааксідантна-антыаксідантнай раўнавагі арганізма пры гарачцы і гіпертэрміі (В.​У.​Зінчук).

У Гродзенскім ун-це вывучаецца ўплыў лазернага выпрамянення на чалавека і жывёл (К.​А.​Мандрык), у Віцебскім мед. ін-це — праблемы рэгуляцыі сардэчна-сасудзістай сістэмы (Э.​І.​Аляксенцава, А.​П.​Бажко, І.​Е.​Гарадзецкая, Г.​М.​Прус, А.​П.​Саладкоў), у Гомельскім ун-це і мед. ін-це (заг. кафедры А.​І.​Кіеня) — стан дзяцей і падлеткаў, што жывуць на тэр., забруджанай радыенуклідамі, у Брэсцкім пед. ін-це (заг. М.​К.​Саванеўскі) — працэсы адаптацыі да разумовых і фізічных нагрузак, у Магілёўскім ун-це (заг. А.​М.​Карабанаў) распрацоўваюць рэжымы разумовай і фізічнай дзейнасці ў розныя ўзроставыя перыяды. На кафедры фізіялогіі і біяхіміі Бел. ун-та фіз. культуры (засн. ў 1937, яе ўзначальвалі К.​А.​Батурын, А.​П.​Кесарава, А.​А.​Логінаў, С.​П.​Сарычаў, цяпер — А.​А.​Сёмкін) даследуюцца функцыянальна-біяхімічныя асновы адаптацыі спартсменаў да фізічных нагрузак. Праблемы фізіялогіі с.-г. жывёл вывучаюцца ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, БСГА, Гродзенскім аграрным і Гомельскім ун-тах (М.​Б.​Барысаў, В.​К.​Гусакоў, В.​В.​Малашка, Г.​П.​Мялехін, А.​І.​Новік, В.​К.​Песціс, А.​С.​Санацкі, А.​А.​Ткачоў і інш.).

Літ.:

Академия наук Белорусской ССР. Мн., 1979;

Основы физиологии человека. Т. 1—2. СПб., 1994;

70 лет Национальной Академии наук Беларуси. Мн., 2000;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

У.​М.​Калюноў.

т. 18, кн. 2, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)