ЭСТЭТЫКА

Эстэтычная думка на Беларусі развівалася з часоў сярэдневякоўя. Свае эстэтычныя ўяўленні, цесна звязаныя з язычніцкімі вераваннямі, абрадамі і рытуаламі, мелі крывічы-палачане, дрыгавічы і радзімічы. З прыняццем хрысціянства дамінуючай стала хрысц. эстэтыка, якая своеасабліва спалучалася з нар. і свецкай эстэтыкай, з адметным уплывам візантыйскай культуры. Эстэт. паняцці «краса», «прыгажосць», «аздабленне» і інш. сустракаюцца ў творах Кірылы Тураўскага, які бачыў ідэал прыгажосці ў боскім пачатку, а вышэйшым упрыгажэннем чалавека лічыў маральнасць, дабрадзейнае жыццё. У 15—16 ст. эстэтыка мела прыкметы рэнесансавай культуры, арыентаванай на катэгорыю прыгожага, гармонію прыроды і чалавека, асобы і грамадства, духоўнай універсальнай і нац. самабытнасці; яна адлюстроўвалася ў розных відах мастацтва, асабліва ў дойлідстве (храмы абарончага тыпу ў Сынковічах і Маламажэйкаве, замак-палац у Міры). Элементы эстэтыкі сустракаюцца ў перакладных аповесцях, у мемуарнай («Баркулабаўскі летапіс») і маст. літаратуры, у творах М.​Гусоўскага, у публіцыстыцы С.​Буднага, В.​Цяпінскага, братоў С. і Л. Зізаніяў. Эстэтычнае пранізвае філас. адносіны Ф.​Скарыны да свету з пэўнай мерай дабра і красы, праяўляецца ў яго светапоглядзе, паліграфічным мастацтве, у дасканалым маст. гусце гравюр, у яго лексіцы, багата аздобленай эстэт. тэрміналогіяй. У эстэт. дактрынах на Беларусі ў 17—18 ст. знайшлі своеасаблівае выражэнне сістэмы поглядаў, прынятых у межах культуры барока і класіцызму. Сімяон Полацкі распрацаваў сістэму каштоўнасцей у разуменні прыгожага: вышэйшыя яе ступені цесна звязаны з боскім пачаткам, але прырода і чалавек пазнаюцца пры дапамозе органаў пачуццяў. Прадстаўнік бел. барока ў эстэтыцы М.​Сарбеўскі зыходзіў з таго, што на вышэйшых ступенях іерархічнай маст. лесвіцы размяшчаюцца «славесныя мастацтвы»: паэзія, рыторыка, гісторыя. Асн. кірункам эстэтыкі і маст. культуры 18—1-й пал. 19 ст. быў класіцызм, які суіснаваў з такімі плынямі, як барока, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм (А.​Доўгірд, Л.​Бароўскі, І.​Капіевіч). У сваіх эстэтычных поглядах В.​Дунін-Марцінкевіч зыходзіў з ідэала як асн. катэгорыі, а гал. крытэрыем дасканалага лічыў гармонію. У К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, А.​Гурыновіча эстэт. ідэал супадаў з сац.-паліт. і маральным, а гал. праблемай эстэтыкі лічылася стварэнне нац. мастацтва (на аснове нац. мовы), сцвярджэнне прынцыпу праўды, ісціны, дабра і прыгажосці. Сваёй вяршыні дэмакр. эстэтыка Беларусі дасягнула ў 1905—17 у творчасці класікаў бел. літаратуры Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, М.​Багдановіча, асаблівую ролю ў яе станаўленні адыграла публіцыстыка «Нашай Нівы» і інш. У савецкі час працэс развіцця эстэтыкі на Беларусі ішоў гал. чынам у рэчышчы марксісцкай філас.-эстэт. думкі. У 1918—20-я г. на яго значна паўплывалі левыя эстэт. кірункі — футурызм, кубізм, супрэматызм. Апошнюю дактрыну распрацоўваў К.​Малевіч, у цэнтры якой было сцвярджэнне новага мастацтва, «стварэнне утылітарных форм свету рэчаў». Узнікла нацыянал-камуніст. плынь у эстэтыцы (літ.-маст. аб’яднанні «Маладняк» і «Полымя») і спецыфічна бел. авангардызм—аквітызм (літ.-маст. згуртаванне «Узвышша»). Апублікаваны працы «Пра прыроду эстэтычнай думкі» Я.​І.​Барычэўскага (1923), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва». М.​М.​Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Эстэтычныя асновы савецкай літаратуры» І.​В.​Гутарава (1950) і інш.

З 1960-х г. у галіне эстэтыкі працягвалася вывучэнне праблем агульнага мастацтвазнаўства і крытыкі (А.​Б.​Ладыгіна, В.​В.​Грынін, В.​І.​Старавойтаў), гісторыі і тэорыі эстэтыкі як спецыфічнай навук. дысцыпліны (У.​М.​Конан, Э.​К.​Дарашэвіч, А.​С.​Майхровіч і інш.), тэхн. эстэтыкі і тэорыі дызайну (І.​Герасіменка, І.​Селязнёў, Г.​Сытэнка, А.​Чарнышоў), дыялектыкі пераемнасці і маст. ўвасаблення прыгожага (Л.​А.​Гуцаленка, Э.​В.​Шыкунова), эстэт. засваення рэчаіснасці і ўздзеяння мастацтва на грамадства (П.​К.​Астроўскі, А.​С.​Майхровіч, В.​А.​Салееў і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне для актывізацыі даследаванняў у галіне эстэтыкі мелі манаграфіі М.​І.​Крукоўскага «Логіка прыгажосці» (1965), «Асноўныя эстэтычныя катэгорыі: Спроба сістэматызацыі» (1974) і «Кібернетыка і законы прыгажосці» (1977), В.​А.​Салеева «Мастацтва і яго ацэнка» (1977). Апубл. працы па гісторыі айч. эстэтыкі: «Дэмакратычная эстэтыка Беларусі (1905—17)» (1971) і «Ад Рэнесансу да класіцызму: Станаўленне эстэтычнай думкі Беларусі ў XVI—XVIII ст.» (1978) У.​М.​Конана, «Эстэтычныя погляды Я.​Коласа» А.​С.​Майхровіча (1970), «Нарыс гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі» Э.​К.​Дарашэвіча і У.​М.​Конана (1972), «Сучасная эстэтыка Беларусі» В.​А.​Салеева і інш. У 1975 выдадзены навуч. дапаможнік «Марксісцка-ленінская эстэтыка. Хрэстаматыя». У 1983 выйшла з друку фундаментальная праца М.​І.​Крукоўскага «Homo pulcher — Чалавек прыгожы», у якой упершыню прапаноўваліся ацэнкі чалавека з пункту гледжання эстэтыкі. Працягвалася вывучэнне праблем маст.-эстэт. культуры ў дынаміцы сац. засваення (У.​А.​Скараходаў, Ю.​А.​Гусеў), узаемаадносін нац. самасвядомасці і маст. культуры, этнапедагогікі і эстэт. развіцця асобы (У.​М.​Конан, В.​А.​Салееў, А.​У.​Івашкевіч), культуралагічнага зместу феномена прыгажосці, мадыфікацыі яго форм у еўрап. і сусв. культуры ( У.​Ф.​Мартынаў) і інш. У 1990 адбыўся рэсп. з’езд эстэтыкаў, засн. Бел. эстэт. асацыяцыя. У 2003 выдадзены навучальны дапаможнік «Эстэтыка» У.​Ф.​Мартынава.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. Мн., 1972;

Майхрович А.С. Об эстетическом освоении действительности. Мн., 1973;

Шикунова Э.В. Эстетические потребности и художественная культура. Мн., 1986;

Эстетическое воспитание молодежи: проблемы и опыт. Мн., 1986;

Салееў В.А. Эстэтычнае выхаванне ў сучаснай беларускай культуры. Мн., 1993;

Скараходаў У. Мастацкая культура ў дынаміцы сацыяльнага засваення Мн., 1994;

Социокультурные и эстетические основы творчества детей и подростков. Мн., 1998;

Мартынов В.Ф. Философия красоты. Мн., 1999;

Чернышева А.В. Формальная композиция. Творческий практикум по основам дизайна. Мн., 1999.

В.​А.​Салееў.

т. 18, кн. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)