АКУШЭРСТВА І ГІНЕКАЛОГІЯ

Навук. акушэрства і гінекалогія на Беларусі пачалі развівацца з часу заснавання Гродзенскай мед. акадэміі (1775—81). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі акушэрства і гінекалогія набылі рысы дзярж. мед. сістэмы. У 2-й пал. 18—19 ст. ступень доктара медыцыны па акушэрстве і гінекалогіі мелі бел. ўрачы М.​Гарадзецкі, К.​Гарэльчанка, В.​Грабавецкі, Б.​А.​Кадыгробаў, І.​П.​Надпарожскі, С.​Прабароўскі, А.​А.​Сіцынскі. Д-р медыцыны К.​І.​Стржалка (Слуцк) распрацаваў аперацыю эмбрыяспандылатаміі (1863), С.​К.​Свянціцкі (Мінск) рабіў пластычныя аперацыі пры пузырна-пахвінных свішчах (1883). Сістэматычныя даследаванні і падрыхтоўка практычных кадраў па акушэрстве і гінекалогіі праводзяцца з часу заснавання ў 1923 мед. факультэта БДУ (першы заг. кафедры М.​Л.​Выдрын). У 1931 заснаваны Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (дырэктары Г.​А.​Калюжын, А.​К.​Усціновіч, Г.​А.​Шышко), у 1932 — Бел. мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі, у 1934 — Віцебскі мед. інстытут (першы заг. кафедры Г.​Я.​Гофман). З 1958 пытанні акушэрства і гінекалогіі даследуюцца ў Гродзенскім, з 1990 — і ў Гомельскім мед. універсітэтах.

У 1920—40-я г. бел. вучоныя распрацоўвалі пытанні арганізацыі акушэрска-гінекалагічнай дапамогі, прапанавалі і ўкаранілі ў практыку спосабы догляду пупавіннага астатку нованароджаных (Выдрын, І.​М.​Старавойтаў), назапашвання, кансервавання, фракцыйнага пералівання плацэнтарнай крыві (Л.​І.​Кантаровіч, Л.​І.​Рахманчык), кольпацыталогіі ў акушэрстве і гінекалогіі (Г.​Л.​Дазорцава), распрацавалі і палепшылі методыкі шэрагу гінекалагічных аперацый (Я.​У.​Клумаў). Навук. працы 1945—60 прысвечаны пераважна вядзенню ўскладненых родаў, папярэджанню мёртванароджанасці і мацярынскай смяротнасці, прафілактыцы і лячэнню крывацёку пры родах, вывучэнню пасляродавых септычных хвароб. Бел. акушэры-гінеколагі абгрунтавалі і ўкаранілі ў практыку спосабы ажыўлення ўяўнапамерлых нованароджаных (І.​С.​Лягенчанка, Л.​С.​Персіянінаў), распрацавалі метад прафілактыкі і лячэння тэрмінальнага стану парадзіх уліваннем крыві ўнутр. артэрый, пытанні этыялогіі, патагенезу разрываў маткі, таксікозаў цяжарнасці і іх патагенетычнай тэрапіі з ужываннем аміназіну (В.​Ц.​Камінская, Персіянінаў). Прапанавалі і ўкаранілі ў практыку спосаб прафілактыкі бленарэі нованароджаных, распрацавалі прафілактыку кровазліцця ў мозг нованароджаных, лячэнне перадракавага стану шыйкі маткі, вядзенне родаў пры вузкім тазе (Гофман, М.​Ф.​Лызікаў). Удакладнены прычыны позняй асфіксіі плода, узроставай марфалогіі і інервацыі мяккай мазгавой абалонкі, лячэнне дысфункцыянальнага матачнага крывацёку (Лягенчанка, П.​М.​Сяржанін).

З 1960-х г. бел. акушэры-гінеколагі даследавалі праблемы антэнатальнай аховы плода, прафілактыкі перынатальнай паталогіі. Вывучалі прыроджаныя заганы развіцця, інфіцыраваныя выкідышы, невыношванне цяжарнасці пры сардэчна-сасудзістых хваробах і таксікозах, дыягностыку і лячэнне злаякасных пухлін; распрацоўвалі мерапрыемствы па зніжэнні захворванняў жанчын на прамысл. прадпрыемствах (З.​А.​Азёрная, В.​С.​Ракуць). Даследавалі асаблівасці родаў пры несвоечасовым выцяканні каляплодных вод, значэнне кортыкастэроідных гармонаў, ультрагуку ў лячэнні гінекалагічных хвароб, мікраэлементаў у паталогіі цяжарнасці (В.​В.​Асадчая, Г.​І.​Герасімовіч, Лызікаў). Вывучалі інервацыю жаночых палавых органаў (В.​Р.​Лінкевіч). Распрацавана і ўкаранёна ў практыку тэхніка хірургічных аперацый гнойных хвароб у гінекалогіі (Старавойтаў), метад люмінесцэнтнай цытадыягностыкі пухлін (І.​А.​Макарэнка). У апошнія дзесяцігоддзі вывучаюцца фізіялогія і паталогія скарачальнай дзейнасці маткі (К.​І.​Малевіч, У.​І.​Дуда, В.​Л.​Васкрасенкі), дыягностыка і лячэнне запаленчых захворванняў (М.​С.​Занько, Г.​А.​Лукашэвіч), генітальна-герпетычная інфекцыя (І.​М.​Арэстава, А.​І.​Браноўская, Ю.​К.​Малевіч). Сфарміравана новая канцэпцыя аб праблеме генітальнага эндаметрыёзу (Т.​С.​Дзівакова, В.​А.​Перасада, Л.​Я.​Радзецкая, Л.​Я.​Супрун). Атрыманы новыя ўяўленні аб дыягностыцы і лячэнні дзіцячай і падлеткавай гінекалагічнай паталогіі (Н.​П.​Жукава, Л.​Ф.​Мажэйка), паталогіі шыйкі маткі (П.​С.​Русакевіч), вядзенні рознай акушэрскай паталогіі (В.​М.​Харкевіч), лячэнні бясплоднасці (С.​І.​Міхалевіч).

Ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак у сучаснай медыцыне Беларусі. Па якасных паказчыках гэты кірунак дзейнасці знаходзіцца на ўзроўні большасці краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Гэта абумоўлена і мэтанакіраванай працай урада, навук. работнікаў і практычных урачоў. На пач. 2004 на Беларусі працавала больш за 2500 урачоў акушэраў-гінеколагаў, у т. л. каля 80 кандыдатаў і дактароў мед. навук.

Літ.:

Малевич К.И., Герасимович Г.И., Русакевич П.С. Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992;

Дуда И.В., Дуда В.И. Клиническое акушерство. Мн., 1997;

Русакевич П.С. Фоновые и предраковые заболевания шейки матки. Мн., 1998;

Зенько С.Н., Стебунов С.С. Безопасная лапороскопия. Мн., 2000;

Пересада О.А. Клиника, диагностика и лечение эндометриоза. Мн., 2001;

Справочник врача женской консультации. Мн., 2001;

Харкевич О.Н. Совершенствование медицинской помощи беременным женщинам Мн., 2001;

Можейко Л.Ф. Становление репродуктивной системы у девочек-подростков и коррекции ее нарушений. Мн., 2002.

І.​М.​Старавойтаў, Ю.​К.​Малевіч.

т. 18, кн. 2, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)