Першыя на Беларусі даследаванні па неўралогіі праведзены М.Б.Кролем, які ў 1923 узначальваў кафедру нервовых хвароб пры мед. факультэце БДУ і створаны ў 1924 Бел.ін-т фізіятэрапіі (цяпер НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі). Вучні Кроля (І.А.Бейлін, Д.А.Маркаў, Г.С.Марголін, І.Л.Саснавік, М.А.Хазанаў) зрабілі значны ўклад у неўралагічную навуку. У 1930-я г. даследаваліся этыялогія і тапічная дыягностыка захворванняў нервовай сістэмы, лакалізацыя функцый у кары галаўнога мозга, нейрасіфіліс, эпідэмічны энцэфаліт. Маркаў прапанаваў праводзіць дыягностыку захворванняў нервовай сістэмы шляхам хронакасіметрыі і ўпершыню ў 1941 апісаў клешчавы энцэфаліт на Беларусі.
У пасляваенны час вывучаліся прычыны ўзнікнення, механізмы развіцця, дыягностыка, лячэнне і прафілактыка рассеянага склерозу і інш. дэміэлінізавальных захворванняў нервовай сістэмы (Х.Л.Бельман, Я.Я.Гардзееў, М.М.Корын, А.Л.Леановіч, Маркаў, Г.К.Недзьведзь, А.М.Філіповіч), нейраінфекцый і поліяміэліту (В.І.Вацякоў, І.І.Протас, Э.У.Фельдман, Хазанаў), клешчавога і герпетычнага энцэфалітаў (Вацякоў, Протас), сасудзістых захворванняў нервовай сістэмы (І.П.Антонаў, С.Дзм.Бяздуцік, Л.С.Гіткіна, В.У.Еўсцігнееў, А.М.Мацеша, У.І.Савіч, А.Я.Сямак, В.Б.Шалькевіч). Упершыню ў СССР былі прапанаваны новыя метады дыягностыкі і хірургічнага лячэння анеўрызм сасудаў галаўнога мозга (Ф.В.Аляшкевіч, Э.І.Злотнік, А.Ф.Смеяновіч). Распрацавана аўтаімунная канцэпцыя астэахандрозу пазваночніка і яго клінічных праяў (Антонаў, Б.У.Дрывоцінаў), прапанаваны новыя спосабы дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі вертэбрагенных і інш. захворванняў перыферычнай нервовай сістэмы (Антонаў, Дрывоцінаў, В.Я.Латышава, Я.А.Луп’ян, Недзьведзь, У.У.Панамароў, М.Ф.Філіповіч), цыстыцэркозу галаўнога мозга (Антонаў), эпілепсіі (Маркаў, Г.Г.Шанько), міястэніі (А.М.Панамарова). Апісана новая форма спадчыннай паталогіі, якая праяўляецца парушэннем росту валасоў і пазногцяў (С.В.Хадасоўская). Вывучаны характар вестыбулярных парушэнняў пры рознай неўралагічнай паталогіі (С.А.Ліхачоў, І.А.Склют), клінічныя праявы нейраартапедычных і нейраэндакрынных расстройстваў (Дрывоцінаў, М.З.Клябанаў, А.У.Руцкі, Шанько), распрацавана кібернетычная сістэма дыягностыкі і прагназіравання найб. пашыраных захворванняў нервовай сістэмы (Дрывоцінаў, М.С.Місюк, Сямак) і інш. Пад кіраўніцтвам Я.Ф.Лунца і Э.П.Цітаўца праведзена серыя эксперыментальных даследаванняў па вывучэнні патафізіялагічных і біяхімічных механізмаў гіпаксіі галаўнога мозга і інш. неўралагічных расстройстваў. Самастойнай галіной неўралогіі з’яўляецца дзіцячая неўралогія. Даследаванні па ёй праводзяцца з 1970. У 1980 заснавана кафедра дзіцячай неўралогіі пры Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (заг. Шанько). Станаўленню дзіцячай неўралогіі садзейнічалі М.А.Хазанаў і К.Г.Юрацкая. Даследуюцца асаблівасці клінікі, ранняй дыягностыкі і лячэння ў дзіцячым узросце эпілепсіі, гіперкінезаў, сасудзістых захворванняў мозга, хвароб перыферычнай нервовай сістэмы, паталогіі нервовай сістэмы ў нованароджаных. Праблемы неўралогіі разглядаюцца ў шэрагу манаграфій, навучальных і даведачных дапаможніках, у т. л. першых у СССР 3-томнай «Неўралогіі дзіцячага ўзросту» і «Энцыклапедыі дзіцячага неўролага» (пад рэдакцыяй Шанько). Асноўнымі навукова-практычнымі і навучальнымі ўстановамі па неўралогіі з’яўляюцца НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, кафедры неўралогіі ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Бел., Віцебскім, Гродзенскім мед. ун-тах і Гомельскім мед. ін-це.
Літ.:
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Гиперкинезы у детей. Мн., 1975;
Марков Д.А., Леонович А.Л. Рассеянный склероз. М., 1976;