ГЕАГРАФІЯ ГЛЕБ

Першыя абагульненыя звесткі пра геаграфію глеб Беларусі вядомы з пач. 19 ст. (працы М.​М.​Ачапоўскага). Геаграфія глеб у асноўным вызначаецца характарам рэльефу і клімату. Яе пытанні з 1840 вывучалі супрацоўнікі (А.​В.​Саветаў, І.​А.​Сцебут і інш.) Горы-Горацкай земляробчай школы (у 1848 пераўтворана ў земляробчы ін-т). Вывучэнне геаграфіі глеб Бел. Палесся актывізавалася ў час работы Зах. экспедыцыі І.​І.​Жылінскага (1873—98).

У пач. 20 ст. цэнтрам вывучэння геаграфіі глеб Беларусі стаў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, у якім у 1921 адкрыта кафедра глебазнаўства. У 1922—23 супрацоўнікі гэтай кафедры Я.​М.​Афанасьеў, П.​А.​Кучынскі, А.​Р.​Мядзведзеў, В.​І.​Пашын, Г.​У.​Пратасеня вывучалі глебы асобных раёнаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны. У 1923—24 даследаванні глеб Беларусі праводзілі супрацоўнікі Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі (Мінск): Г.​М.​Высоцкі, В.​Г.​Касаткін, П.​П.​Рагавой, С.​І.​Сакалоў і студэнты І.​С.​Лупіновіч, У.​М.​Пілько, І.​К.​Ярашэвіч. Па выніках іх працы В.​Г.​Касаткін склаў першую глебавую карту Мінскай губ. (6 паветаў) і напісаў нарыс «Пра глебы Беларусі». У 1927—28 вывучаліся глебы Віцебскай і Бабруйскай акруг (М.​П.​Булгакаў, А.​Р.​Мядзведзеў), Магілёўскай (П.​А.​Кучынскі), Мазырскай і Слуцкай (П.​П.​Рагавой) і інш.

У 1930-я г. геаграфію глеб Беларусі даследавалі М.​П.​Булгакаў, А.​Р.​Мядзведзеў, В.​І.​Пашын, В.​Н.​Чацверыкоў і інш. Абагульняльнай з’явілася навук. праца А.​Р.​Мядзведзева «Характарыстыка прыродна-гістарычных умоў Палескай глебавай правінцыі і Віцебска-Пскоўскай акругі Заходняй глебавай правінцыі» (1940). Цэнтрамі геагр. глебавых даследаванняў былі Ін-т аграглебазнаўства АН Беларусі (адкрыты ў 1931) і кафедра глебазнаўства БДУ (заснавана ў 1933). Вынікам глебава-геагр. даследаванняў 1930—40-х г. стала глебавая карта маштабу 1:1 200 000 (1949, пад рэд. І.​С.​Лупіновіча) і манаграфія «Глебы БССР» (1952, пад рэд. І.​С.​Лупіновіча і П.​П.​Рагавога).

У 1957 пачаліся буйнамаштабныя глебавыя даследаванні тэр. Беларусі. Кіравалі гэтымі работамі: М.​П.​Булгакаў, С.​К.​Вайцяховіч, В.​Ф.​Клебановіч, Г.​Ф.​Кулеш, Т.​А.​Раманава, І.​М.​Салавей, М.​І.​Смяян. Да 1964 завершаны першы тур буйнамаштабнага картаграфавання глеб, усе калгасы і саўгасы атрымалі глебавыя карты (1:10 000), пачалі складаць глебавыя карты раёнаў (1:50 000) і абласцей (1:200 000). Акрамя супрацоўнікаў Ін-та глебазнаўства і аграхіміі вывучэннем геаграфіі глеб Беларусі займаліся работнікі «Белдзіпралеса» (В.​І.​Блінцова, В.​І.​Герлах, А.​С.​Пухоўскі, Ф.​В.​Тарасевіч, А.​Р.​Штэйнбок і інш.).

Вынікам шматгадовых даследаванняў геаграфіі глеб сталі буйнамаштабныя глебавыя карты ўсіх гаспадарак і абагульняльная глебавая карта тэр. Беларусі (1:600 000, пад рэд. Т.​Н.​Кулакоўскай і П.​П.​Рагавога, 1974). Праведзена глебава-геагр. раянаванне тэр. Беларусі (Н.​І.​Салавей, М.​І.​Смяян), напісаны манаграфіі і падручнікі. У цяперашні час Беларусь мае найбольш поўную сярод краін СНД вывучанасць геаграфіі глеб як с.-г., так і лясных тэрыторый.

Каардынатарам работ па вывучэнні геаграфіі глеб Беларусі з’яўляецца НДІ глебазнаўства і аграхіміі АН Беларусі (Т.​А.​Раманава, М.​І.​Смяян і інш.). Вывучэннем глебавага покрыва займаюцца «Белдзіпразем» і яго абласныя філіялы, БСГА, кафедра глебазнаўства і н.-д. лабараторыя экалогіі ландшафтаў БДУ, «Белдзіпралес», «Белдзіправадгас».

Літ.:

Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;

Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;

Геаграфія глеб з асновамі глебазнаўства. Мн., 2000.

В.​С.​Аношка.

т. 18, кн. 2, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)