ІНЖЫНЕРНАЯ ГЕАЛОГІЯ
У 18 — пач. 20 ст. асноўным аб’ектам інжынерна-геалагічных вышуканняў на Беларусі было гідратэхнічнае і дарожнае буд-ва. У 1930-я г. навук. даследаванні пачалі праводзіцца ў 2 кірунках: па інж. геалогіі і грунтазнаўстве. Пераважалі якасная і эмпірычная ацэнкі ўласцівасцей грунтоў. Больш шырокае вывучэнне інж.-геал. умоў тэр. Беларусі пачалося ў 1960—70-я г. Уклад у развіццё інж. вышуканняў зрабілі І.А.Бусел, Г.А.Калпашнікаў, У.Р.Лабадзенка. У 1964 пры Дзяржбудзе БССР створаны Бел. дзярж. ін-т інж. вышуканняў, які праводзіў каардынацыю дзейнасці вышукальных арганізацый, адзіную тэхн. палітыку і стварэнне метадычнай асновы інж.-геал. вышуканняў. Сярод буйных аб’ектаў буд-ва, якія патрабавалі асаблівай увагі ў інж. вышуканнях і дасканалага вывучэння ўласцівасцей грунтоў — жылыя будынкі павышанай павярховасці, Вілейска-Мінская водная сістэма, Магілёўскае аб’яднанне штучнага валакна, нафтаперапрацоўчыя з-ды ў Наваполацку і Мазыры, Бел. металургічны з-д, Мінскі метрапалітэн, газаправод Ямал—Зах. Еўропа і інш. Для меліярацыі балот і забалочаных зямель праводзіліся інж.-геал. здымкі, спец. даследаванні на намыўных плошчах.
Паступова паляпшалася методыка даследаванняў, пачалі актыўна выкарыстоўваць палявыя метады вышуканняў (электраразведка, пенетрацыйна-каратажны комплекс, даследаванне грунтоў статычнымі нагрузкамі, зандзіраванне і інш.). Дасягнуты поспехі ў навук. даследаваннях фіз. і мех. уласцівасцей грунтоў Беларусі (марэнных, лёсападобных, флювіягляцыяльных, азёрна-ледавіковых) у Бел. дзярж. ін-це інж. вышуканняў, Бел. дарожным НДІ, Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це Рэсп. унітарнага прадпрыемства (РУП) «Белгеалогія», Бел. н.-д. ін-це буд-ва, БНТУ і інш. Вытв. арганізацыі РУП «Белгеалогія» з 1970-х г. на тэр. краіны для мэт меліярацыі праводзілі геолага-гідрагеал. і інж.-геал. здымкі маштабу 1:50 000, у працэсе якіх таксама вывучаліся грунты, праводзілася інж.-геал. раянаванне. У 1978 і 1992 выдадзены манаграфіі «Інжынерная геалогія СССР», якія абагульнілі навук. і практычныя дасягненні па інж.-геал. даследаваннях грунтоў і вопыту буд-ва ў складаных прыродных умовах.
З 1992 інж.-геал. даследаванні сталі праводзіцца на больш дасканалай нарматыўна-метадычнай аснове, якая ўключыла вопыт бел. і замежных даследчыкаў. Створана схема інж.-геал. раянавання Беларусі (Г.А.Калпашнікаў). Распрацавана фармальна-лагічная аснова і створана тыпалагічнае інж.-геал. раянаванне ледавіковых адкладаў Беларусі для мэт масавага буд-ва (І.А.Бусел). Укараняецца камп’ютэрызацыя інж. вышуканняў. Даследаваны прасторава-часавыя заканамернасці фарміравання, узаемасувязі і зменлівасці фіз.-мех. уласцівасцей грунтоў.
У 2-й пал. 20 ст. інжынерная геалогія набывае экалагічны кірунак і стварае новую галіну — інжынерную геаэкалогію, якая паступова ператвараецца ў геаэкалогію — міждысцыплінарную навуку, што вывучае нежывое (абіятычнае) рэчыва геасферных абалонак як кампанент навакольнага асяроддзя і мінеральную аснову біясферы; даследуе пераважна верхнюю частку літасферы і працэсы, што адбываюцца ў ёй пад уплывам прыродных і тэхнагенных фактараў. Асновай для фарміравання геакалогіі сталі інжынерная геалогія, гідрагеалогія, геахімія, геалогія, геафізіка і інш.
Літ.:
Макарочкин М.Ф., Шарай В.Н., Ловыгин Н.И. Состав и строительные свойства лессовидных грунтов БССР. Мн., 1959;
Винокуров Е.Ф. Моренные грунты как основания сооружений. Мн., 1968;
Бусел И.А. Прогнозирование строительных свойств грунтов. Мн., 1989.
І.А.Бусел.
т. 18, кн. 2, с. 559