ЭТЫКА

Пачаткі этычнага светапогляду на Беларусі складваліся на аснове язычніцкіх культаў, а яго станаўленне пачалося з прыняццем хрысціянства ў 11—12 ст. Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі і інш. крыніцай маралі прапаноўвалі біблейскія запаветы ўсеагульнай любові і дабра, асуджалі грэшнасць і раз’яднанасць свецкага жыцця, супрацьпастаўлялі ім духоўныя ідэалы манаства. У 13—16 ст. этыка-філас. думка Беларусі адлюстроўвала актуальныя ў тыя эпохі тэндэнцыі развіцця заходнееўрап. культуры, у прыватнасці гуманіст. ідэі пратэстантызму і Адраджэння. Ф.​Скарына ў каментарыях да Бібліі, перакладзенай ім на бел. мову, раскрываў яе маральна-этычны змест, М.​Гусоўскі распрацоўваў тэму адданасці радзіме і адказнасці за яе лёс, ідэю свабоднай, гарманічна развітой асобы; С.​Будны, В.​Цяпінскі і інш. абаранялі ідэі індывід. містычнага спасціжэння рэліг. тэкстаў, іх узнёслага маральнага сэнсу, распрацоўвалі асновы пратэстанцкай этыкі працы. У перыяд контррэфармацыі (16—17 ст.) на Беларусі ў езуіцкіх калегіумах і каталіцкіх ун-тах актыўна прапагандавалася рацыяналістычная спадчына этыкі сярэдневякоўя, распаўсюджвалася маральная філасофія Арыстоцеля і Фамы Аквінскага; М.​Лянчыцкі і Л.​Сапега абгрунтоўвалі маральныя каштоўнасці верацярпімасці і талерантнасці. Шырокую этыка-асветніцкую праграму ажыццяўлялі правасл. брацтвы. Сімяон Полацкі паэтычнымі сродкамі выкладаў маральна-этычныя прынцыпы праваслаўя. На мяжы 18—19 ст. на Беларусі з’явіліся этыка-натуралістычныя канцэпцыі, у якіх маральнасць асэнсоўвалася ў духу асветніцкіх тэорый натуральнага права, грамадскага дагавору, разумнага эгаізму і паказвалася неабходнасць усеагульнай свецкай адукацыі.

У 19 ст. прагрэс маралі ў Беларусі звязваўся з крытыкай прыгонніцтва і самадзяржаўя, з аб’ектыўнай патрэбнасцю аднаўлення нац. незалежнасці (філаматы, філарэты і інш.). Гэтыя ідэі знайшлі развіццё ў этыка-паліт. праграме К.​Каліноўскага, у рэвалюцыянераў-народнікаў М.​К.​Судзілоўскага, І.​Я.​Грынявіцкага. У канцы 19 — пач. 20 ст. этычныя матывы нац. самасвядомасці. адкрытасці бел. народа і яго культуры прысутнічалі ў творчасці М.​В.​Доўнар-Запольскага. Ф.​Багушэвіча, М.​Багдановіча, Цёткі, Я.​Купалы, Я.​Коласа. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 І.​У.​Канчэўскі і інш. тэарэтычна асэнсоўвалі маральныя аспекты адраджэння бел. дзяржаўнасці, гіст. лёс бел. этнасу і яго права на самаст. культ. і паліт. развіццё. У 1920—30-я г. вялося актыўнае вывучэнне гісторыі бел. нацыі і культуры, у прыватнасці этыка-філас. думкі (М.​Гарэцкі, У.​М.​Ігнатоўскі, У.​І.​Пічэта, М.​М.​Шчакаціхін), вяліся дыскусіі па пытаннях пераацэнкі маральных каштоўнасцей, станаўлення новай маралі (С.Я Вальфсон, С.​З.​Кацэнбоген, Б.​Э.​Быхоўскі). Далейшаму плённаму развіццю такіх даследаванняў перашкаджалі вульгарна-класавы падыход і рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якіх абвінавачвалі ў бурж. нацыяналізме.

Развіццё ўласна этычнай марксісцкай думкі ў БССР прыпадае на 1960-я г. У БДУ і Ін-це філасофіі і права АН Беларусі распачата падрыхтоўка філосафаў-этыкаў. Маральныя аспекты класавай барацьбы, будаўніцтва сацыялізму і камунізму як адзінага спосабу рэалізацыі гуманізму і сац. справядлівасці аналізаваліся і ацэньваліся бел. вучонымі з пазіцый марксізму-ленінізму. Выдадзены навуч. дапаможнік «Асновы марксісцка-ленінскай этыкі (кароткі курс этыкі)» пад рэд. І.​М.​Лушчыцкага (1965), калект. манаграфія «Актуальныя праблемы ідэйна-маральнага выхавання моладзі» (1967). У 1970—80-я г. асн. змест этычнай думкі Беларусі складала праблематыка камуніст. выхавання і адукацыі, маральнага фарміравання асобы ў перыяд развітога сацыялізму (Я.​М.​Бабосаў, С.​П.​Вінакурава, С.​Д.​Лапцёнак, П.​Н.​Савасцёнак, Я.​У.​Сажнеў і інш.). Па пытаннях камуніст. выхавання і маралі рэгулярна праводзіліся навук.-практ. канферэнцыі, выпускаліся калект. манаграфіі, зборнікі матэрыялаў: «Актуальныя праблемы ідэйна-маральнага выхавання моладзі» (1976), «Комплексны падыход да камуністычнага выхавання моладзі» (1981) і інш. Выдадзены падручнік «Асновы марксісцка-ленінскай этыкі» пад рэд. Я.​М.​Бабосава і С.​Д.​Лапцёнка (1974).

У 1980—90-я г. даследаваліся праблемы тэарэтычнай этыкі: метадалогія і гісторыя этычнай думкі (Я.​М.​Бабосаў, Т.​П.​Гараніна, І.​Л.​Зелянкова, Л.​І.​Нядзеля); тэарэтычныя праблемы сутнасці і зместу этычных прынцыпаў, норм і ідэалаў (Я.​М.​Бабосаў, А.​В.​Бяляева, І.​Л.​Зелянкова, Д.​У.​Лукіна, Л.​І.​Нядзеля, І.​Я.​Пісарэнка, П.​М.​Савасцёнак); вышэйшыя маральныя каштоўнасці, такія, як дабро, зло, справядлівасць (Я.​У.​Сажнеў); абавязак, годнасць, патрыятызм (П.​М.​Савасцёнак); свабода і адказнасць (М.​І.​Бароўскі, І.​Л.​Зелянкова, Я.​У.​Сажнеў); сэнс жыцця, сумленне, шчасце (І.​Л.​Зелянкова). Распрацоўваліся розныя аспекты тэорыі маральнай культуры асобы і грамадства (Я.​М.​Бабосаў, Н.​П.​Густоўская, А.​С.​Лапцёнак, С.​Д.​Лапцёнак, Д.​У.​Лукіна, Т.​В.​Мішаткіна, Л.​Ф.​Яўменаў і інш.), культуры шлюбна-сямейных адносін (С.​Д.​Лапцёнак, П.М Савасцёнак). Этычныя праблемы прафес., навук.-тэхн. творчай дзейнасці вывучалі С.​Д.​Лапцёнак, З.​І.​Пісарэнка, І.​Я.​Пісарэнка (пед. этыка), Т.​В.​Мішаткіна (этыка навук.-тэхн. творчасці інжынера, вучонага). Пасля распаду СССР у развіцці бел. этыкі вызначылася сітуацыя плюралізму, пераходу ад аўтарытарнай да гуманіст. этыкі. Аналізуюцца нац. асаблівасці маральнай самасвядомасці беларусаў, робяцца спробы па-новаму асэнсаваць фундаментальныя маральныя каштоўнасці, з’яўляюцца нетрадыцыйныя сістэмы абгрунтавання маралі і новыя падыходы да этыкі. Гэта выяўляецца ў пераходзе этыкі ад тэарэтычных да такіх прыкладных праблем, як этыка грамадзянскасці, міжасобасных і дзелавых зносін, экалаг. этыка, біяэтыка (Г.​В.​Бараздзіна, І.​Л.​Зелянкова, Т.​В.​Мішаткіна). Выдадзены розныя па змесце і методыцы навуч. дапаможнікі па агульнай і прыкладной этыцы (А.​У.​Бяляева, І.​Л.​Зелянкова, Т.​В.​Мішаткіна) і інш.

Літ.:

Боровский М.И. Нравственная свобода и ответственность личности. Мн., 1976;

Лаптенок С.Д. Нравственное развитие личности в семье. Мн., 1977;

Яго ж. Нравственная культура общества: преемственность и новации. Мн., 1999;

Савастенок П.Н. Морально-психологический климат трудового коллектива. Мн., 1979;

Сажнев Е.В. Добро и справедливость. Мн., 1984;

Бабосов Е.М. Нравственная культура личности. Мн., 1985;

Нацыянальная самасвядомасць і выхаванне моладзі. Мн., 1996;

Зеленкова И.Л. Основы этики. Мн., 1998;

Яе ж. Этика. Мн., 2004;

Мишаткина Т.В. Этика. Мн., 2003;

Яе ж. Педагогическая этика. Ростов н/Д, 2004.

Т.​В.​Мішаткіна.

т. 18, кн. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)