Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАРО́ПЕЦКА-ХО́ЛМСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

наступальная аперацыя сав. войск 3-й (ген.-лейт. М.​А.​Пуркаеў) і 4-й (ген.-палк. А.​І.​Яроменка) ударных армій Паўн.-Зах. (з 22 студз. ў складзе Калінінскага) фронту 9 студз. — 6 лютага, праведзеная на завяршальным этапе Маскоўскай бітвы 1941—42 у Вял. Айч. вайну. Сав. камандаванне ставіла задачу сіламі гэтых армій разграміць групоўку праціўніка на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр». 9 студз. сав. арміі перайшлі ў наступленне і прасунуліся на З на 25—30 км. У пач. лютага 3-я ўдарная армія выйшла на подступы да г. Вял. Лукі Пскоўскай вобл., 4-я ўдарная — да гарадоў Веліж і Дзямідаў Смаленскай вобл., а яе 249-я стралк. дывізія прарвалася да Віцебска. Ням. камандаванне перакінула на гэты напрамак 4 пях. дывізіі з Зах. Еўропы, таму сав. войскі перайшлі да абароны. У выніку Т.-Х.а. Чырв. Армія прасунулася да 250 км, абышла з ПнЗ ржэўска-вяземскую, з Пд дзямянскую групоўкі праціўніка, стварыўшы ўмовы для іх разгрому; у лініі ням. фронту ўтварыліся т.зв. Віцебскія «вароты». У наступленні на Віцебскім напрамку сав. войскам вял. дапамогу аказалі партызаны Суражскай партыз. зоны.

т. 15, с. 442

ТАРО́СЫ,

нагрувашчванні лёду на морах. рэках і азёрах. Утвараюцца ў выніку бакавога ціску ледзяных палёў адно на адно, пры расколванні лядовага покрыва вял. таўшчыні; выш. каля 10 м, у прыбярэжнай ч. да 20 м. Сярод форм Т. вылучаюць: бар’еры, грады, рапакі, стамухі (асобныя нагрувашчванні на мелі). Т. найб. пашыраны ва Усх.-Сібірскім і Чукоцкім м., у адкрытай ч. Паўн. Ледавітага ак. На рэках Т. ўтвараюцца ў час крыгаходу.

т. 15, с. 443

ТАРО́С РАСЛІ́Н,

армянскі мастак-мініяцюрыст 2-й пал. 13 ст.; майстар кілікійскай школы. Працаваў у манастыры Рамкла. Захаваліся 7 падпісаных ім рукапісаў (1256—68), у т. л. т.зв. Малаційскае евангелле (1268). У яго творчасці выявіліся рысы новага для таго часу маст. мыслення, якое характарызавалася дакладнасцю кампазіцыі, яснасцю трактоўкі прасторы, што дасягалася праз элементы прамой перспектывы, багаццем арнаментыкі, вытанчанасцю каларыту, які гарманічна спалучаў яркія плямы лакальнага колеру са складанымі змешанымі тонамі, высакародствам і стрыманасцю вобразнага ладу, жыццёвай пераканаўчасцю поз і характараў персанажаў. Іл. гл. да арт. Кілікійская школа.

т. 15, с. 443

ТАРПА́Н, конь дзікі (Equus gmelini),

млекакормячая жывёла роду коней сям. коневых атр. няпарнакапытных. Магчыма, дзікі продак некат. парод коней свойскіх; як свойская жывёла прыручана 5—6 тыс. г. назад. 2 падвіды Т.: стэпавы (E.g. gmelini) і лясны (E.g. silvaticus). Былі пашыраны ў Еўропе і Зах. Казахстане. Т. стэпавы вынішчаны ў 18—19 ст., Т. лясны — на пач. 19 ст. З 1930-х г. у Германіі і Польшчы працавалі над узнаўленнем Т. ляснога. У 1962 і 1968 з Польшчы на Беларусь завезены 5 асобін у Белавежскую пушчу.

Выш. ў карку Т. стэпавага да 137 см; Т. лясны драбнейшы. Склад цела дужы, масць шэрая. Уздоўж спіны чорная паласа, грыва і хвост чорныя.

Э.​Р.​Самусенка.

Тарпаны.

т. 15, с. 443

ТАРПАТЫ́НА,

тое, што жывіца.

т. 15, с. 443

ТАРПЕ́ДА (ад лац. torpedo электрычны скат),

самарухальны, сама- або тэлекіравальны падводны снарад цыгарападобнай формы, які нясе звычайны або ядз. баявы зарад. Прызначаны для паражэння падводных лодак і суднаў, надводных караблёў, разбурэння прычалаў, докаў і інш. аб’ектаў. Знаходзяцца на ўзбраенні падводных лодак, крэйсераў, процілодачных караблёў, эсмінцаў, тарпедных катэраў, процілодачных самалётаў і верталётаў. Калібр Т. да 550 мм, даўж. да 6,5 м і больш.

Адрозніваюцца па прызначэнні (процілодачныя, процікарабельныя і двухмэтавыя), носьбітах (карабельныя, авіяцыйныя), энергасілавых устаноўках (цеплавыя, электрычныя), сістэмах кіравання (акустычныя, або саманаводныя, тэлекіравальныя па правадах, манеўравальныя па праграмах). Карабельныя Т. запускаюцца з тарпедных апаратаў. Авіяц. Т. маюць меншую масу і габарыты, часам стабілізуючае прыстасаванне або парашут; акустычныя — актыўную, пасіўную або камбінаваную сістэму саманавядзення; цеплавыя — поршневы, турбінны або рэактыўны рухавік; электрычныя — крыніцу эл. энергіі, электрарухавік з пераўтваральнікам. Першыя Т. пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1866, з 1870-х г. паступілі на ўзбраенне флатоў многіх краін. У 1927 створана першая сав. Т. У 1930-х г. з’явілася тарпеданосная авіяцыя.

Электрычная тарпеда: 1 — выбуховае рэчыва; 2 — узрывальнік; 3 — акумулятары; 4 — электрарухавік.

т. 15, с. 443

ТАРПЕДАНО́СЕЦ,

1) баявы самалёт для паражэння ваен. караблёў і трансп. суднаў праціўніка авіяц. тарпедамі, для ўстаноўкі авіяц. марскіх мін. Т. былі пашыраны ў марской авіяцыі (утваралі яе асобны від — тарпеданосную, ці мінна-тарпедную, авіяцыю) многіх дзяржаў у 1930—50-я г., найб. выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну. Пасля 1945 будавалі таксама рэактыўныя Т.-бамбардзіроўшчыкі. З сярэдзіны 1950-х г. са стварэннем авіяц. ракет Т. паступова заменены ракетаносцамі.

2) Малы быстраходны баявы карабель (водаўмяшчальнасць да 400 т) для паражэння варожых караблёў і суднаў тарпедамі (тарпедны катэр). Пашыраны ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў з 1-й сусв. вайны да 1970-х г., у СССР будаваліся да 1990, у т. л. тарпедныя катэры на падводных крылах і паветр. падушцы. Мелі малакаліберныя гарматы або кулямёты.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 15, с. 443

ТАРПЕ́ЙСКАЯ СКАЛА́ (Saxum Tarpeium),

у Старажытным Рыме стромкі ўцёс з зах. боку Капіталійскага ўзгорка, з якога скідвалі асуджаных на смерць дзярж. злачынцаў. Паводле аднаго з паданняў, назва паходзіць ад імя Луцыя Тарпея, якога скінулі адтуль за апазіцыю цару Ромулу. Паводле другой версіі, Тарпеяй звалі дачку военачальніка Капіталійскай крэпасці Спурыя Тарпея, якая ў час вайны з сабінамі паказала ворагам патайны ход, за што паплацілася жыццём.

т. 15, с. 443

ТА́РСКІ (Tarski) Альфрэд (14.1.1901, Варшава — 26.10.1983),

польска-амерыканскі логік і матэматык, адзін з заснавальнікаў семантыкі лагічнай. Скончыў Варшаўскі ун-т (1924), з 1926 яго дацэнт. З 1939 у ЗША, з 1942 у Гарвардскім ун-це, з 1946 праф. Каліфарнійскага ун-та. Лічыў логіку асновай усіх навук, гал. задача якой — вызначэнне дакладнага сэнсу тэрмінаў і выяўленне агульных заканамернасцей. Зрабіў значны ўклад у распрацоўку алг. метадаў вылічэння прэдыкатаў, тэорый мностваў, мадэлей, матэм. логіку, логіку выказванняў. Сфармуляваў вызначэнне паняцця ісціны для большасці фармалізаваных моў. Аўтар прац па метадалогіі дэдуктыўных навук. Даследаванні Т. паўплывалі на развіццё семіётыкі і паслужылі ўзорам выкарыстання фармальных метадаў для аналізу змястоўных праблем і тэорый.

Тв.:

Рус. пер. — Обоснование научной семантики // Филос. и социол. мысль. 1996. № 1—2;

Понятие истины в языках дедуктивных наук // Философия и логика Львовско-Варшавской школы. М., 1999;

Введение в логику и методологию дедуктивных наук. Биробиджан, 2000.

т. 15, с. 443

ТАРТА́К, Лучыла,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (цячэ праз возера), за 20 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,54 км², даўж. 1,76 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 11,4 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км, пл. вадазбору 116 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 6—9 м (на ПдУ 10—15 м), пад лесам. На ПнУ і ПдЗ пойма шыр. 100—150 м, парослая хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, участкамі пад хмызняком, забалочаныя. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй ілістае. Востраў пл. 0,1 га. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці. Ракой Ушача злучана з азёрамі Мурагі і Царкавішча.

т. 15, с. 444