самарухальны, сама- або тэлекіравальны падводны снарад цыгарападобнай формы, які нясе звычайны або ядз. баявы зарад. Прызначаны для паражэння падводных лодак і суднаў, надводных караблёў, разбурэння прычалаў, докаў і інш. аб’ектаў. Знаходзяцца на ўзбраенні падводных лодак, крэйсераў, процілодачных караблёў, эсмінцаў, тарпедных катэраў, процілодачных самалётаў і верталётаў. Калібр Т. да 550 мм, даўж. да 6,5 м і больш.
Адрозніваюцца па прызначэнні (процілодачныя, процікарабельныя і двухмэтавыя), носьбітах (карабельныя, авіяцыйныя), энергасілавых устаноўках (цеплавыя, электрычныя), сістэмах кіравання (акустычныя, або саманаводныя, тэлекіравальныя па правадах, манеўравальныя па праграмах). Карабельныя Т. запускаюцца з тарпедных апаратаў. Авіяц. Т. маюць меншую масу і габарыты, часам стабілізуючае прыстасаванне або парашут; акустычныя — актыўную, пасіўную або камбінаваную сістэму саманавядзення; цеплавыя — поршневы, турбінны або рэактыўны рухавік; электрычныя — крыніцу эл. энергіі, электрарухавік з пераўтваральнікам. Першыя Т. пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1866, з 1870-х г. паступілі на ўзбраенне флатоў многіх краін. У 1927 створана першая сав. Т. У 1930-х г. з’явілася тарпеданосная авіяцыя.