Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЛСТО́ЎСТВА,

рэлігійна-філасофскі утапічны кірунак у грамадскай думцы Расіі канца 19 — пач. 20 ст. Узнікла пад уплывам рэліг.-філас. ідэй Л.М.Талстога. выкладзеных ім у творах «Споведзь». «У чым мая вера?» абодва 1884), «Крэйцарава саната» (1891) і інш. Талстоўцы прапаведавалі «ўсеагульную любоў», «несупраціўленне злу насіллем», планавалі пераўтварэнне грамадства шляхам рэліг.-маральнага самаўдасканалення, вялі асветную дзейнасць. Створанае ў 1884 талстоўцамі У.​Р.​Чартковым і П.​І.​Біруковым выд-ва «Пасрэднік» выдавала масавымі тыражамі кнігі для народа: творы Талстога, А.​П.​Чэхава, Г.​І.​Успенскага і інш., дапаможнікі па аграноміі, ветэрынарыі, гігіене. У Цвярской, Сімбірскай, Харкаўскай губ., у Закаўказзі ўзніклі абшчыны талстоўцаў (т.зв. «культурныя скіты»), Т. мела паслядоўнікаў у Зах. Еўропе, Японіі, Індыі (М.К.Гандзі); спробы стварэння талстоўскіх абшчын рабіліся ў 1880—1900-я г. ў Англіі і Паўд. Афрыцы. Крытыка талстоўцамі правасл. царквы, афіц. рэлігіі, пропаведзь ураўняльных прынцыпаў і збліжэнне з сектамі (малаканамі, духаборамі, штундызмам) выклікалі незадавальненне царквы і ўлады. У 1897 Т. было абвешчана шкоднай сектай, у 1901 Талстой адлучаны ад царквы, а яго паслядоўнікаў арыштоўвалі і высылалі. У хуткім часе талстоўцы спынілі сваю дзейнасць.

т. 15, с. 408

ТАЛУА́НСКІ БАЛЬЗА́М, талутанскі бальзам

[ад назвы г. Толу (Tolu) у Калумбіі],

бальзам, які атрымліваюць падсочкай кары вечназялёных паўдн.-амер. дрэў міраксілон сям. бабовых. Вязкая бурая маса са смалістым пахам. Раствараецца ў этаноле, не раствараецца ў вадзе. Асн. кампаненты — свабодная бензойная кіслата і карычная к-та (3-фенілпрапенавая), іх эфіры (да 86%), ванілін. Выкарыстоўваюць у парфумерыі.

т. 15, с. 408

ТАЛУБЕ́ЕЎ Юрый Уладзіміравіч (1.5.1906, С.-Пецярбург — 28.12.1979),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Ін-т сцэн. мастацтваў у Ленінградзе (1929). На сцэне з 1926 — акцёр ленінградскіх т-раў, з 1942 у т-ры драмы імя А.​Пушкіна. Мастацтва Т. вызначалася майстэрствам рэаліст. абмалёўкі характараў, пластычнай выразнасцю, гумарам, глыбінёй маст. абагульнення пры прастаце і арганічнасці ігры. Сярод роляў: Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Бубноў («На дне» М.​Горкага), Важак («Аптымістычная трагедыя» Ў.​Вішнеўскага), Палоній («Гамлет» У.​Шэкспіра), Вілі Ломен («Смерць коміваяжора» А.​Мілера) і інш. Зняўся ў фільмах «Рэвізор», «Дон Кіхот», «Гамлет», «Аварыя» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1947. Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія Расіі 1970.

т. 15, с. 408

ТАЛУІДЗІ́НЫ, амінаталуолы, метыламіны,

амінавытворныя талуолу, CH3C6H4NH2.

Існуюць 3 ізамеры: 2-амінаталуол (орта-Т. — вадкасць, tкіп 200,3 °C, шчыльн. 998,4 кг/м³); 3-амінаталуол (мета-Т. — вадкасць, tKin 203 °C, шчыльн. 989,1 кг/м³); 4-амінаталуол (пара-Т. — цвёрдае рэчыва, tпл 44.5—45 °C, tкіп 200,5 °C, шчыльн. 961,9 кг/ м³). Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, мала-у вадзе. Характэрныя хім. ўласцівасці араматычных амінаў. Лёгка акісляюцца (у паветры на святле цямнеюць). утвараюць солі. У прам-сці атрымліваюць гідрагенізацыяй адпаведных нітраталуолаў у прысутнасці каталізатараў (медзь. нікель. паладый). Выкарыстоўваюць Т. і іх вытворныя ў вытв-сці амінаталуолсульфонавых кіслот, крэзолаў, азафарбавальнікаў трыарылметанавых і сярністых фарбавальнікаў; n-Т. як кампанент інгібітараў карозіі. Атрутныя (найб. таксічны n-Т.) усмоктваюцца скурай, ГДК 3 мг/м³.

Я.​І.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 408

ТАЛУО́Л, метылбензол,

араматычны вуглевадарод, C6H5CH3, У 1838 вылучаны франц. хімікам А.​Сент-Клер Дэвілем з талуанскага бальзаму (адсюль назва Т.).

Бясколерная вадкасць, tпл 110,62 °C, шчыльн. 866.9 кг/м³. Добра раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. мала — у вадзе. Рэакцыі замяшчэння ў бензольным ядры адбываюцца лягчэй, чым у бензоле (гл. Араматычныя злучэнні). Пры акісленні па CH3-групе ў залежнасці ад умоў утвараюцца бензілавы спірт, бензойны альдэгід або бензойная кіслата. У прам-сці вылучаюць з каменнавугальнай смалы, прадуктаў каталітычны рыформінгу бензінаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці бензолу, фенолу, капралактаму, нітраталуолаў (тратылу) і інш., а таксама як растваральнік для палімераў, нітрацэлюлозных, алкідных лакаў і эмалей, высокаактанавы кампанент бензінаў. Аказвае слабае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 50 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 408

ТАЛЫ́ШСКІЯ ГО́РЫ, Талыш,

горы на ПдУ Каўказа, у Азербайджане, на граніцы з Іранам. Працяг сістэмы Малога Каўказа. Аддзелены ад яго прагінам з далінай р. Аракс. Складаецца з 3 падоўжных хрыбтоў. Выш. да 2492 м. Пераважаюць флішавыя і вулканагенныя тоўшчы з інтрузіямі асн. парод. Сейсмічнасць. На схілах — субтрапічныя лясы гірканскага тыпу (дуб, дзелква, жалезнае дрэва, бук), на грэбені — нагорныя ксерафіты і горныя лугастэпы.

т. 15, с. 408

ТАЛЬ,

вёска ў Любанскім р-не Мінскай вобл., каля Любанскага вадасх., на аўтадарозе Любань—Урэчча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнЗ ад г. Любань, 144 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Урэчча. 1395 ж., 650 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква св. Тройцы. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 15, с. 408

ТАЛЬ (ад галанд. talie),

падвесны грузападымальны механізм з ручным, электрычным або мех. прыводам. Ручныя Т. бываюць стацыянарныя і перасоўныя, грузападымальнасцю 0,1—10 т. Эл. Т. звычайна маюць грузападымальнасць 0,25—10 т, вышыню пад’ёму да 30 м. Падвесныя пуці для іх маюць 1 або 2 рэйкі, стрэлкі, закругленні, невял. нахілы. Пнеўматычныя Т. — грузападымальнасцю да 0,1 т, выкарыстоўваюцца там, дзе эл. ток недапушчальны па ўмовах вытв-сці. Гл. таксама Тэльфер.

С.​В.​Багдановіч.

Таль: 1 — ручная чарвячная; 2 — электрычная.

т. 15, с. 408

ТАЛЬ Міхаіл Нехем’евіч (н. 9 11.1936, Рыга — 28.6.1992),

латвійскі і рас. шахматыст. Гросмайстар СССР, міжнар. гросмайстар (1957). Засл. майстар спорту СССР (1960). Скончыў Латвійскі ун-т (1958). У 1960—70 гал. рэдактар час. «Шахматы» (Рыга). Чэмпіён свету (1960—61), 8-ы ў гісторыі шахмат. 3-разовы чэмпіён свету сярод студэнтаў у камандным заліку. Чэмпіён свету па «маланкавай» гульні (1988). У складзе зборных каманд СССР 8-разовы пераможца Сусв. шахматных алімпіяд (1958—74). 6-разовы чэмпіён Еўропы. Чэмпіён СССР (1957, 1958, 1967, 1972, 1974. 1978), сярэбраны (1959, 1962, 1971, 1974) і бронз. (1964) прызёр. Пераможца міжнар. турніраў (1959—87).

Тв.:

Матч Ботвинник—Таль. Рига, 1961;

В огонь атаки. М., 1978 (разам з Я.​У.​Дамскім);

Когда оживают фигуры. М., 1983.

т. 15, с. 409

ТА́ЛЬВЕГ (ням. Talweg ад Tal даліна + Weg дарога),

лінія, якая злучае самыя нізкія пункты дна рачной даліны, лагчыны, яра і інш. эразійных форм рэльефу.

т. 15, с. 409