ТАЛСТО́ЎСТВА,

рэлігійна-філасофскі утапічны кірунак у грамадскай думцы Расіі канца 19 — пач. 20 ст. Узнікла пад уплывам рэліг.-філас. ідэй Л.М.Талстога. выкладзеных ім у творах «Споведзь». «У чым мая вера?» абодва 1884), «Крэйцарава саната» (1891) і інш. Талстоўцы прапаведавалі «ўсеагульную любоў», «несупраціўленне злу насіллем», планавалі пераўтварэнне грамадства шляхам рэліг.-маральнага самаўдасканалення, вялі асветную дзейнасць. Створанае ў 1884 талстоўцамі У.​Р.​Чартковым і П.​І.​Біруковым выд-ва «Пасрэднік» выдавала масавымі тыражамі кнігі для народа: творы Талстога, А.​П.​Чэхава, Г.​І.​Успенскага і інш., дапаможнікі па аграноміі, ветэрынарыі, гігіене. У Цвярской, Сімбірскай, Харкаўскай губ., у Закаўказзі ўзніклі абшчыны талстоўцаў (т.зв. «культурныя скіты»), Т. мела паслядоўнікаў у Зах. Еўропе, Японіі, Індыі (М.К.Гандзі); спробы стварэння талстоўскіх абшчын рабіліся ў 1880—1900-я г. ў Англіі і Паўд. Афрыцы. Крытыка талстоўцамі правасл. царквы, афіц. рэлігіі, пропаведзь ураўняльных прынцыпаў і збліжэнне з сектамі (малаканамі, духаборамі, штундызмам) выклікалі незадавальненне царквы і ўлады. У 1897 Т. было абвешчана шкоднай сектай, у 1901 Талстой адлучаны ад царквы, а яго паслядоўнікаў арыштоўвалі і высылалі. У хуткім часе талстоўцы спынілі сваю дзейнасць.

т. 15, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)