Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАРМАЖЭ́ННЕ ў фізіялогіі,

актыўны нервовы працэс, які прыгнечвае або прадухіляе ўзбуджэнне. Адбываецца пры ўзаемадзеянні медыятара з постсінаптычнай мембранай шляхам гіперпалярызацыі, якая зніжае ўзбудлівасць. Існуюць медыятары, здольныя выклікаць працэсы Т. і ўзбуджэння (напр., ацэтылхалін), медыятары Т. (напр., гліцын у спінным мозгу) і тармазныя нейроны (напр., клеткі Рэншоу спіннога мозга). Адрозніваюць Т. перыферычнае (адбываецца ў сінапсах на мышачных і залозістых клетках), цэнтральнае (рэалізуецца ў межах ц. н. с.), прэсінаптычнае і постсінаптычнае (у міжнейронных сінапсах), безумоўна- і ўмоўнарэфлекторнае (гл. Вышэйшая нервовая дзейнасць). Ва ўзбудлівых сінапсах Т. дзейнасці нейрона часам узнікае пад уплывам празмернага паступлення нерв. імпульсаў — песімальнае Т. (гл. Парабіёз). Ахоўнае Т. засцерагае нерв. цэнтры ад моцнага раздражнення або ператамлення. Складаныя каардынацыйныя ўзаемадзеянні паміж Т. і ўзбуджэннем — аснова нармальнай дзейнасці органаў і тканак, фарміравання паводзінскіх звычак у працэсе выспявання арганізма, эвалюцыі аналітычна-сінт. дзейнасці мозга.

Літ.: Анохин П.К. Внутреннее торможение как проблема физиологии. М., 1958; Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984.

С.​С.​Ермакоеа.

т. 15, с. 441

ТАРМАЗНО́Е ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

электрамагнітнае выпрамяненне, якое ўзнікае пры рассеянні (тармажэнні) зараджаных элементарных часціц у эл. полі.

Інтэнсіўнасць Т.в. паводле класічнай электрадынамікі прапарцыянальная квадрату паскарэння часціцы, якое адваротна прапарцыянальнае яе масе. Таму інтэнсіўнасць Т.в. электронаў у мільёны разоў большая за інтэнсіўнасць Т.в. пратонаў. Спектр Т.в. неперарыўны і абрываецца пры найб. магчымай энергіі. роўнай пач. энергіі электрона. Тармазное рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне. вылучаныя хуткімі электронамі пры іх рассеянні ў эл. полі атамных ядраў і электронаў у рэчыве. выкарыстоўваюцца ў тэхніцы. медыцыне. у даследаваннях па біялогіі, хіміі і фізіцы. Часам да Т.в. адносяць магнітатармазное выпрамяненне рэлятывісцкіх зараджаных часціц, якія рухаюцца ў макраскапічных магн. палях паскаральнікаў (гл. Сінхратроннае выпрамяненне).

А.​А.​Богуш.

т. 15, с. 441

ТАРМА́САЎ Аляксандр Пятровіч (1752—25.11.1819),

расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1801). Граф (1816). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. Ў час паўстання 1794 атрад рас. войск на чале з Т. быў разбіты 4 крас. А.Т.Касцюшкам каля Рацлавіц. З 1803 кіеўскі, з 1807 рыжскі ваен. губернатар. У 1808—11 галоўнакамандуючы ў Грузіі і на Каўказскай лініі. кіраваў баявымі дзеяннямі ў рус.-тур. 1806—12 і рус.-іранскай 1804—13 войнах. У 1812 камандаваў 3-й Зах. арміяй, войскі якой у Кобрынскім баі 1812 нанеслі паражэнне часцям саксонскага корпуса ген. Ж.​Л.​Рэнье, утрымалі свае пазіцыі ў Гарадзечанскай бітве 1812, але вымушаны былі адысці на Валынь. Пасля смерці П.І.Баграціёна часова камандаваў 2-й арміяй. У час восеньскага контрнаступлення рас. войск удзельнічаў у баях каля Малаяраслаўца, Вязьмы, Краснага. Вясной 1813 у час хваробы М.І.Кутузава выконваў абавязкі галоўнакамандуючага. У 1814—16 маскоўскі ваен. губернатар і галоўнакамандуючы, у 1816—19 маскоўскі ген.-губернатар.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 441

ТАРМО́ЛА (Тармола-Мірскі) Раман Якубавіч

(н. 5.4.1936, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1960). У 1960—96 на Бел. тэлебачанні (у 1977—80 на кінастудыі «Беларусьфільм»). Друкуецца з 1957. Аўтар зб-каў паэзіі «Асколкі і росы» (1964), «Поўня» (1966), «Абнаўленне» (1968), «Міранка» (1971), «Побач» (1974), «Павага» (1976), «Вобразы вечара» (1982), «Толькі б дагаварыць...» (1986), «У прадчуванні святла...» (1992), паэм «Проста — я» (1966), «Навальнічны раён» (1969), «Хатынскі рэквіем» (1971), «Вянок» (1972). У іх — лірызм, асацыятыўнасць, філас. роздум пра лёс народа ў Вял. Айч. вайну, пасляваен. час, тэмы кахання, любві да роднага краю. Піша для дзяцей: зб-кі казак «Каго баяцца ў лесе» (1973), «Казкі-падказкі» (1984). Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Людзям сябе пакажы» (1973), «Я не самотны... Максім Багдановіч» (1982), дакумент.-маст. фільма «А мае міране добрыя людзі» (1993), тэлеспектакля «Зачараваны Валерка» (1976).

Тв.:

Зямное — зямному. Мн., 1979;

Спрадвечнасць. Мн., 1989;

Зярняты з каласоў. Мн., 1994.

Літ.:

Вярцінскі А. Высокае неба ідэалу. Мн., 1980;

Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;

Зуёнак В. Мера адкрытасці душы // Полымя. 1984. № 4;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Там жа. № 7.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 441

ТАРНАБЖЭ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Tarnobrzeskie),

былая адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. З 1999 у складзе Падкарпацкага ваяводства.

т. 15, с. 442

ТАРНАГРО́ДСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

саюз шляхты (пераважна сярэдняй) Польшчы, накіраваны супраць абсалютысцкіх планаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага (адначасова курфюрст саксонскі). Абвешчана 26.11.1715 у г. Тарноград (Люблінскае ваяв.) на чале з С.​Ледухоўскім. Канфедэраты ставілі за мэту вывад саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай, дэтранізацыю Аўгуста II і замацаванне шляхецкіх вольнасцей. Саюзнік Аўгуста II у Паўночнай вайне 1700—21 цар Пётр I, не жадаючы ўмацавання ўлады караля, падтрымаў Т.к. і ўвёў у Рэч Паспалітую войскі. Шляхта ВКЛ у падтрымку Т.к. ў 1716 стварыла Віленскую канфедэрацыю. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі і саксонскімі войскамі на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пад націскам дыпламатаў Расіі ў Варшаве падпісана кампраміснае пагадненне паміж Аўгустам II, Т.к. і Віленскай канфедэрацыяй. 30.1.1717 пагадненне ратыфікавана і 1.2.1717 зацверджана «Нямым» соймам. Саксонскія войскі выводзіліся па-за межы Рэчы Паспалітай, улада караля абмяжоўвалася. Абмяжоўваліся і правы гетманаў, кароннае (польскае) войска скарачалася да 18 тыс. чал., а войска ВКЛ — да 6 тыс. Узмацніўся паліт. ўплыў Расіі на ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 442

ТАРНА́ДА (ісп. tornado),

назва смерчаў над сушай у ЗША. Адрозніваюцца вельмі частай паўтаральнасцю (у параўнанні з еўрап. тромбамі). Штогод у бас. р. Місісіпі і на ПдУ краіны назіраецца некалькі соцень Т.

т. 15, с. 442

ТА́РНАЎ (Tarnów),

горад на Пд Польшчы, у Малапольскім ваяводстве. Каля 140 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Прам-сць: хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, палімераў), эл.-тэхн., станкабуд., шкляная, харчовая. Арх. помнікі 15—16 ст.: гатычны сабор, ратуша.

т. 15, с. 442

ТА́РНАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Tarnowskie),

былая адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. З 1999 у складзе Малапольскага ваяводства.

т. 15, с. 442

ТАРНО́ВА,

вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Дзітва. Цэнтр сельсавета і абл. унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 18 км на ПдЗ ад г. Ліда, 100 км ад Гродна, 3 км ад чыг. ст. Белагруда. 740 ж., 272 двары (2002). Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.).

т. 15, с. 442