ТАРМАЖЭ́ННЕ ў фізіялогіі,
актыўны нервовы працэс, які прыгнечвае або прадухіляе ўзбуджэнне. Адбываецца пры ўзаемадзеянні медыятара з постсінаптычнай мембранай шляхам гіперпалярызацыі, якая зніжае ўзбудлівасць. Існуюць медыятары, здольныя выклікаць працэсы Т. і ўзбуджэння (напр., ацэтылхалін), медыятары Т. (напр., гліцын у спінным мозгу) і тармазныя нейроны (напр., клеткі Рэншоу спіннога мозга). Адрозніваюць Т. перыферычнае (адбываецца ў сінапсах на мышачных і залозістых клетках), цэнтральнае (рэалізуецца ў межах ц. н. с.), прэсінаптычнае і постсінаптычнае (у міжнейронных сінапсах), безумоўна- і ўмоўнарэфлекторнае (гл. Вышэйшая нервовая дзейнасць). Ва ўзбудлівых сінапсах Т. дзейнасці нейрона часам узнікае пад уплывам празмернага паступлення нерв. імпульсаў — песімальнае Т. (гл. Парабіёз). Ахоўнае Т. засцерагае нерв. цэнтры ад моцнага раздражнення або ператамлення. Складаныя каардынацыйныя ўзаемадзеянні паміж Т. і ўзбуджэннем — аснова нармальнай дзейнасці органаў і тканак, фарміравання паводзінскіх звычак у працэсе выспявання арганізма, эвалюцыі аналітычна-сінт. дзейнасці мозга.
Літ.: Анохин П.К. Внутреннее торможение как проблема физиологии. М., 1958; Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984.
С.С.Ермакоеа.
т. 15, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)