Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАРЖО́К,

горад у Цвярской вобл. Расіі, на р. Цверца (прыток р. Волга). Вядомы з 1139. 50,2 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (вагонабуд. і маш.-буд. з-ды), харч., гарбарна-абутковая. Дрэваапр. прадпрыемствы. З-д паліграф. фарбаў, золатавышывальная ф-ка, вытв-сць гліняных лялек. Музеі: гіст.-этнагр., арх.-этнагр. «Васілёва», залатога шыцця, А.​С.​Пушкіна. Драўляная царква Ушэсця (17—18 ст.), Барысаглебскі манастыр з аднайм. саборам (1785—86), Спаса-Праабражэнскі сабор (19 ст.).

т. 15, с. 440

ТАРКАВА́НКА,

традыцыйная бел. страва, тое, што бабка.

т. 15, с. 440

ТАРКАЧЫ́,

вёска ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і с.-г. калект. прадпрыемства. За 23 км на ПнУ ад г. Дзятлава, 168 км ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Наваельня. 363 ж., 138 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 15, с. 440

ТАРКВЕМА́ДА, Таркемада (Torquemada) Томас дэ (каля 1420, г. Вальядалід, Іспанія — 16.9.1498), кіраўнік іспанскай інквізіцыі. Манах-дамініканец, у 1460—82 прыёр кляштара ў Сеговіі. Духоўнік каралевы Ізабелы, назначаны ў 1483 вял. інквізітарам Кастыліі і Арагона, у 1486 — таксама Валенсіі і Каталоніі. Склаў інквізіцыйны кодэкс і працэдуру інквізіцыйнага суда, распрацаваў арганізац. структуру органаў інквізіцыі. Вызначаўся выключнай жорсткасцю, увёў у масавую практыку аўтадафэ (пры ім было пакарана смерцю больш за 10 тыс. чал.). Ініцыятар праследаванняў мусульман і яўрэяў (дамогся выгнання апошніх з Іспаніі ў 1492).

т. 15, с. 440

ТАРКВІ́НІЙ ГО́РДЫ Луцый (Lucius Tarquinius Superbus),

апошні (сёмы) цар Стараж. Рыма [534/533—510/509 да н.э.] этрускай дынастыі. Сын цара Тарквінія Прыска. Жорсткае кіраванне (не лічыўся з меркаваннямі сената, арганізоўваў канфіскацыі і пакаранні смерцю) і бясчынствы Т.Г. і яго сваякоў выклікалі паўстанне ў Стараж. Рыме, у выніку якога Т.Г. выгнаны, этрускае ўладанне скончылася, царскі лад скасаваны і ўтворана рэспубліка.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 440

ТАРКВІ́НП (лац. Tarquinii, этрускае Tárchuna),

старажытны этрускі горад на Пн ад Рыма (цяпер тэр. г. Таркуінія ў Італіі). Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі этрускіх паселішчаў 8 ст. да н.э. Захаваліся руіны абарончых сцен 5—4 ст. да н.э., саркафагі, аздобленыя скульптурамі, тэракотавыя рэльефы вял. храма і размалёўкі ў падземных магільных скляпах (7—1 ст. да н.э.). Мяркуюць, Т. былі паліт. і рэліг. цэнтрам федэрацый 12 этрускіх гарадоў. Пасля войнаў 359—351 і 310—308 да н.э. з Рымам Т. страцілі самастойнасць.

т. 15, с. 440

ТАРКО́ЎСКІ Андрэй Арсеневіч (4.4.1932, Масква —6.12.1986),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст; буйнейшы майстар сусв. кіно. Сын А.А.Таркоўскага. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Дэбютаваў фільмам «Каток і скрынка» (1960). Цэнтр. тэма творчасці Т. — набыццё чалавекам духоўнай цэльнасці праз веру, любоў і пакаянне. Яго фільмам характэрны шырыня і паэтычнасць мыслення, высокая выяўл. культура, спалучэнне рэаліст. дакладнасці з метафарычнай вобразнасцю і ўмоўнасцю. У фільме «Іванава дзяцінства» (1962, прыз «Залаты леў» Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; гал. прэміі Міжнар. кінафестываляў у Сан-Францыска і Акапулька) кантрастна спалучаны светлыя ўспаміны пра дзяцінства падлетка і жорсткі свет вайны. Фільм «Андрэй Рублёў» (1966, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах) — гіст. фрэска 15 ст. часоў татара-мангольскага нашэсця на Расію — сцвярджае бессмяротнасць твораў чалавека духу. У фільмах «Салярыс» (1972, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) і «Сталкер» (1980, прэміі Міжнар. кінафестываляў у Трыесце і Мадрыдзе) у метафарычным плане разглядаюцца праблемы мэты і сэнсу чалавечага жыцця, пошукаў ісціны. Стужка «Люстра» (1975) — лірыка-біягр. споведзь мастака пра сям’ю, дзяцінства на фоне гіст. падзей, адлюстраванне мінулага ў цяперашнім. З 1982 працаваў за мяжой. У фільме «Настальгія» (1983, Італія, Вял. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) створаны вобраз «чалавека-свечкі», які імкнецца служыць людзям. «Ахвярапрынашэнне» (1986, Швецыя, Вял. спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) — аўтарскае бачанне місіі мастака ў сусвеце: выратаванне чалавецтва ад экалаг., тэхнал. і маральнай катастрофы. Ленінская прэмія 1990. З 1993 на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі прысуджаецца прэмія імя Т.

Літ.:

Зак М.Х. Андрей Тарковский: Творч. портрет. М., 1988;

Михалкович В.И. Андрей Тарковский. М., 1989;

О Тарковском. М., 1989;

Мир и фильмы Андрея Тарковского. М., 1991;

Туровская М. 7 ​1/2, или Фильмы Андрея Тарковского. М., 1991;

Тарковская М.А. Осколки зеркала. М., 1999;

Болдырев Н. Сталкер, или Труды и дни Андрея Тарковского. Челябинск, 2002.

В.Ф. Нячай.

т. 15, с. 440

ТАРКО́ЎСКІ Арсеній Аляксандравіч (12.6.1907, г. Кіраваград, Украіна — 27.5.1989),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1929). Друкаваўся з 1926. Першая кніга паэзіі — «Перад снегам» (1962). У зб-ках «Зямлі — зямное» (1966), «Чарадзейныя горы» (1978), «Зімовы дзень» (1980), «Ад юнацтва да старасці» (1987) і інш. сцверджанне цэласнасці духоўнага жыцця чалавека, успрыняцце надзённага ў кантэксце агульначалавечага, ант. і біблейская сімволіка, усх. матывы, тэмы паэта і паэзіі, кахання. Паэзіі 1. ўласцівы напружаная філасафічнасць, маштабнасць, шчырасць. Аўтар артыкулаў пра паэзію і праблемы маст. перакладу, рэцэнзій. Перакладаў з арм., груз., арабскай і інш. моў. Дзярж. прэмія Каракалпакіі 1967. Дзярж. прэмія Туркменістана 1971. Дзярж. прэмія СССР 1989 (пасмяротна).

Арсеній Аляксандравіч Таркоўскі.

Тв.:

Избранные стихотворения, поэмы, переводы, 1929—1979. М., 1982;

[Избранное.] М.;

Смоленск, 2000.

А.​В.​Спрынчан.

т. 15, с. 441

ТА́РЛЕ Яўген Віктаравіч (8.11.1875, Кіеў — 6.1.1955),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1927). Акад. Нарвежскай акадэміі навук і л-ры, чл.-кар. Брытанскай акадэміі для заахвочвання гіст.-філас. і філал. навук. Скончыў Кіеўскі ун-т (1896). З 1 903 прыват-дацэнт, з 1917 праф. Петраградскага і Маскоўскага ун-таў. Адначасова ў 1913—18 праф. Юр’еўскага (г. Тарту, Эстонія) ун-та. У 1930—34 рэпрэсіраваны. Аўтар прац па гісторыі Францыі і міжнар. адносін новага часу, гісторыі Расіі. Асн. працы: «Рабочы клас у Францыі ў эпоху рэвалюцыі» (т. 1—2, 1909—11), «Кантынентальная блакада» (т. 1—2, 1913—16), «Жэрміналь і прэрыяль» (1937), «Нашэсце Напалеона на Расію, 1812 г.» (1938), «Крымская вайна» (т. 1—2, 1941—43), «Рускі флот і знешняя палітыка Пятра I» (1949) «Паўночная вайна і шведскае нашэсце на Расію» (выд. 1958) і інш. Аўтар гіст. біяграфій «Напалеон» (1936), «Талейран» (1939). Дзярж. прэмія СССР 1942, 1943, 1946.

Я.В.Тарле.

т. 15, с. 441

ТАРЛО́ЎСКІ Васіль Іванавіч (14.8.1902, в. Ачыжа Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 3.10.1990),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1940), курсы нам. камандзіраў рот па паліт. частцы (1943) і ўдасканалення каманднага саставу. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Данскім, Варонежскім, Цэнтр. і 1-м Прыбалт. франтах. Стралк. рота на чале са старшым лейт. Т. вызначылася ў чэрв. 1944 пры прарыве абароны праціўніка ў Сіроцінскім (цяпер Шумілінскі) р-не Віцебскай вобл. і фарсіраванні Зах. Дзвіны, дзе захапіла і ўтрымлівала плацдарм да падыходу гал. сіл дывізіі. Да 1953 у Сав. Арміі, потым на выкладчыцкай рабоце.

т. 15, с. 441