ТАРКО́ЎСКІ Андрэй Арсеневіч (4.4.1932, Масква —6.12.1986),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст; буйнейшы майстар сусв. кіно. Сын А.А.Таркоўскага. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Дэбютаваў фільмам «Каток і скрынка» (1960). Цэнтр. тэма творчасці Т. — набыццё чалавекам духоўнай цэльнасці праз веру, любоў і пакаянне. Яго фільмам характэрны шырыня і паэтычнасць мыслення, высокая выяўл. культура, спалучэнне рэаліст. дакладнасці з метафарычнай вобразнасцю і ўмоўнасцю. У фільме «Іванава дзяцінства» (1962, прыз «Залаты леў» Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; гал. прэміі Міжнар. кінафестываляў у Сан-Францыска і Акапулька) кантрастна спалучаны светлыя ўспаміны пра дзяцінства падлетка і жорсткі свет вайны. Фільм «Андрэй Рублёў» (1966, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах) — гіст. фрэска 15 ст. часоў татара-мангольскага нашэсця на Расію — сцвярджае бессмяротнасць твораў чалавека духу. У фільмах «Салярыс» (1972, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) і «Сталкер» (1980, прэміі Міжнар. кінафестываляў у Трыесце і Мадрыдзе) у метафарычным плане разглядаюцца праблемы мэты і сэнсу чалавечага жыцця, пошукаў ісціны. Стужка «Люстра» (1975) — лірыка-біягр. споведзь мастака пра сям’ю, дзяцінства на фоне гіст. падзей, адлюстраванне мінулага ў цяперашнім. З 1982 працаваў за мяжой. У фільме «Настальгія» (1983, Італія, Вял. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) створаны вобраз «чалавека-свечкі», які імкнецца служыць людзям. «Ахвярапрынашэнне» (1986, Швецыя, Вял. спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) — аўтарскае бачанне місіі мастака ў сусвеце: выратаванне чалавецтва ад экалаг., тэхнал. і маральнай катастрофы. Ленінская прэмія 1990. З 1993 на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі прысуджаецца прэмія імя Т.

Літ.:

Зак М.Х. Андрей Тарковский: Творч. портрет. М., 1988;

Михалкович В.И. Андрей Тарковский. М., 1989;

О Тарковском. М., 1989;

Мир и фильмы Андрея Тарковского. М., 1991;

Туровская М. 7 ​1/2, или Фильмы Андрея Тарковского. М., 1991;

Тарковская М.А. Осколки зеркала. М., 1999;

Болдырев Н. Сталкер, или Труды и дни Андрея Тарковского. Челябинск, 2002.

В.Ф. Нячай.

т. 15, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)