Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАПАЛАГІ́ЧНАЯ А́ЛГЕБРА,

раздзел алгебры, што вывучае розныя тапалагічныя сістэмы (групы, паўгрупы, кольцы, алгебры, вектарныя прасторы і інш.), якім нададзены тапалогіі, з неперарыўнымі алг. аперацыямі ў дачыненні да гэтых сістэм. Асн. пытанні, якія разглядаюцца ў Т.а., — існаванне тапалогій у алг. сістэмах, што пераўтварае іх у тапалагічныя алг. сістэмы, прадаўжэнні тапалогій на пашырэнні алг. сістэм, уласцівасці тапалогій алг. сістэм, напр., магчымасць задання тапалогій з дапамогай метрыкі, нормы і інш.

т. 15, с. 429

ТАПАЛАГІ́ЧНАЯ ПРАСТО́РА,

сукупнасць мноства, якое складаецца з элементаў адвольнай прыроды (пунктаў дадзенай прасторы), і тапалогіі, уведзенай у дадзенае мноства. Калі адсутнічае процілеглае, тапалогія лічыцца адкрытай.

Агульнасць паняцця Т.п. абмяжоўваецца ўмовамі, накладзенымі на лімітныя суадносіны (аксіёмы Т.п.), напр., зададзенае мноства T і пустое мноства-адкрытыя, аб’яднанне любога ліку адкрытых мностваў і перасячэнне любога канечнага ліку адкрытых мностваў таксама адкрытыя. Важны клас Т.п. ствараюць метрычныя прасторы. напр., лікавая прамая, n-мерная эўклідава і функцыянальная прасторы. Т.п. вывучаюцца тапалогіяй і выкарыстоўваюцца ў матэматыцы, з’яўляюцца асновай вызначэння паняццяў: мнагастайнасць, група Лі, рыманава прастора і інш.

т. 15, с. 429

ТАПАЛО́ГІЯ (ад грэч. topos месца + ...логія),

раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці тапалагічных прастораў і розных падмностваў (фігур) у гэтых прасторах. Уласцівасці фігуры наз. тапалагічнымі, калі яны захоўваюцца пры тапалагічных адлюстраваннях. Напр., тапалагічныя ўласцівасці: замкнёнасць лініі, наяўнасць краю ў паверхні і інш.

Асновы Т. закладзены Л.Эйлерам, Ж.А.Пуанкарэ, Ф.​Гаўсдорфам. Значны ўклад у развіццё Т. зрабілі рус. матэматыкі П.С.Аляксандраў, С.П.Новікаў, Л.С.Пантрагін, П.​С.​Урысон і інш. На пач. Т. вывучала тапалагічныя ўласцівасці фігур, пазней — адвольныя неперарыўныя адлюстраванні. Адна з асн. задач Т. — класіфікацыя неперарыўных адлюстраванняў і вылучэнне з іх класаў з патрэбнымі ўласцівасцямі, напр., з уласцівасцю мець нерухомы пункт. У Т. вылучаюць самастойныя кірункі, якія адрозніваюцца аб’ектам і метадам даследаванняў. У агульнай Т. вывучаюць звязнасць, кампактнасць, метрызавальнасць тапалагічных прастораў, а таксама зменнасць гэтых паняццяў пры неперарыўных адлюстраваннях прастораў. Разам з алгебрай агульная Т. з’яўляецца асновай тэарэтыка-мноствавых метадаў у матэматыцы. Алгебраічная тапалогія звязана з вывучэннем тапалагічных прастораў і іх неперарыўных адлюстраванняў з дапамогай алг. аб’ектаў (гомамарфізмаў, груп, кольцаў). Дыферэнцыяльная Т. вывучае алг. мнагастайнасці (гл. Алгебраічная геаметрыя) сродкамі матэм. аналізу і алг. Т; кускова-лінейная Т. — паліэдры (мнагаграннікі) і іх кускова-лінейныя адлюстраванні.

Літ.:

Александрян Р.А., Мирзаханян Э.А. Общая топология. М., 1979;

Фоменко А.Т., Фукс Д.Б. Курс гомотопической топологии. М., 1989;

Топология. Мн., 1990.

В.​І.​Вядзернікаў, А.​С.​Фядэнка.

т. 15, с. 429

ТАПАНІ́МІКА (ад грэч. topos месца + onyma імя, назва),

раздзел анамастыкі, які вывучае ўласныя назвы геагр. аб’ектаў (тапонімы), заканамернасці іх узнікнення, развіцця, ужывання, пашырэння, значэнне і структуру, таксама пытанні напісання тапонімаў і перадачы іх з адной мовы на іншую. Падзяляецца на агульную і рэгіянальную Т. (даследуе тапанімію — геагр. назвы на пэўнай тэрыторыі, якія ўключаюць айконімы — назвы паселішчаў, гідронімы — назвы рэк, азёр, мікратапонімы — назвы ўрочышчаў і інш.). Цесна звязана з мовазнаўствам, гісторыяй, этнаграфіяй, картаграфіяй, тапаграфіяй, геаграфіяй, геалогіяй, дэмаграфіяй і інш.

Вылучылася ў самаст. навуку ў пач. 20 ст. Вялікі ўклад у развіццё Т. зрабілі вучоныя: К.Буга, А.І.Сабалеўскі, А.А.Шахматаў, бел. З.​Я.​Тараноўскі і Ю.​Ю.​Трусман.

На Беларусі даследаванне геагр. назваў пачалося ў 1-й пал. 19 ст. У 1830—90-я г. тлумачылі сэнс асобных бел. тапонімаў П.М.Шпілеўскі, А.Г.К.Кіркор, І.​В.​Турчыновіч; вывучалі гадранімію ў сувязі з даследаваннем стараж. рассялення славян і балтаў А.​А.​Качубінскі, І.​Я.​Спрогіс, А.​Л.​Пагодзін. Найб. інтэнсіўна развіваецца з 1960—70-х г. 1—3.12.1967 у Мінску адбылася 1-я бел. тапанімічная канферэнцыя. Даследаваны: геаграфія асн. бел. айканімічных тыпаў, выкарыстанне розных метадаў пры вывучэнні геагр. назваў і інш. Праведзена сістэматызацыя тапонімаў, вывучана іх структура (тапанімічныя асновы і словаўтваральныя сродкі), выяўлены балцкія элементы ў бел. геагр. назвах, паказана фарміраванне назваў паселішчаў у гіст. плане. Складзены слоўнікі назваў нас. пунктаў па абласцях (Я.​Н.​Рапановіч). Уклад у развіццё бел. Т. зрабілі М.В.Бірыла, В.А.Жучкевіч, В.П.Лемцюгова. Найб. распрацаваны гідраніміка, айканіміка, мікратапаніміка. Праводзіцца стандартызацыя тапонімаў краіны. Дзейнічаюць тапанімічныя камісіі пры Нац. АН Беларусі (з 1991) і пры Савеце Міністраў (з 1998).

Літ.:

Бірыла М.В., Ванагас А.П. Літоўскія элементы ў беларускай анамастыцы. Мн., 1968;

Жучкевич В.А. Общая топонимика. 3 изд. Мн., 1980;

Яго ж. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974;

Адамовіч Я.М. Мікратапанімічныя назвы. Мн., 1971;

Яшкін І.Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Мн., 1971;

Лемцюгова В.П. Беларуская айканімія. Мн., 1970;

Яе ж. Восточнославянская ойконимия апеллятивного происхождения. Мн., 1983;

Мікратапанімія Беларусі: Матэрыялы. Мн., 1974;

Рылюк Г.Я. Истоки географических названий Беларуси: (С основами общей топонимики). 2 изд. Мн., 1999.

А.​М.​Грыгор’ева, Г.​Я.​Рылюк.

т. 15, с. 429

ТАПАРКО́Ў Васіль Восіпавіч (16.3.1889, С.-Пецярбург — 25.8.1970),

расійскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Д-р мастацтвазнаўства (1965). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1909). Працаваў у т-рах Пецярбурга і Масквы, з 1927 у Маскоўскім Маст. акад. т-ры. Выкладаў у Школе-студыі імя У.​Неміровіча-Данчанкі (з 1948 праф.). Валодаў майстэрствам пераўвасаблення, імкнуўся да вастрыні і выразнасці сцэн. малюнка, тонкі псіхалагізм спалучаў з глыбокай эмац. насычанасцю. Сярод роляў: Чычыкаў («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Кругасветлаў («Плады асветніцтва» Л.​Талстога), Мышлаеўскі («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Морыс («Глыбокая разведка» А.​Крона), Аргон («Тарцюф» Мальера) і інш. Аўтар кніг і артыкулаў аб вучэнні Станіслаўскага.

Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952.

Літ.:

Рогачевский М.Л. В.​О.​Топорков. М., 1969.

т. 15, с. 429

ТАПАХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

клас рэакцый хімічных, што адбываюцца ў цвёрдай фазе і лакалізаваны на паверхні падзелу фаз цвёрдых зыходных рэчываў і прадукту рэакцыі.

Пры Т.р. у адрозненне ад інш. гэтэрагенных працэсаў паверхня падзелу фаз узнікае ў выніку самой рэакцыі і мяняецца ў часе, таму яны звычайна з’яўляюцца нестацыянарнымі. Т.р. пашыраны ў прыродзе (выветрыванне, ператварэнне мінералаў). Тыповыя Т.р. — абпал, хім. траўленне. На Т.р. заснаваны аднаўленне металаў з руд, прамысл. атрыманне буд. і паўправадніковых матэрыялаў.

Літ.:

Розовский А.Я. Кинетика топохимических реакций. М., 1974;

Продан Е.А. Топохимия кристаллов. Мн., 1990.

т. 15, с. 430

ТАПВО́ЗЕРА,

возера на ПнЗ еўрап. ч. Расіі, у Карэліі. Пл. 986 км², глыб. да 56 м. Берагі парэзаныя; шмат астравоў. Выцякае р. Коўда. Ледастаў з кастр. да мая. Са стварэннем Кумскай ГЭС (1966) стала часткай Кумскага вадасховішча. Рыбалоўства.

т. 15, с. 430

ТАПЁР (франц. tapeur ад taper літар. — стукаць),

1) піяніст, які іграў за плату на балях, у танц. і гімнастычных залах і інш. або суправаджаў сваёй ігрою паказ нямога кіно.

2) У пераносным сэнсе — піяніст, які іграе механічна.

т. 15, с. 430

ТАПІВАЛДЫ́ЕЎ Мамадалі (20.9.1919, кішлак Пандыган Рыштанскага р-на Ферганскай вобл., Узбекістан — 7.5.1969),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах. фронце; трапіў у палон, пасля ўцёкаў у партызанах: камандзір аддз. разведкі атрада, які дзейнічаў на тэр. Віцебскай і Магілёўскай абл. У 1944 Т. з аддзяленнем абяззброіў ням.-фаш. гарнізон. Пасля вайны старшыня калгасаў.

М.Тапівалдыеў.

т. 15, с. 430

ТАПІ́ЛАЎСКАЕ БАЛО́ТА.

Вярховага (60%), нізіннага (20%), мяшанага (10%) і пераходнага (10%) тыпаў на ПдЗ Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл., у вадазборы р. Сцвіга. Пл. 11 тыс. га, у межах прамысл. пакладу торфу 6,2 тыс. га. Глыб. торфу да 5,8 м, сярэдняя 2,1 м. Запасы торфу каля 19,2 млн. т (здабываецца на ўгнаенне). Балота ўваходзіць у склад Палескай базы бітумнай сыравіны. Каля 500 га асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць. На неасушанай тэр. хваёвы лес, хмызнякі, месцамі асокі, чарот, трыснёг. На балоце біял. заказнік Букчанскі.

т. 15, с. 430