ТАПАНІ́МІКА (ад грэч. topos месца + onyma імя, назва),

раздзел анамастыкі, які вывучае ўласныя назвы геагр. аб’ектаў (тапонімы), заканамернасці іх узнікнення, развіцця, ужывання, пашырэння, значэнне і структуру, таксама пытанні напісання тапонімаў і перадачы іх з адной мовы на іншую. Падзяляецца на агульную і рэгіянальную Т. (даследуе тапанімію — геагр. назвы на пэўнай тэрыторыі, якія ўключаюць айконімы — назвы паселішчаў, гідронімы — назвы рэк, азёр, мікратапонімы — назвы ўрочышчаў і інш.). Цесна звязана з мовазнаўствам, гісторыяй, этнаграфіяй, картаграфіяй, тапаграфіяй, геаграфіяй, геалогіяй, дэмаграфіяй і інш.

Вылучылася ў самаст. навуку ў пач. 20 ст. Вялікі ўклад у развіццё Т. зрабілі вучоныя: К.Буга, А.І.Сабалеўскі, А.А.Шахматаў, бел. З.​Я.​Тараноўскі і Ю.​Ю.​Трусман.

На Беларусі даследаванне геагр. назваў пачалося ў 1-й пал. 19 ст. У 1830—90-я г. тлумачылі сэнс асобных бел. тапонімаў П.М.Шпілеўскі, А.Г.К.Кіркор, І.​В.​Турчыновіч; вывучалі гадранімію ў сувязі з даследаваннем стараж. рассялення славян і балтаў А.​А.​Качубінскі, І.​Я.​Спрогіс, А.​Л.​Пагодзін. Найб. інтэнсіўна развіваецца з 1960—70-х г. 1—3.12.1967 у Мінску адбылася 1-я бел. тапанімічная канферэнцыя. Даследаваны: геаграфія асн. бел. айканімічных тыпаў, выкарыстанне розных метадаў пры вывучэнні геагр. назваў і інш. Праведзена сістэматызацыя тапонімаў, вывучана іх структура (тапанімічныя асновы і словаўтваральныя сродкі), выяўлены балцкія элементы ў бел. геагр. назвах, паказана фарміраванне назваў паселішчаў у гіст. плане. Складзены слоўнікі назваў нас. пунктаў па абласцях (Я.​Н.​Рапановіч). Уклад у развіццё бел. Т. зрабілі М.В.Бірыла, В.А.Жучкевіч, В.П.Лемцюгова. Найб. распрацаваны гідраніміка, айканіміка, мікратапаніміка. Праводзіцца стандартызацыя тапонімаў краіны. Дзейнічаюць тапанімічныя камісіі пры Нац. АН Беларусі (з 1991) і пры Савеце Міністраў (з 1998).

Літ.:

Бірыла М.В., Ванагас А.П. Літоўскія элементы ў беларускай анамастыцы. Мн., 1968;

Жучкевич В.А. Общая топонимика. 3 изд. Мн., 1980;

Яго ж. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974;

Адамовіч Я.М. Мікратапанімічныя назвы. Мн., 1971;

Яшкін І.Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Мн., 1971;

Лемцюгова В.П. Беларуская айканімія. Мн., 1970;

Яе ж. Восточнославянская ойконимия апеллятивного происхождения. Мн., 1983;

Мікратапанімія Беларусі: Матэрыялы. Мн., 1974;

Рылюк Г.Я. Истоки географических названий Беларуси: (С основами общей топонимики). 2 изд. Мн., 1999.

А.​М.​Грыгор’ева, Г.​Я.​Рылюк.

т. 15, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)