ТАНТА́Л,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Фрыгіі ці Лідыі, вядомы сваім багаццем. Угнявіў алімп. багоў тым, што выдаваў іх тайны і, каб праверыць іх усёведанне, пачаставаў іх мясам свайго сына Пелопса, якога сам і забіў. За свае злачынствы Т. пакараны ў падземным царстве вечнымі пакутамі: стоячы па горла ў вадзе, ён не можа напіцца і сарваць плады з блізкіх галін дрэў. Выраз «танталавы пакуты» азначае пакуты ад усведамлення блізкасці недасягальнай мэты. Міф пра Т. апрацаваны Сафоклам.
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 426
ТАНТА́Л (лац. Tantalum),
Ta, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 73, ат. м. 180,948. Прыродны Т. — сумесь стабільнага 181Ta (99,9877%) і слаба радыеактыўнага 180Ta (перыяд паўраспаду 1∙1013 гадоў). У зямной кары 2,5∙10−4% па масе, трапляецца звычайна разам з ніобіем (гл. Танталавыя руды). Адкрыты ў 1802 швед. вучоным А.Экебергам; назва ад імя міфалагічнага Тантала (з-за цяжкасці атрымання ў чыстым выглядзе).
Шэры з сіняватым адценнем пластычны метал, tпл 3014 °C, tкіп каля 5500 °C, шчыльн. 16 600 кг/м³. У звычайных умовах хімічна устойлівы. Раствараецца ў плавікавай кіслаце і яе сумесях з азотнай к-той, гарачай канцэнтраванай сернай кіслаце, расплавах шчолачаў. Кампактны ў паветры пакрываецца тонкай ахоўнай плёнкай пентааксіду Ta2O5, акісляецца пры t > 300 °C. Пры награванні ўзаемадзейнічае з хлорам, фторам, вадародам, пры t > 1200 °C — з азотам і вугляродам; нітрыды (Ta2N, TaN) і монакарбід TaC (tпл каля 3800 °C) вельмі ўстойлівыя да ўздзеяння хім. рэагентаў. Атрымліваюць аднаўленнем Ta2O5 вугалем пры 2000 °C у вакууме. калію гептафтортанталату (V) K2TaF7 — натрыем. Выкарыстоўваюць як кампанент каразійна- і гарачаўстойлівых сплаваў, для вырабу электралітычных кандэнсатараў, электродаў электронных лямпаў, спец. каразійнаўстойлівай апаратуры ў хім. прам-сці і ядз. энергетыцы, фільер у вытв-сці штучнага валакна, награвальнікаў высокатэмпературных печаў, для касцявога пратэзавання ў медыцыне і інш.
Літ.:
Фейрбротер Ф. Химия ниобия и тантала: Пер. с англ. М., 1972;
Ниобий и тантал. М., 1990.
т. 15, с. 426
ТАНТА́ЛАВА ПЯЧО́РА (Tantalhōhle),
Танталь, карставая пячора ў Зальцбургскіх Альпах, у масіве Хохкёніг, у Аўстрыі. Даўж. 30,6 км. Глыб. да 440 м. Утворана ў вапняках трыясу. Турызм.
т. 15, с. 426
ТАНТА́ЛАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні для прамысл. здабычы танталу. Больш за 50 мінералаў маюць у сабе тантал; гал. з іх — танталіт, калумбіт-танталіт, ваджыніт, мікраліт, лапарыт, гатчаталіт і інш. танталаніабаты. Адрозніваюць руды ўласна танталавыя і комплексныя танталаніобіевыя, з якіх таксама здабываюць рэдказямельныя і радыеактыўныя элементы. Паходжанне эндагеннае высокатэмпературнае. Гал. прамысл. тып радовішчаў — пегматытавы. Радовішчы ў Аўстраліі, Бразіліі, Канадзе, Тайландзе, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Нігерыі, Малайзіі.
т. 15, с. 426
ТАНТАЛАНІАБА́ТЫ,
прыродныя комплексныя кіслародныя злучэнні танталу і ніобію з жалезам, марганцам, кальцыем, натрыем, рэдказямельнымі элементамі, ітрыем і інш.; група мінералаў падкласа складаных аксідаў. Тантал і ніобій утвараюць бесперапынныя ізаморфныя рады (напр., калумбіт — танталіт, эшыніт — прыярыт, пірахлор — мікраліт, эўксеніт — палікраз, фергусаніт — фарманіт). Бываюць крышталічныя і метаміктныя. Крышталізуюцца ў рамбічнай, радзей у кубічнай і тэтраганальнай сінганіях. Колер чорны, буравата-чорны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 5—8,3 г/см³. Радыеактыўныя. Паходжанне эндагеннае, высокатэмпературнае. Трапляюцца як акцэсорныя мінералы ў гранітах, пегматытах, карбанатытах, таксама ў россыпах. Руда на тантал, ніобій, ітрый.
т. 15, с. 426
ТАНТАЛІ́Т (тантал + грэч. lithos камень),
мінерал падкласа складаных аксідаў, (Fe, Mn) (Ta, Nb)2O6, крайні член бесперапыннага ізаморфнага рада калумбіт — Т. Мае аксід танталу (Ta2O5) да 86%, прымесі ніобію, волава, вальфраму, урану, тытану і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, прызматычныя, ігольчатыя. Колер чорны, чырванавата-карычневы да ружовага. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 6,2—8,2 г/см³. Крохкі. Радыеактыўны. Паходжанне эндагеннае высокатэмпературнае (у гранітных пегматытах, грэйзенах), трапляецца ў россыпах. Руда танталу і ніобію. Радовішчы ў Канадзе, Бразіліі, Аўстраліі, Мазамбіку, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Расіі, Казахстане і інш.
т. 15, с. 426
ТА́НТЫЯ ТО́ПІ (сапр. Рамчандра Пандуранг; каля 1814—18.4.1859),
адзін з кіраўнікоў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. Паплечнік і военачальнік Нана Сахіба — князя, правы якога як вярх. правіцеля маратхаў (гл. Маратхскія княствы) англічане не прызнавалі. Калі вясной 1857 Нана Сахіб далучыўся да антыбрыт. паўстання, Т.Т. ўзначаліў абарону г. Канпур. Пасля падзення ў ліп. 1857 Канпура ён сумесна з Лакшмі-Баі і інш. кіраўнікамі разгарнуў супраць англічан партыз. вайну. Восенню 1858 спрабаваў прарвацца ў Дэкан, але выдадзены здраднікам і пакараны смерцю.
т. 15, с. 426
ТАНУ́-АЛА́, Тану-Ола,
хрыбет у гарах Паўд. Сібіры, на Пд Рэспублікі Тыва (Расія). Водападзел рэк бас. Енісея і бяссцёкавага воз. Убсу-Нур. Даўж. каля 300 км. Выш. да 3061 м. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, кангламератаў, эфузійна-асадкавых парод, гранітаў. Пераважае сярэднягорны рэльеф. На паўд. схілах да выш. 2000—2200 м — кедрава-лістоўнічная тайга, на паўднёвых — стэп; вышэй — горная тундра і каменныя россыпы.
т. 15, с. 426
ТАНФІ́ЛЬЕЎ Гаўрыла Іванавіч (6.3.1857, Талін — 4.9.1928),
расійскі географ, батанік і глебазнавец, заснавальнік айчыннага балотазнаўства. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1883). З 1885 у дэпартаменце земляробства, удзельнік шматлікіх экспедыцый па Расіі. З 1895 у Пецярбургскім бат. садзе і адначасова ў Пецярбургскім ун-це. З 1905 праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе. Навук. працы па геаграфіі (у т. л. «Геаграфія Расіі», т. 1—4, 1916—24), занальнасці расл. покрыва, балотах і тарфяніках Палесся, морах СССР. Развіваў ідэі В.В.Дакучаева аб прыродных зонах, прапанаваў схему фіз.-геагр. раянавання еўрап. ч. Расіі (1897) і ўсёй Расіі (1903). Яго імем названы адзін з Курыльскіх а-воў.
т. 15, с. 427
ТАНЦАВА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
у шырокім сэнсе — музыка для суправаджэння танца, а таксама муз. творы, якія захоўваюць прыкметы танц. жанраў, але прызначаны для слухання; у вузкім сэнсе — лёгкая музыка, якая суправаджае бытавыя танцы, састаўная частка эстр. і джазавай музыкі. Для Т.м. характэрны дамінаванне метра, тыповыя рытмавыя формулы, акрэсленасць кадэнцый, перавага інстр. жанраў (не выключаецца і вакал).
Т.м. — адзін са стараж. відаў музыкі. Першапачаткова Т.м. — вакальная, а першыя муз. інструменты — ударныя; падзялялася на нар. і прафес. (палацавая, цырыманіяльная, тэатралізаваная). На працягу развіцця Т.м. і некат. муз. жанры ўплывалі адзін на адзін. Да Т.м. адносяцца творы прафес. аўтараў з самаст. маст. каштоўнасцямі, якія маюць жанрава-танц. аснову (вальсы і мазуркі Ф.Шапэна, «Славянскія танцы» А.Дворжака, «Арагонская хота» М.Глінкі). У гэтых творах элементы Т.м. спалучаюцца з танцавальнасцю як асаблівым эстэт. прынцыпам. У агульнамаст. плане танцавальнасць уласціва значнай колькасці твораў прафес. музыкі самых разнастайных жанраў. З 20 ст. Т.м. — найб. пашыраны від муз. мастацтва, што належыць да масавай культуры (гл. Поп-музыка). Сваёй папулярнасцю і уніфікаванасцю Т.м. абавязана сродкам масавай інфармацыі. Сярод традыц. і сучаснай Т.м. 20 ст. найб. папулярныя вальс, танга, рок-н-рол, брэйк-данс інш.
Літ.:
Ефименкова Б. Танцевальные жанры в творчестве замечательных композиторов прошлого и наших дней. М., 1962.
т. 15, с. 427