Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАМА́САЎСКІ ПРАЦЭ́С,

сталеплавільны працэс, разнавіднасць канвертарнага працэсу. Вынайдзены С.​Дж.Томасам у 1878. Выкарыстоўваўся для перадзелу высокафосфарыстага (1,6—2% фосфару) вадкага чыгуну ў сталь прадзіманнем праз яго акісляльных газавых сумесей (сціснутага паветра, кіслароду, сумесі кіслароду з вуглякіслым газам і вадзяною параю і інш.). Прамысл. выкарыстанне пачалося з 1879 у Вялікабрытаніі, Германіі. Да сярэдзіны 1970-х г. у большасці краін выцеснены кіслародна-канвертарным працэсам.

т. 15, с. 412

ТАМА́Т,

род кветкавых раслін, тое, што памідор.

т. 15, с. 412

ТАМАШО́Ў Даніла Парфіравіч (23.12.1875, в. Палошкава Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 10.3.1926),

майстар і рэстаўратар смычковых інструментаў. Вучыўся ў Кіеве (з 1892), працаваў пад кіраўніцтвам А.​Дзідло (вучня Ж.Б.Вільёма, 1896). З 1901 самастойна вырабляў смычковыя інструменты ў Кіеве, з 1906 — у Вял. т-ры, кансерваторыі і інш. муз. установах Масквы. Інструменты, вырабленыя Т., адзначаны залатым медалём на выстаўцы ў Рыме (1911). Захаваліся 26 скрыпак, 3 віяланчэлі яго работы. Адзін з яго інструментаў зберагаецца ў калекцыі рэдкіх муз. інструментаў у Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.

т. 15, с. 412

ТАМАШО́ЎКА,

вёска ў Брэсцкім р-не, каля р. Зах. Буг, на аўтадарозе, якая злучае вёску з Брэстам. Цэнтр сельсавета. За 69 км на Пд ад Брэста, 1 км ад чыг. ст. Уладава. 1231 ж., 404 двары (2002). Санаторый «Елачка». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Пакроўская царква. Могілкі салдат 1-й сусв. вайны. Брацкая магіла сав. пагранічнікаў. Магіла ахвяр фашызму.

т. 15, с. 412

ТАМА́ШЧЫК Яўген Аляксандравіч (н. 15.9.1933, в. Карпаўцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі, рэфлексатэрапіі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Казахскі мед. ін-т (г. Алма-Ата; 1960). З 1967 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1990—98 заг. кафедры). Навук. працы па перадаперацыйнай падрыхтоўцы хворых на рак, язвавыя хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, па рэфлексатэрапіі ў лячэнні і рэабілітацыі хворых з рознай паталогіяй.

Тв.:

Иглорефлексотерапия в комплексной предоперационной подготовке // «Белорусско-польские дни хирургии»;

Сб. материалов междунар. науч. симпозиума. Гродно, 2001.

т. 15, с. 412

ТАМАШЭ́ВІЧ Аляксандр Уладзіміравіч (13.8.1930, Мінск),

бел. вучоны ў галіне эканомікі прыродакарыстання. Д-р эканам. н. (1985), праф. (1988). Сын У.А.Тамашэвіча. Скончыў БДУ (1954). З 1965 у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (з 1975 нам. дырэктара), з 1987 у БДУ (заг. кафедры). Навук. працы па эканам. геалогіі (эканоміцы мінер. сыравіны і геолагаразведачных работ) і эканам. геаграфіі.

Тв.:

Экономическая оценка минеральных ресурсов Белоруссии. Мн., 1978;

Новые тенденции в теории и практике экономики природопользования // Природные ресурсы. 1997. № 1;

Минеральные ресурсы в хозяйственном комплексе Беларуси (разам з Я.​А.​Нікіціным, А.​М.​Сінічкам) // Вопросы минерагепии платформенного чехла и кристаллического фундамента территории Беларуси. Мн., 2000;

География мирового хозяйства: В 3 ч. Ч. 1. Мн., 2001.

т. 15, с. 412

ТАМАШЭ́ВІЧ Баляслаў Цітавіч (1863, в. Колунь Даўгаўпілскага р-на, Латвія — ?),

графік. Творчасць звязана з маст. жыццём Расіі і Беларусі. Скончыў Пецярбургскую АМ (1886). У складзе археал. камісіі падарожнічаў па Беларусі і Украіне, рабіў замалёўкі нар. побыту і адзення беларусаў. Малюнкі і акварэлі Т. змяшчаліся ў час. «Нива», «Kraj» («Край»), альманаху «Z okolić Dźwiny» («З аколіц Дзвіны»). Сярод твораў «Паляванне на качак», «Сустрэча», «На канікулах», «Беларуска ў нацыянальным касцюме».

Л.​В.​Дробаў.

т. 15, с. 412

ТАМАШЭ́ВІЧ Віктар Мікалаевіч (н. 1.8.1954, Мінск),

бел. вучоны-эканаміст і статыстык. Канд. эканам. н. (1986). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1975). З 1975 у Цэнтр. стат. упраўленні пры СМ Беларусі. З 1979 у Бел. эканам. ун-це. З 1995 дырэктар НДІ статыстыкі Мін-ва статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах стат. вывучэння эканам. развіцця постсав. краін, мнагамернага стат. аналізу, параўнальнага аналізу макраэканам. сістэм.

Тв.:

Оценка кредитоспособности предпринимателя. Мн., 1992 (у сааўт.);

Статистика: над. счета, показатели и методы анализа. Мн., 1995 (у сааўт.);

Многомерный статистический анализ в экономике. М., 1999 (у сааўт.);

Основы теории трансформаций общественных систем. Мн., 2000 (у сааўт.);

Социально-экономические последствия двух российских революций // Бел. экон. журн. 2000. № 1.

т. 15, с. 412

ТАМАШЭ́ВІЧ Іван Мікалаевіч (н. 4.3.1949, в. Мерч Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (барытон), баяніст, педагог. Нар. арт. Беларусі (2000). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1979). З 1969 працаваў ва ўстановах культуры Шклова і Бабруйска, з 1979 выкладчык Наваполацкага муз. і Полацкага пед. вучылішчаў. З 1988 арганізатар і маст. кіраўнік канцэртнага аб’яднання пры Бел. т-ве інвалідаў па зроку, з 2001 саліст Белдзяржфілармоніі. Адначасова з 1992 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, з 1970 саліст сімф. аркестра і камерна-інстр. ансамбля Белтэлерадыёкампаніі, з 1992 — аркестра духавых інструментаў «Няміга», з 1993 — Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.​Фінберга. У рэпертуары песні замежных і бел. кампазітараў (некат. выконваў упершыню), рамансы, арыі з опер. Сярод канцэртных праграм: «О калі б мог выказаць у гуку» (1990), «Я не шкадую сэрца добрым людзям» (1995), «Раманс забыты, але цудоўны», «І адкрыліся вочы ў душы» (абодва 1996), «Жамчужны россып мелодый кахання» (1997), «Зямны паклон вялікім юбілярам» (1998—99, прысвечаны А.​Пушкіну і П.​Чайкоўскаму), «Букет прэм’ер ад юбіляра» (2000), «О раманс, ты любоў мая вечная» (2001). Лаўрэат Рэсп. (1989), Усесаюзнага і Міжнар. конкурсаў (абодва 1990) выканаўцаў камернай музыкі.

А.​Л.​Карацееў.

т. 15, с. 412

ТАМАШЭ́ВІЧ Мікалай Мікалаевіч (13.5.1921, в. Новыя Валосавічы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 23.9.1983),

Герой Сав. Саюза (1944).

Скончыў Ленінградскую вышэйшую афіцэрскую бранятанк. шкоду (1945). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнік баёў у Эстоніі. абароны Ленінграда, вызвалення Запаляр’я. Экіпаж танка на чале з мал. лейт. Т. вызначыўся ў студз. 1944 пры вызваленні Ленінградскай вобл.: прарваўся ў тыл ворага, нанёс праціўніку значныя страты і 3 дні ў акружэнні вёў бой да падыходу сав. пяхоты. Да 1956 у Сав. Арміі.

М.М.Тамашэвіч.

т. 15, с. 412