ТАМАШЭ́ВІЧ Іван Мікалаевіч (н. 4.3.1949, в. Мерч Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (барытон), баяніст, педагог. Нар. арт. Беларусі (2000). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1979). З 1969 працаваў ва ўстановах культуры Шклова і Бабруйска, з 1979 выкладчык Наваполацкага муз. і Полацкага пед. вучылішчаў. З 1988 арганізатар і маст. кіраўнік канцэртнага аб’яднання пры Бел. т-ве інвалідаў па зроку, з 2001 саліст Белдзяржфілармоніі. Адначасова з 1992 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, з 1970 саліст сімф. аркестра і камерна-інстр. ансамбля Белтэлерадыёкампаніі, з 1992 — аркестра духавых інструментаў «Няміга», з 1993 — Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.​Фінберга. У рэпертуары песні замежных і бел. кампазітараў (некат. выконваў упершыню), рамансы, арыі з опер. Сярод канцэртных праграм: «О калі б мог выказаць у гуку» (1990), «Я не шкадую сэрца добрым людзям» (1995), «Раманс забыты, але цудоўны», «І адкрыліся вочы ў душы» (абодва 1996), «Жамчужны россып мелодый кахання» (1997), «Зямны паклон вялікім юбілярам» (1998—99, прысвечаны А.​Пушкіну і П.​Чайкоўскаму), «Букет прэм’ер ад юбіляра» (2000), «О раманс, ты любоў мая вечная» (2001). Лаўрэат Рэсп. (1989), Усесаюзнага і Міжнар. конкурсаў (абодва 1990) выканаўцаў камернай музыкі.

А.​Л.​Карацееў.

т. 15, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)