ТАКАФЕРО́ЛЫ (ад грэч. tokos прыплод, патомства + phero нясу + лац. oleum алей),
вітамін E, група метыльных вытворных (α, β, γ, δ) таколу; адзін з тлушчарастваральных вітамінаў.
Т. — алеі светла-жоўтага колеру, нерастваральныя ў вадзе, добра раствараюцца ў арган. растваральніках, Малекулярная маса α-Т. (найб. біялагічна актыўны) 430,7, tпл. 2,5—3,5 °C. Пашыраны ў прыродзе гал. чынам у зерні пшаніцы і рысу, алеях (сланечнікавым, кукурузным і. інш.), таксама ў салаце, шпінаце. Жывёлы і чалавек атрымліваюць Т. з ежай. З’яўляюцца антыаксідантамі. Забяспечваюць стабільнасць клетачных і субклетачных мембран. эфектыўнасць тканкавага дыхання і інш. Недахоп Т. прыводзіць да бясплоддзя, мышачнай дыстрафіі, некрозу печані і інш. Патрэба чалавека 10—20 мг α-Т. у суткі.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 393
ТАКВІ́ЛЬ (Tocqueville) Алексіс (29.7.1805, Вернёй-сюр-Сен, Францыя — 16.4.1859),
французскі сацыёлаг, гісторык-і паліт. дзеяч. У 1831—32 вывучаў пенітэнцыярную сістэму ў ЗША. З 1838 чл. Акадэміі маральных і паліт. навук, з 1841 — Франц. акадэміі. З 1839 чл. Палаты дэпутатаў, з 1848 — Устаноўчага, з 1849 — Заканад. (віцэ-старшыня) сходаў. Міністр замежных спраў (1849). Адзін з лідэраў кансерватыўнай Партыі парадку. У працах «Аб дэмакратыі ў Амерыцы» (1835), «Стары парадак і рэвалюцыя» (1856) аналізаваў супярэчнасці «дэмакр. рэвалюцыі», сутнасць і перспектывы дэмакратыі. Першая фаза развіцця дэмакратыі, на яго думку, — стварэнне абс. манархіі, у якой «знаць ужо зламана, а народ яшчэ не ўзняўся», у сувязі з чым уладары «цешацца паліт. стабільнасцю і ўсемагутнасцю». Рэвалюцыя, у т. л. і Франц. рэвалюцыя 1789—94, звяргае абсалютызм, адмяняе феад. прывілеі, зацвярджае трыумф эгалітарызму, але не пазбаўляе грамадства ад вынікаў абсалютызму, замяняе старую форму тыраніі дэмакр. дэспатызмам, а феад. няроўнасць — неабмежаваным панаваннем «іерархіі функцыянераў», якія складаюць «машыну кіравання». У гэтых умовах народ адхілены ад улады, ператвараецца ў аднародную масу, якая набывае скажоную форму роўнасці — «роўнасць у рабстве». У выніку ўзнікае індывідуалізм. які адхіляе людзей ад улады, ізалюе іх адзін ад аднаго і падштурхоўвае іх да прыватнага жыцця, у бок ад грамадскіх адносін і палітыкі. Каб абясшкодзіць грамадства ад новых форм дэспатызму, якія ствараюцца самім развіццём дэмакратыі, апорай свабоды павінна стаць, на думку Т., развіццё самасвядомасці і самакіравання, добраахвотных асацыяцый грамадзян, а таксама пашырэнне рэліг. перакананняў, якія па сваёй прыродзе несумяшчальныя з усеўладдзем дзяржавы і яго культам.
Я.М.Бабосаў.
т. 15, с. 393
ТАКЕЛА́У (Tokelau),
уладанне Новай Зеландыі на аднайм. астравах у цэнтр. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 10 км². Нас. 1,4 тыс. чал. (1998). Астравы заселены палінезійцамі. Адм. ц. на атоле Факаофа. Афіц. мова — англійская. Складаецца з 3 нізінных атолаў, што ўздымаюцца над узр. акіяна на 3—4 м. Паверхня складзена з абломкаў каралаў і каралавых пяскоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры 22—26 °C. За год выпадае каля 3000 мм ападкаў. У снеж.—сак. бываюць моцныя ўраганы. Астравы катастрафічна разбураюцца ад павышэння ўзроўню Сусв. акіяна. Натуральная расліннасць прадстаўлена панданусам, какосавымі пальмамі, хмызнякамі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Аснова эканомікі — натуральная і паўнатуральная сельская гаспадарка. Важнейшая с.-г. культура — какосавая пальма; копра — асн. прадмет экспарту. Вырошчваюць таксама тара, папайю, бананы. Свіна- і птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Транспарт марскі. Ёсць аэрадром і пасадачныя пляцоўкі. У сувязі з прыроднай і эканам. нестабільнасцю прынята праграма паступовага перасялення жыхароў у Новую Зеландыю. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад Новай Зеландыі, Аўстраліі, ААН. Турызм. Грашовая адзінка — новазеландскі долар і сувенірная манета Такелау.
А-вы Т. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа і Тонга ў 1-м тыс. н.э. Першы з а-воў Т. адкрыты ў 1765 англ. капітанам Дж.Байранам. апошні — у 1835. З 1877 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—26 ч. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 1926 перададзены пад кіраванне Новай Зеландыі, фармальна замацаваны за ёй як «несамакіравальная тэрыторыя» ў 1948. У 1977 атрымалі самакіраванне.
т. 15, с. 393
ТАКІ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,
у Ціхім ак., каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа в-ва Хонсю (Японія). Даўж. каля 50 км, шыр. да 37 км, глыб. 15—30 м. Вузкім (да 9 м) прал. Урага злучаны з зал. Сагамі-Нада, а праз яго з Ціхім ак. Берагі нізінныя, густанаселеныя. Буйныя парты: Токіо, Іакагама, Іакосука, Кавасакі.
т. 15, с. 393
ТАКІ́ЙСКІ ПРАЦЭ́С,
судовы працэс над гал. яп. ваеннымі злачынцамі пасля 2-й сусв. вайны. Адбыўся 3.5.1946—12.11.1948 у Токіо ў Міжнародным ваенным трыбунале для Д. Усходу. Праведзены на падставе патрабаванняў Патсдамскай дэкларацыі 1945 і Акта аб капітуляцыі Японіі ад 2.9.1945. Суду падлягала група з 28 дзярж. і ваен. дзеячаў Японіі, прыгавор вынесены адносна 25 з іх (2 падсудныя памерлі ў час працэсу, 1 прызнаны ў стане несвядомасці). У ходзе працэсу праведзены 818 адкрытых суд. пасяджэнняў, прыняты 4356 дакумент. доказаў і 1194 паказанні сведкаў. З 4.11.1948 зачытваўся прыгавор (1214 старонак). Падсудныя прызнаны вінаватымі ў тым, што на працягу 1928—45 планавалі, рыхтавалі і вялі агрэсіўныя войны супраць Кітая, СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краін, арганізоўвалі ваен. злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва (знішчэнне мірных жыхароў, забойствы і катаванні ваеннапалонных і інш.). Трыбунал прыгаварыў да пакарання смерцю 7 падсудных (павешаны ў Токіо ў ноч на 23.12.1948), да пажыццёвага зняволення 16, да 20 гадоў турмы — 11, да 7 гадоў зняволення — 1 падсуднага. Т.п., як і Нюрнбергскі працэс, садзейнічаў зацвярджэнню прынцыпаў і нормаў сучаснага міжнар. права ў галіне асуджэння дзярж. агрэсіі.
Літ.:
Смирнов Л.Н., Зайцев Е.Б. Суд в Токио. М., 1978;
Рагинский М.Ю. Милитаристы на скамье подсудимых: По материалам Токийского и Хабаровского процессов. М., 1985.
т. 15, с. 393
ТАКІ́ЙСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
старэйшы і найбуйнейшы дзярж. ун-т Японіі. Засн. ў 1877. З 1886 Імператарскі ун-т, з 1897 Такійскі Імператарскі, з 1947 сучасная назва. У 1949 да яго далучаны Першая і Такійская вышэйшая школа. Больш за 15,5 тыс. студэнтаў і каля 11,5 тыс. аспірантаў (2002). Ф-ты: л-ры, адукацыі, права, эканомікі, навукі, медыцыны, фармакалогіі, с.-г., інжынерны. У складзе ун-та агульнаадук. каледж; лабараторыя касм. прамянёў, ін-ты: ядз. даследаванняў. фізікі цвёрдага цела, акіяналогіі, мед. навук, землетрасенняў, усх. культуры, сац. навук, журналістыкі, індустр. навук, гістарыяграфіі, прыкладной мікрабіялогіі.
т. 15, с. 393
ТАКЛА-МАКА́Н,
пустыня на З Кітая, у цэнтр. ч. Кашгарскай раўніны; адна з буйнейшых пясчаных пустынь свету. Пл. 271 тыс. км². Даўж. з 3 на У больш за 1000 км, шыр. да 400 км. Пераважаюць выш. 800—1300 м, найб. выш. 1664 м (г. Чонгтаг). Б.ч. тэрыторыі ўкрыта пяскамі (месцамі магутнасцю да 300 м). Характэрны барханы, дзюны, замацаваныя ўзгоркі, на ўскраінах гліністыя ўчасткі з саланчакамі. Т.-М. з 3 і Пн агінае р. Тарым, у вільготныя гады перасякае р. Хатан. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Ападкаў да 100 мм за год. Моцныя вятры, пясчаныя буры. Б.ч. паверхні без расл. покрыва. У вільготных месцах — тамарыск, салянкі, сялітранкі, па далінах рэк — рэшткі тугайных таполевых лясоў, рэдкія аазісы.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 15, с. 393
ТАКО́МА (Tacoma),
горад на ПнЗ ЗША, штат Вашынгтон. 179,8 тыс. ж., з прыгарадамі каля 600 тыс. ж., з г.Сіэтл і агульнымі прыгарадамі каля 2,5 млн. ж. (1998). Порт у зал. П’юджэт-Саўнд. Прам-сць: каляровая (алюміній і медзь) і чорная металургія, суднабуд., суднарамонтная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім., нафтаперапр., харч., металаапр., вытв-сць прамысл. абсталявання. Цэнтр рыбалоўства.
т. 15, с. 394
ТА́КСА (ад лац. taxare ацэньваць),
дакладна вызначаныя дзяржавай або органамі самакіравання расцэнкі тавараў ці ўзровень аплаты працы або паслуг.
т. 15, с. 394