Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАКУГА́ВА,

дынастыя правіцеляў (сёгунаў) Японіі ў 1603—1868. Засн. Такугава Іэясу, які з захопам улады скончыў міжусобныя войны (15—16 ст.). Для ўмацавання дзяржавы сёгуны Т. ажыццявілі ў 1-й пал. 17 ст. шэраг рэформ: рэгламентавалі правы і абавязкі кожнага саслоўя, усталявалі кантроль над князямі (даймё) і г.д. З 1630-х г. урад Т. ажыццяўляў палітыку ізаляцыі Японіі ад знешняга свету. З канца 18 ст. дзяржава Т. перажывала ўнутр. крызіс, выкліканы ростам насельніцтва і сялян і прывілеяванага саслоўя — самураяў. Прымусовае «адчыненне» краіны еўрап. дзяржавамі ў 1854—58 паглыбіла крызіс. У маі 1868 апошні сёгун Т. — Кэйкі скінуты ў выніку руху за аднаўленне ўлады імператара — Мэйдзі Ісін.

т. 15, с. 396

ТАКУ́ЕЎ Рыгор Аркадзевіч (23.12.1917, в. Паташаўка Архангельскай вобл., Расія — 9.10.1995),

удзельнік партыз. руху ў Палескай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, з чэрв. 1942 у партызанах, камандзір падрыўной групы, са жн. 1943 дыверсійнага атрада 125-й Капаткевіцкай партыз. брыгады. На чале з ім партызаны пусцілі пад адхон 55 варожых эшалонаў, з іх асабіста Т. — 19. Да 1980 на кіруючай рабоце ў спарт. т-ве «Спартак».

Р.А.Такуеў.

т. 15, с. 396

ТАКУСІ́МА,

горад у Японіі, на ПнУ в-ва Сікоку. Адм. ц. прэфектуры Такусіма. Каля 300 тыс. ж. (2001). Марскі порт. Прам-сць: маш.-буд., хім., дрэваапр., харч., паліграфічная. Традыц. нац. рамёствы (лакавыя вырабы). Ун-т.

т. 15, с. 396

ТАКЫ́РЫ (ад цюрк. такыр — роўны, голы),

плоскія гліністыя паніжэнні ў пустынях і паўпустынях Сярэдняй Азіі і Казахстана. Вясной і летам пасля дажджу на Т. утвараюцца часовыя неглыбокія азёры. Летам яны пакрываюцца скарынкай. якая разбіваецца трэшчынамі ўсыхання на асобныя мнагаграннікі (6—12 см у папярочніку). Расліннасць рэдкая палынна-салянкавая ці адсутнічае.

т. 15, с. 397

ТА́ЛАВАЕ МА́СЛА,

сумесь арган. злучэнняў, атрыманая пры перапрацоўцы сульфатнага мыла — дадатковага прадукту сульфатнай варкі цэлюлозы.

Найб. пашырана Т.м. з хвоі — цёмна-рудая вадкасць, шчыльн. 994—1001 кг/м³, Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. Асн. кампаненты — смаляныя кіслоты (40—45%) і вышэйшыя ненасычаныя тлустыя кіслоты (прыкладна 40%), пераважна алеінавая, лінолевая і ліналенавая. мае таксама нейтральныя рэчывы (да 20%). Т.м. з драўніны лісцевых парод смаляных кіслот не мае. Солі кіслот Т.м. наз. талатамі. Выкарыстоўваюць Т.м. як сыравіну для атрымання каніфолі і вышэйшых аліфатычных кіслот, Т.м. з драўніны лісцевых і сумесі хваёвых і лісцевых парод як флотарэагент, кампанент змазачна-ахаладжальных вадкасцей.

т. 15, с. 397

ТАЛА́Й, заяц-талай,

млекакормячае сям. зайцавых, гл. ў арт. Зайцы.

т. 15, с. 397

ТАЛАКА́,

у беларусаў і інш. слав. народаў даўні нар. звычай калектыўнай дапамогі ў гасп. работах. Звычайна на адзін дзень запрашалі сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў для тэрміновай ці працаёмкай работы, якая вымагала многа работнікаў і цягла: зрубіць хату, скасіць сена, зжаць жыта, выбраць бульбу, вывезці лес, гной на поле і інш. Памагалі найперш пагарэльцам, удовам, салдаткам, бясконным. Т. звычайна заканчвалася застоллем, спяваннем талочных песень.

У Т. выяўляюцца рысы стараж. калектывізму і рэшткі абшчыннага побыту. У час прыгону паны выкарыстоўвалі нар. звычай і ўводзілі прымусовыя Т. для выканання тэрміновых с.-г. работ звыш абавязковых сялянскіх павіннасцей. т.зв. згоны.

т. 15, с. 397

«ТАЛАКА́»,

маладзёжнае гісторыка-культурнае аб’яднанне. Існавала ў 1985—91 у Мінску. Аб’ядноўвала каля 50 членаў, якія ўдзельнічалі ў рэстаўрацыі помнікаў і археал. раскопках у Мінску, Мінскім, Маладзечанскім і інш. раёнах. адраджэнні бел. рэліг. абшчын (неаязычніцкай, уніяцкай, каталіцкай, праваслаўнай), выступалі за шырокае выкарыстанне бел. мовы ў паўсядзённым жыцці, стварэнне ў гарадах бел. школ, арганізоўвалі дыскусіі і асв. лекцыі па пытаннях нац. гісторыі і сімволікі, захавання арх. помнікаў; праводзілі краязн. экскурсіі, фалькл. святы, літ.маст. вечарыны і інш. Спыніла існаванне ў сувязі з пераходам большай часткі членаў у інш. грамадскія арг-цыі.

С.​У.​Вітушка.

т. 15, с. 397

«ТАЛАКА́»,

бел. ансамбль танца, музыкі і песні Віцебскай абл. філармоніі. Створаны ў 1993. Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. балетмайстар М.​Падаляк, хормайстар А.​Падаляк, муз. кіраўнік В.​Сіўцова. У складзе ансамбля харэаграфічная (12 чал.), вак. (6 чал.) і інстр. (7 чал.) групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы, танцы народаў свету, бел. нар. песні ў апрацоўцы У.​Зіневіча, А.​Кашпура, А.​Рашчынскага, М.​Сіраты. Сярод пастановак: бел. нар.-сцэнічныя танцы «Ойра», «Закаблукі», «Вясковы вальс», «Брылі», «Баравенічкі», «Крупчанская кадрыль», «Прыдзвінскія забавы»; харэаграфічныя замалёўкі «Бабылі», «Межанская прабегліца»; бел. нар. песні, інстр. найгрышы «Стрыкач», «Драбавец», «Полька дзедава», «З рога ўсяго многа» і інш.

Ансамбль «Талака».

т. 15, с. 397

ТАЛАКНО́,

даўняя страва з аўса, вядомая многім народам. Беларусы зерне аўса спачатку парылі ў печы, потым сушылі, абтоўквалі ў ступе, палалі ў начоўках, малолі ў жорнах, прасейвалі. Перад спажываннем дробныя крупы размочвалі ў халоднай вадзе. На ПнЗ Беларусі Т. замешвалі большай колькасцю вады і елі лыжкамі. На Віцебшчыне, Лоеўшчыне Т. называлі прыгатаваную такім чынам муку. У зах. і паўн.-зах. гаворках мае назву мілта.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 15, с. 397