ТАЛАКА́,
у беларусаў і інш. слав. народаў даўні нар. звычай калектыўнай дапамогі ў гасп. работах. Звычайна на адзін дзень запрашалі сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў для тэрміновай ці працаёмкай работы, якая вымагала многа работнікаў і цягла: зрубіць хату, скасіць сена, зжаць жыта, выбраць бульбу, вывезці лес, гной на поле і інш. Памагалі найперш пагарэльцам, удовам, салдаткам, бясконным. Т. звычайна заканчвалася застоллем, спяваннем талочных песень.
У Т. выяўляюцца рысы стараж. калектывізму і рэшткі абшчыннага побыту. У час прыгону паны выкарыстоўвалі нар. звычай і ўводзілі прымусовыя Т. для выканання тэрміновых с.-г. работ звыш абавязковых сялянскіх павіннасцей. т.зв. згоны.
т. 15, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)