Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

«ТАЁТА»,

сям’я аўтамабіляў і аўтобусаў яп. канцэрна «Таёта мотар карпарэйшэн». Выпускаюцца з 1935. Легкавыя аўтамабілі маюць кузаў седан, хэтчбэк ці купэ, рухавік магутнасцю 54—243 кВт, найб. скорасць да 250 км/гадз; грузавыя аўтамабілі агульнага прызначэння — поўную масу 1,99—4,5 т, рухавік магутнасцю 51—88 кВт. Аўтобусы ўмяшчаюць да 26 пасажыраў.

Сям’я аўтамабіляў «Таёта»: 1 — купэ мадэлі «Цэліка»; 2 — пікап «Т-100»; 3 — мікрааўтобус «Хай-Эйс»; 4 — грузавы аўтамабіль «Дына-350».

т. 15, с. 382

«ТАЁТА МО́ТАР»,

найбольшая аўтамабільная кампанія ў Японіі. Засн. ў 1926 як «Таёда атаматык лум воркс», з 1937 — сучасная назва. Вырабляе легкавыя і грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, аўтапагрузчыкі, трактары, дэталі і вузлы да машын, змазачныя маслы, быт. эл. тавары. Паводле аб’ёму продаж займае ў Японіі 1-е месца, у свеце сярод буйнейшых кампаній — 18-е, сярод галіновых — 3-е. Мае 10 вытв. прадпрыемстваў у Японіі, 27 — у інш. краінах. Супрацоўнічае з аўтамаб. кампаніямі ЗША (кааперуецца з «Джэнерал мотарс карпарэйшэн») і Вялікабрытаніі.

т. 15, с. 383

ТАЁТО́МІ Хідэёсі (1536—15.9.1598),

японскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Напачатку паплечнік палкаводца Н.​Ода ў войнах за аб’яднанне Японіі. Пасля смерці Ода ў 1582 сканцэнтраваў у сваіх руках усю дзярж. ўладу, застаючыся фармальна канцлерам (кампаку). Завяршыў аб’яднанне Японіі, падпарадкаваўшы ў 1587 в-аў Кюсю, у 1590 — паўн.-ўсх. ч. в-ва Хонсю. Рабіў захады па замацаванні прывілеяванага становішча самураяў. Правёў шэраг мерапрыемстваў па рэстаўрацыі прыгонніцтва. Праводзіў агрэсіўную знешнюю палітыку, вёў вайну супраць Карэі, але пацярпеў паражэнне (гл. Імдзінская вайна 1592—98).

Літ.:

Искендеров А.​А.​Тоётоми Хидэёси. М., 1984.

т. 15, с. 383

ТАЁХАСІ,

горад у Японіі, на ПдУ в-ва Хонсю. Каля 350 тыс. ж. (2001). Трансп. вузел. Прам-сць: шаўковая, маш.-буд., хім., дрэваапрацоўчая.

т. 15, с. 383

ТА́ЗАЎСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

на Пн Зах.Сібірскай раўніны, у Ямала-Ненецкай аўт. акрузе Расіі. Абмываецца на З Обскай, на У Тазаўскай губамі Карскага м. Даўж. каля 200 км, шыр. каля 100 км, выш. каля 100 м. Паверхня раўнінная, слаба нахіленая да Тазаўскай губы, стромка абрываецца да Обскай губы. Тундравая расліннасць.

т. 15, с. 383

ТАІ́ДЗЕ,

грузінскія мастакі; бацька і сын. Нарадзіліся ў Тбілісі.

Майсей (Масе) Іванавіч (2.2.1871—17.6.1953), жывапісец. Нар. маст. СССР (1953). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Герой Працы (1932). Праф. Тбіліскай АМ (1930—53). У 1922 арганізаваў у Тбілісі Нар. маст. студыю. Аўтар твораў, прысвечаных нар. побыту, гісторыі Грузіі, партрэтаў: «Мцхетоба» (1899—1901), «Партрэт маці» (1904—05), «Ліст з фронту» (1942), «Песня перамогі» (1948).

Іраклій Майсеевіч (27.3.1902—1985), графік, жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1951). Нар. маст. Грузіі (1980). Вучыўся ў свайго бацькі Майсея Т. Скончыў Тбіліскую АМ (1930). Аўтар плакатаў, якім уласцівы эмацыянальнасць, прызыўныя сіла («Радзіма-Маці заве!», 1941), ілюстрацый да паэмы Шата Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (1937) і кнігі «Гісторыя Грузіі» (1950), жывапісных карцін. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1948, 1949, 1951.

І.Таідзе. Радзіма-Маці заве! 1941.

т. 15, с. 383

ТАІ́З,

горад на ПдЗ Йемена. Адзін са стараж. араб. гарадоў. Каля 300 тыс. ж. (2001). Гандл.-трансп. цэнтр. Міжнар. аэрапорт. Вытв-сць посуду, вырабаў з пластмас і алюмінію, харч. прадуктаў. Рамёствы. Мячэці аль-Музафар (13—14 ст.; рэстаўрыравана ў 17—18 ст.), аль-Ашрафія (13 ст.); гарадская сцяна з 2 варотамі і цытадэллю. Паблізу мячэць Джанадыя (7 ст.).

т. 15, с. 383

ТА́ІНСТВЫ,

у хрысціянстве абрадавыя дзеянні, у якіх «пад бачным абразом паведамляецца вернікам нябачная боская ласка». Праваслаўе і каталіцызм прызнаюць Т. хрышчэння, прычасця, свяшчэнства, споведзі, мірапамазання, шлюбу, ялееасвячэння (саборавання). У большасці пратэстанцкіх плыней спраўляюцца толькі хрышчэнне і прычасце, якія разглядаюцца як сімвалічныя абрады, што не адрозніваюцца ад іншых. Паводле вучэння царквы, Т. ўстаноўлены Ісусам Хрыстом. Яны ў хрысціянскі культ уводзіліся на працягу доўгага часу. Спачатку хрышчэнне і прычасце, потым свяшчэнства і толькі ў 4—5 ст. — астатнія Т. Вытокі Т. узыходзяць да вераванняў, магічных дзеянняў стараж. людзей, якія былі ўпэўнены ў магчымасці непасрэдных зносін са звышнатуральнымі сіламі, уздзеяння на іх. Пры ўстанаўленні Т. хрысціянства запазычыла шмат элементаў з усх. рэлігій. Вял. ўвагу царква аддае правільнаму выкананню Т. з абавязковым удзелам у іх духоўных асоб, чым падкрэсліваецца роля царквы як пасрэдніцы паміж Богам і людзьмі. Гэта ўмова не прызнаецца пратэстанцкімі цэрквамі, якія адмаўляюць ідэю пасрэдніцтва царквы ў зносінах чалавека з Богам.

т. 15, с. 383

ТАІ́РАЎ (сапр. Корнбліт) Аляксандр Якаўлевіч

(6.7.1885, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна — 25.9.1950),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1935). Творчую дзейнасць пачаў у 1905 як акцёр, з 1908 — рэжысёр. Заснавальнік (сумесна з А.​Коанен) і маст. кіраўнік Камернага т-ра (1914—49) у Маскве. Адзін з рэфарматараў рус. сцэны. Імкнуўся да стварэння «сінтэтычнага т-ра» — пераважна рамант. і трагедыйнага рэпертуару, выхавання ў акцёраў віртуознага майстэрства, пераўтварэння сцэн. прасторы. Сярод пастановак: «Фаміра-кіфарэд» І.​Аненскага (1916), «Саламея» О.​Уайльда (1917), «Прынцэса Брамбіла» паводле Э.Т.​А.​Гофмана (1920), «Федра» Ж.​Расіна (1922), «Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла (1926), «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (1933), «Мадам Бавары» паводле Г.​Флабера (1940) і інш.

т. 15, с. 383

ТАІ́ЦІ (Tahiti),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы вялікі ў групе астравоў Таварыства, у складзе Палінезіі Французскай, уладанне Францыі. Пл. 1042 км². Нас. каля 140 тыс. чал. (2000). Складаецца з 2 горных масіваў, злучаных вузкім (да 2 км) перашыйкам. Выш. да 2241 м (г. Арахена). Абкружаны каралавымі рыфамі. Клімат трапічны марскі. Ападкаў 1400 мм за год. Вільготныя трапічныя лясы. На берагавой нізіне плантацыі какосавых пальмаў, бананаў, цукр. трыснягу, ванілі, ананасаў. Вырошчваюць тара, ямс, батат, маніёк і інш. Здабыча жэмчугу. Рыбалоўства. Турызм. На Т. адм. цэнтр і асн. порт Палінезіі Франц. — Папеэтэ.

т. 15, с. 383