Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

вы́сербаць гл. сёрбаць.

вы́сеў гл. высеяць.

вы́сеўкі, -севак.

Астаткі ад прасеянага.

Аўсяныя в.

|| прым. вы́севачны, -ая, -ае.

вы́сечка, -і, ДМ -чцы, ж.

1. гл. высечы.

2. мн. -і, -чак. Месца, дзе высеклі лес.

Раскарчаваць высечку.

вы́сечы, -секу, -сечаш, -сеча; -сечам, -сечаце, -секуць; вы́сек, -кла; -сечы; -сечаны; зак., што.

1. Ссячы ўсё, знішчыць.

В. лес.

2. Выбраўшы, ссячы.

В. жардзіну.

3. Секучы, дастаць, выняць або вырабіць.

В. кавалак лёду.

4. Выразаць з каменя ці на камені.

В. надпіс.

В. бюст.

5. Здабыць ударам па крэмені, выкрасаць.

В. іскру.

|| незак. высяка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. вы́сечка, -і, ДМ -чцы, ж. (да 1—4 знач.).

вы́сеяць, -сею, -сееш, -сее; -сей; -сеяны; зак.

Пасеяць (якую-н. колькасць).

В. сто пудоў жыта.

|| незак. высява́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. высява́нне, -я, н. і вы́сеў, -севу, м. (спец.).

Нормы высеву.

Высеў траў.

|| прым. высяўны́, -а́я, -о́е.

вы́сіліцца, -люся, -лішся, -ліцца; зак.

1. Дайсці да страты сіл; знясіліцца.

В. на цяжкай рабоце.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць неўрадлівым, спустошыцца (пра глебу; разм.).

Зямля высілілася.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць моц (пра віно, хрэн і пад.; разм.).

|| незак. высі́львацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. высі́льванне, -я, н. і высіле́нне, -я, н.

вы́сіцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -сіцца; незак.

Узвышацца, стаяць высока.

Удалечыні высіцца вежа.

вы́скал, -у, мн. -ы, -аў, м.

Сціснутыя зубы, якія відаць з-за расцягнутых губ.

Драпежны в.

вы́скаліцца гл. скаліцца.