Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

тайні́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Месца для хавання чаго-н.

Хаваць пісталет у тайніку.

2. перан. Самае запаветнае, патаемнае месца чаго-н.

У тайніках душы.

|| прым. тайніко́вы, -ая, -ае (да 1 знач.).

та́йны, -ая, -ае.

1. Які з’яўляецца тайнай для каго-н., вядомы нямногім.

Тайная сустрэча.

2. Які яшчэ не пазнаны, унутраная сутнасць якога не выяўлена.

Тайныя з’явы прыроды.

3. Загадкавы, таямнічы.

У яго словах адчуваўся т. сэнс.

4. Звязаны з сакрэтнасцю, прызначаны для сакрэтных спраў.

Тайная паліцыя.

тайфу́н, -у, мн. -ы, -аў, м.

Ураган вялікай разбуральнай сілы, які бывае пераважна ў Паўднёва-Усходняй Азіі і заходняй частцы Ціхага акіяна.

так.

1. прысл. Такім чынам, а не інакш.

Так трэба рабіць.

Ці так я сказаў?

2. прысл. У такім стане, выглядзе, становішчы і пад.; без дадатковых сродкаў, намаганняў і інш.

Мяса трэба есці з хлебам, а не так.

Мужчына нёс чамадан, а жанчына ішла так.

3. прысл. У такой ступені, да такой ступені, настолькі.

Гэта было так даўно, што ніхто не помніць.

Стала так цёмна, як ноччу.

4. прысл. Без асаблівай прычыны, без патрэбы або без пэўнай мэты, без сур’ёзнага намеру.

Ён прыйшоў не памагаць, а так паглядзець.

5. прысл. Правільна, дакладна, сапраўды.

Сумленны ён чалавек, гэта так.

6. часц. Ужыв. ў рэпліках пры адказе для выражэння сцвярджэння, згоды.

Верш вывучыў? — Так.

Ты любіш маляваць, любіш многа чытаць.

Так? — Так.

7. часц. Ужыв. ў рэпліцы-адказе з агульным значэннем неакрэсленасці.

Як жывеш? — Ды так.

8. часц. указ. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа для канкрэтызацыі, пацвярджэння раней выказанай думкі.

Так, цяжка табе будзе, пакуль прывыкнеш.

9. часц. узмацн. Выкарыстоўваецца для падкрэслівання большай выразнасці таго слова, пры якім яно стаіць.

А я так думаю, што ўсё гэта забудзецца.

10. часц. абмежавальная. Ужыв. для ўказання на прыблізную колькасць, меру чаго-н., час і пад.

Прайшлі так кіламетраў пяць.

Гадоў так праз дзесяць і не пазнаеш яго, як сустрэнеш.

11. часц. У спалучэнні з «і» ўказвае на характар дзеяння.

Яблык апетытны, так і хочацца ўкусіць.

12. злуч. У спалучэнні са злучнікам «як» выкарыстоўваецца для злучэння аднародных членаў сказа і сказаў з параўнальна-супастаўляльным адценнем.

Як дзеці, так і дарослыя любяць сваю родную мову.

За так — бясплатна, дарма.

І так далейужыв. ў канцы пералічэння чаго-н. і ўказвае, што пералічэнне можа працягвацца.

Не так каб (разм.) — не вельмі.

Не так каб цёпла было, але і не холадна.

Не так сабе — з нейкай мэтай, з пэўным намерам.

Так і так (разм.) — ужыв. замест пераказу, паўтарэння ўжо вядомага, пра што ўжо расказвалася.

Так сабе (разм.) — ні добра ні дрэнна, пасрэдна.

Цікавая кніжка? — Так сабе.

Так ці інакш (іначай) — ва ўсякім выпадку, як бы не склаліся абставіны.

Так ці інакш, я заўтра буду ў вас.

Хоць бы і так (разм.) — няма нічога асаблівага, дрэннага ў чым-н.

такава́ць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -ку́е; незак.

Пра некаторых птушак: своеасаблівымі рухамі і крыкам падзываць самку.

Цецерукі такуюць вясной.

|| наз. такава́нне, -я, н.

такаві́шча, -а, мн. -ы, -ві́шч і -аў, н.

Месца, дзе такуюць птушкі.

така́рнічаць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

Займацца такарнай справай.

|| наз. така́рнічанне, -я, н.

така́рны, -ая, -ае.

Звязаны з механічнай апрацоўкай металу, дрэва і іншых матэрыялаў пры дапамозе абточвання.

Т. станок.

така́рня, -і, мн. -і, -рань і -рняў, ж.

Такарная майстэрня.

та́каць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

Падтакваць каму-н., часта ўжываць слова «так».

|| наз. та́канне, -я, н.