Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

там.

1. прысл. У тым месцы, не тут.

Тут сонца свеціць, а там дождж ідзе.

2. прысл. Потым, затым, далей.

Там пабачым, што трэба рабіць.

3. часц. У спалучэнні з займеннікам «які» і прыслоўямі «дзе», «калі», «куды» ўжыв. для ўзмацнення адмаўлення чаго-н., указання на немагчымасць здзейсніць што-н. (разм.).

Дзе там тая дарога!

Балота адно.

Якія там грошы!

Дзе там!

4. часц. Ужыв. ў пабуджальных сказах для ўзмацнення пабуджальнасці (разм.).

Пастарайся там хутчэй закончыць работу.

тамага́ўк, -а, мн. -і, -аў, м.

Ударная кідальная зброя паўночнаамерыканскіх індзейцаў.

тамада́, -ы́, ДМ -дзе́, мн. -ы́, Р не ўжыв., м.

Асоба, якая вядзе банкет.

тама́т, -а і -у, Ма́це, мн. -ы, -аў, м.

1. -а. Тое, што і памідор.

2. -у, толькі адз. Паста, соус з памідораў.

Рыба ў тамаце.

|| прым. тама́тны, -ая, -ае.

Т. сок.

та́машні, -яя, -яе (разм.).

Які знаходзіцца там, у тым месцы, у той мясцовасці, пра якую ідзе гаворка; не тутэйшы.

Тамашнія жыхары.

та́мбур¹, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Прыбудова каля ўваходных дзвярэй, якая засцерагае ад пападання ў памяшканне халоднага паветра.

2. Закрытая пляцоўка пасажырскага чыгуначнага вагона.

3. Цыліндрычная або шматгранная верхняя частка будынка, якая падтрымлівае купал (спец.).

|| прым. та́мбурны, -ая, -ае.

та́мбур², -у, м.

Род вышывання або вязання вочка ў вочка.

|| прым. та́мбурны, -ая, -ае.

Тамбурнае шво.

тамбу́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Тое, што і танбур.

тамбурмажо́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Дырыжор, які задае рытм ваеннаму аркестру на маршы.

2. Жазло, якім дырыжор задае рытм духавому аркестру на маршы.

|| прым. тамбурмажо́рскі, -ая, -ае (да 1 знач.).

тамбуры́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Ударны народны музычны інструмент, род бубна, пашыраны на поўдні Еўропы.

2. Барабан з падоўжаным корпусам.