Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

тва́ністы, -ая, -ае.

Багністы, гразкі, у якім лёгка загразнуць, увязнуць.

Тваністая мясцовасць.

|| наз. тва́ністасць, -і, ж.

твань, -і, ж.

Дрыгва, багністае месца.

твар, -у, мн. -ы, -аў, м.

1. Пярэдняя частка галавы чалавека.

Загарэлы т.

Прыгожы т.

2. перан. Індывідуальнае аблічча, выгляд, характэрныя рысы каго-, чаго-н.

Мяняецца т. гарадоў.

Да твару (разм.) —

1) ідзе, падыходзіць каму што-н.;

2) адпавядае чыйму-н. становішчу.

У твар (ведаць, знаць каго-н.) — па знешнім выглядзе.

|| памянш.-ласк. тва́рык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.).

тваро́г, -рагу́, м.

Прадукт харчавання, які атрымліваецца з кіслага малака пры аддзяленні ад яго сыроваткі пасля адтоплівання.

Заправіць т. смятанай.

|| прым. тваро́жны, -ая, -ае.

Т. сыр.

тваро́жнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Печаная аладка з тварагу; сырнік.

тваро́жысты, -ая, -ае.

Падобны з выгляду на тварог.

Тварожыстая маса.

тваро́жыцца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -жыцца; незак.

Ператварацца ў тварог (пра малако).

тваро́жыць, -жу, -жыш, -жыць; -жаны; незак., што.

Квасіць малако для атрымання тварагу.

твары́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., тво́рыцца; незак.

Рабіцца, адбывацца.

На вуліцы тварылася нешта незразумелае.

твары́ць, твару́, тво́рыш, тво́рыць; тво́раны; незак., што.

1. таксама без дап. Ствараць у працэсе творчай дзейнасці.

2. Рабіць, здзяйсняць.

Т. дабро.

Т. гісторыю.

|| наз. тварэ́нне, -я, н.