Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

накурэ́ць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -э́е; зак.

Напусціць дыму; накуродымець.

Галавешкі накурэлі поўную хату дыму.

накуса́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго-што. Пра насякомых: пакусаць, нарабіць укусаў у многіх месцах.

Камары накусалі рукі.

2. чаго. Адкусваючы шчыпцамі, нарабіць кавалкаў (разм.).

Н. свінцу.

|| незак. наку́сваць, -аю, -аеш, -ае.

накусі́ць, -кушу́, -ку́сіш, -ку́сіць; -ку́саны; зак., што.

Пракусіць злёгку, зверху, не да канца.

Н. яблык.

|| незак. наку́сваць, -аю, -аеш, -ае; наз. наку́сванне, -я, н.

накуха́рыць, -ру, -рыш, -рыць; зак., чаго і без дап. (разм.).

Наварыць чаго-н., прыгатаваць у нейкай колькасці для яды.

Чаго ты там накухарыла?

накцю́рн, -а, мн. -ы, -аў, м.

Невялікі музычны твор лірычнага характару.

накшта́лт, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «накшталт» выражае параўнальныя адносіны: указвае на прадмет, з’яву, прымету, да якіх падобны якія-н. прадметы, з’явы.

Нешта н. дрэва.

нала́дзіцца, -ла́джуся, -ла́дзішся, -ла́дзіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пайсці на лад; прыняць належны кірунак; устанавіцца.

Работа наладзілася.

Надвор’е наладзілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць прыгодным (для работы, карыстання і пад.).

Станок наладзіўся.

3. Сабрацца, прыладзіцца рабіць што-н.

Н. слухаць радыё.

|| незак. нала́джвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

нала́дзіць, -ла́джу, -ла́дзіш, -ла́дзіць; -ла́джаны; зак., што.

1. Адрамантаваць, направіць што-н. папсаванае, паламанае.

Н. трактар.

2. Зрабіць, стварыць.

Н. друкарню.

3. Арганізаваць што-н., ажыццявіць якое-н. мерапрыемства.

Н. сустрэчу з выпускнікамі.

4. Прывесці ў парадак, уладкаваць.

Н. гаспадарку.

|| незак. нала́джваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. нала́дка, -і, ДМ -дцы (да 1 знач.; спец.) і нала́джванне, -я, н.

|| прым. нала́дачны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

нала́дчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст па наладцы машын, станкоў, механізмаў.

Працаваць наладчыкам.

|| ж. нала́дчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

налажы́цца, -лажу́ся, -ло́жышся, -ло́жыцца; зак. (разм.).

Налаўчыцца рабіць што-н.

Не налажылася яна яшчэ да такой работы.