Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

скры́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

Ёмістасць звычайна чатырохвугольнай формы для захоўвання, укладвання чаго-н.

С. для цвікоў.

Паштовая с.

Снарадная с.

|| памянш. скры́начка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. скры́начны, -ая, -ае.

скры́ня, -і, мн. -і, -ры́нь, ж.

1. Драўляная чатырохвугольная пасудзіна для ссыпання ці складвання чаго-н.

С. для ячменю.

2. Прадаўгаватая пасудзіна для перавозкі і трымання сельскагаспадарчых прадуктаў (бульбы, морквы і пад.).

Ссыпаць бульбу ў скрыню.

3. Тое, што і куфар.

|| прым. скры́невы, -ая, -ае.

Скрыневае века.

скрып, -у, м.

Рэзкі гук, што ўзнікае пры трэнні.

С. дзвярэй.

За адным скрыпам (разм.) — за адным заходам.

Са скрыпам (разм.) — нехаця ці з цяжкасцю (рабіць што-н.).

Са скрыпам атрымаў дазвол на паездку.

скры́паць, -аю, -аеш, -ае; незак.

Тое, што і скрыпець.

С. дзвярыма.

|| наз. скры́панне, -я, н.

скрыпа́ч, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

Музыкант, які іграе на скрыпцы.

|| ж. скрыпа́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

скры́пень, -ю, м.

Высокая травяністая расліна з мяцёлкай пурпурна-ружовых або белых кветак і пушыстым насеннем.

|| прым. скрыпнёвы, -ая, -ае.

Сямейства скрыпнёвых (наз.).

скрыпе́ць, -плю́, -пі́ш, -пі́ць; -пі́м, -піце́, -пя́ць; -пі́; незак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Утвараць скрыпучыя гукі.

Завесы ў дзвярах скрыпяць.

Скрыпіць снег пад нагамі.

2. Гаварыць скрыпучым голасам.

Не гаворыць, а скрыпіць.

3. перан. Жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы (разм.).

Скрыплю яшчэ трошкі.

|| аднакр. скры́пнуць, -ну, -неш, -не; -ні (да 1 знач.).

|| наз. скрыпе́нне, -я, н.

скры́пка, -і, ДМ -пцы, мн. -і, -пак, ж.

Чатырохструнны смычковы музычны інструмент высокага тэмбру.

Сола на скрыпцы.

Першая скрыпка

1) вядучая скрыпка ў аркестры;

2) пра чалавека, якому належыць галоўная, уплывовая роля ў чым-н.

|| прым. скрыпі́чны, -ая, -ае.

С. клас.

Скрыпічны ключ (спец.) — знак на нотным радку, які ўстанаўлівае вышыню і назву высокага гуку.

скрыпу́чы, -ая, -ае.

1. Які скрыпіць, вылучаецца скрыпам.

С. снег.

Скрыпучае акно.

2. перан. Рэзкі, падобны на скрып.

С. голас.

|| наз. скрыпу́часць, -і, ж.

скры́тнічаць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

Быць скрытным, паводзіць сябе скрытна.