дату́ль, прысл. (разм.).
1. Да таго месца.
Дайшоў д., дзе дарога зварочвала ў лес.
2. Да таго часу.
Сядзеў у хаце д., пакуль не скончыўся дождж.
датча́не, -ча́н, адз. -ча́нін, -а, м.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Даніі.
|| ж. датча́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.
|| прым. да́цкі, -ая, -ае.
да́тчык, -а, мн. -і, -аў, м.
Прыстасаванне, якое прымае інфармацыю, пераўтварае яе ў зручны для выкарыстання сігнал і перадае кантрольна-вымяральнаму ці каманднаму прыбору.
Цеплавыя датчыкі.
даты́чны, -ая, -ае.
1. Прыналежны да чаго-н., які мае пэўнае дачыненне да чаго-н.
Д. да музыкі чалавек.
Асобы, датычныя да злачынства.
2. у знач. наз. даты́чная, -ай, мн. -ыя, -ых, ж. У матэматыцы: прамая лінія, якая праходзіць праз пункт крывой і супадае з ёй у гэтым пункце.
Правесці датычную да акружнасці.
|| наз. даты́чнасць, -і, ж. (да 1 знач.).
даты́чыцца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -чыцца; незак., каго-чаго.
Мець дачыненне да каго-, чаго-н.
Справа датычылася прысутных.
Гэта вас не датычыцца.
датэрміно́вы, -ая, -ае.
Які выконваецца ці заканчваецца раней вызначанага тэрміну.
Датэрміновае заканчэнне будоўлі.
Датэрмінова (прысл.) здаць экзамены.
даўбе́шка, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак, ж.
1. Круглае палена з патончаным канцом-дзяржаннем для расколвання, убівання чаго-н. у што-н.; невялікая доўбня.
Увагнаў калок даўбешкай.
Даўбешкамі забівалі палі.
2. перан. Пра тупога, някемлівага чалавека (разм., лаянк.).
Д. часам пост займае немалы.
даўга... (гл. доўга...).
Першая састаўная частка складаных слоў; пішацца, калі націск у другой частцы слова падае на першы склад, напр.: даўгавечны, даўганосы.
даўгава́ты, -ая, -ае.
1. Некалькі даўжэйшы за нармальны.
Плашч яму д.
2. Не круглы на выгляд, прадаўгаваты.
Твар у хлопца д.