Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

узбаранава́ць гл. баранаваць.

узбе́гчы, -бягу́, -бяжы́ш, -бяжы́ць; -бяжы́м, -бежыце́, -бягу́ць; -бе́г, -гла; -бяжы́; зак.

Падняцца бягом куды-н.

|| незак. узбяга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

узбе́кі, -аў, адз. -е́к, -а, м.

Народ, які складае асноўную частку насельніцтва Узбекістана.

|| ж. узбе́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

|| прым. узбе́кскі, -ая, -ае.

узбіва́цца гл. узбіцца.

узбіра́цца гл. узабрацца.

узбі́цца, узаб’ю́ся, узаб’е́шся, узаб’е́цца; узаб’ёмся, узаб’яце́ся, узаб’ю́цца; узбі́ўся, -бі́лася; узбі́ся; зак.

1. на каго-што. Нечакана наскочыць, наткнуцца на каго-, што-н., сутыкнуцца з кім-, чым-н. непажаданым.

У. на камень.

У. на засаду.

2. на што. Натрапіць, напасці на што-н. (разм.).

У. на пашу.

У. на капейку (перан.: разжыцца на грошы; разм.).

3. на каго-што. Узабрацца наверх, насесці, налезці на каго-, што-н. (разм.).

У. з бруднымі нагамі на лаўку.

|| незак. узбіва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

узбі́ць, узаб’ю́, узаб’е́ш, узаб’е́; узаб’ём, узаб’яце́, узаб’ю́ць; узбі́ў, -бі́ла; узбі́; узбі́ты; зак., што.

1. Ударам ці ўдарамі насадзіць, накалоць.

У. абруч на бочку.

У. вілкі на вожаг.

2. Надзець, насунуць на што-н. зверху або з цяжкасцю надзець што-н. вузкае, цеснае (разм.).

Ледзь узбіў паліто на плечы.

3. Лёгкімі ўдарамі зрабіць больш рыхлым, пышным, пеністым.

У. падушку.

У. смятанку.

4. Разбіць яйка на патэльню (разм.).

5. Паставіць, пакласці, павесіць што-н. на вельмі высокае, нязручнае месца (разм.).

Куды ты ўзбіў гэту скрынку?

|| незак. узбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

узбо́ўтаць, -аю, -аеш, -ае; -аны; зак., што.

Боўтаючы, перамяшаць паміж сабой часцінкі якой-н. вадкасці.

У. мікстуру.

|| незак. узбо́ўтваць, -аю, -аеш, -ае.

узбо́ч, прысл. і прыназ. з Р.

На нейкай адлегласці ад чаго-н., у баку ад чаго-н.

Ён ішоў у.

У. насыпу стаяла група людзей.

узбрае́нне, -я, н.

1. гл. узброіцца, узброіць,

2. Зброя і боепрыпасы для вядзення вайны, бою.

Новыя віды ўзбраення.

Быць або знаходзіцца на ўзбраенні (пра зброю, якой аснашчаны войскі). Прыняць (узяць) на ў. (таксама перан.: актыўна выкарыстаць што-н.).