Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

даклы́паць, -аю, -аеш, -ае; зак. (разм.).

Павольна, з цяжкасцю дайсці да якога-н. месца.

Ледзь даклыпаў да хаты.

даклярава́ць, -ру́ю, -ру́еш, -ру́е; -ру́й; -рава́ны; зак. і незак., што і з інф. (разм.).

Паабяцаць (абяцаць) зрабіць што-н.

Дакляраваў абавязкова прыйсці.

|| незак. таксама дакляро́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

дако́нчыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак., каго-што.

1. Давесці да канца, завяршыць пачатае.

Д. крыць страху.

2. Дабіць, даканаць, прыкончыць (разм.).

Д. параненага звера.

|| незак. дако́нчваць, -аю, -аеш, -ае.

дако́пкі, -пак.

Завяршэнне ўборкі бульбы.

дако́р, -у, мн. -ы, -аў, м.

Папрок, выказаны каму-н. за што-н.

Выказаць д. за дрэнную работу.

дако́рлівы, -ая, -ае.

Які выражае дакор.

Д. позірк.

|| наз. дако́рлівасць, -і, ж.

дако́скі, -сак і -скаў.

Завяршэнне касьбы.

Касцы справілі д.

дакрану́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; зак.

1. да каго-чаго. Даткнуцца да каго-, чаго-н.

Печ так нагрэлася, што не д.

2. да чаго. Паспытаць, паспрабаваць што-н. (звычайна з адмоўем).

Вельмі спяшаліся, да пачастунку нават не дакрануліся.

|| незак. дакрана́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

дакрасава́ць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -су́е; зак.

Скончыць красаваць, адкрасаваць (пра збажыну).

Дакрасавала жыта.

|| незак. дакрасо́ўваць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -ае.

дакро́іць, -кро́ю, -кро́іш, -кро́іць; -кро́ены; зак., што.

1. Закончыць кройку чаго-н.

Д. сукенку.

2. Адрэзаць дадатковую частку ад цэлага або парэзаць што-н. дадаткова на кавалкі.

Д. хлеб.

|| незак. дакро́йваць, -аю, -аеш, -ае.