Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

азвярэ́ць гл. звярэць.

аздабле́нне, -я, н.

1. гл. аздобіць.

2. Тое, што ўпрыгожвае каго-, што-н.

Ляпное а.

Карункавае а.

аздараві́ць, -раўлю́, -ро́віш, -ро́віць; -ро́ўлены; зак., што.

1. Палепшыць стан здароўя каго-н., зрабіць здаровым.

А. мясцовасць.

2. перан. Палепшыць, прывесці ў норму.

А. мікраклімат у калектыве.

|| незак. аздараўля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. аздараўле́нне, -я, н.

аздараўле́нчы, -ая, -ае.

Які спрыяе аздараўленню.

Аздараўленчыя мерапрыемствы.

А. лагер.

аздо́ба, -ы, ж.

Тое, што ўпрыгожвае, аздабляе што-н.

Карункавая а.

|| прым. аздо́бны, -ая, -ае.

аздо́біць, -блю, -біш, -біць; -блены; зак., каго-што.

1. Надаць каму-, чаму-н. прыгожы выгляд, упрыгожыць.

А. сцены мазаікай.

А. сукенку бантам.

2. перан. Зрабіць больш поўным, багатым на ўнутраны змест.

|| незак. аздабля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. аздабле́нне, -я, н.

азеляні́ць, азеляню́, азяле́ніш, азяле́ніць; азелянёны; зак., што.

Пасадзіць дрэвы, кусты і пад. (там, дзе няма расліннасці).

А. вуліцы горада.

|| незак. азеляня́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. азеляне́нне, -я, н.; прым. азеляня́льны, -ая, -ае.

азербайджа́нцы, -аў, адз. -нец, -нца, м.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Азербайджана.

|| ж. азербайджа́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

|| прым. азербайджа́нскі, -ая, -ае.

азёрны гл. возера.

азі́міна, -ы, ж.

Азімыя пасевы, іх усходы.

Шырокія загоны зялёнай азіміны.