узбі́цца, узаб’ю́ся, узаб’е́шся, узаб’е́цца; узаб’ёмся, узаб’яце́ся, узаб’ю́цца; узбі́ўся, -бі́лася; узбі́ся; зак.
1. на каго-што. Нечакана наскочыць, наткнуцца на каго-, што-н., сутыкнуцца з кім-, чым-н. непажаданым.
У. на камень.
У. на засаду.
2. на што. Натрапіць, напасці на што-н. (разм.).
У. на пашу.
У. на капейку (перан.: разжыцца на грошы; разм.).
3. на каго-што. Узабрацца наверх, насесці, налезці на каго-, што-н. (разм.).
У. з бруднымі нагамі на лаўку.
|| незак. узбіва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
узбі́ць, узаб’ю́, узаб’е́ш, узаб’е́; узаб’ём, узаб’яце́, узаб’ю́ць; узбі́ў, -бі́ла; узбі́; узбі́ты; зак., што.
1. Ударам ці ўдарамі насадзіць, накалоць.
У. абруч на бочку.
У. вілкі на вожаг.
2. Надзець, насунуць на што-н. зверху або з цяжкасцю надзець што-н. вузкае, цеснае (разм.).
Ледзь узбіў паліто на плечы.
3. Лёгкімі ўдарамі зрабіць больш рыхлым, пышным, пеністым.
У. падушку.
У. смятанку.
4. Разбіць яйка на патэльню (разм.).
5. Паставіць, пакласці, павесіць што-н. на вельмі высокае, нязручнае месца (разм.).
Куды ты ўзбіў гэту скрынку?
|| незак. узбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
узбо́ўтаць, -аю, -аеш, -ае; -аны; зак., што.
Боўтаючы, перамяшаць паміж сабой часцінкі якой-н. вадкасці.
У. мікстуру.
|| незак. узбо́ўтваць, -аю, -аеш, -ае.
узбо́ч, прысл. і прыназ. з Р.
На нейкай адлегласці ад чаго-н., у баку ад чаго-н.
Ён ішоў у.
У. насыпу стаяла група людзей.
узбрае́нне, -я, н.
1. гл. узброіцца, узброіць,
2. Зброя і боепрыпасы для вядзення вайны, бою.
Новыя віды ўзбраення.
Быць або знаходзіцца на ўзбраенні (пра зброю, якой аснашчаны войскі). Прыняць (узяць) на ў. (таксама перан.: актыўна выкарыстаць што-н.).
узбро́енасць, -і, ж.
Аснашчанасць, наяўнасць неабходных сродкаў для вядзення бою.
Тэхнічная ў. сельскай гаспадаркі (перан.: аснашчанасць абсталяваннем).
узбро́ены, -ая, -ае.
Які мае адносіны да барацьбы са зброяй у руках.
У. атрад.
Узброенае паўстанне.
Узброеныя сілы (армія, войскі). У. нейтралітэт (неўмяшанне ў вайну пры поўнай да яе гатоўнасці).
узбро́іцца, -о́юся, -о́ішся, -о́іцца; зак.
1. Запасціся сродкамі для вядзення вайны, бою (зброяй, тэхнікай і пад.).
У. да зубоў.
2. перан., чым. Запасціся сродкамі для якой-н. дзейнасці.
У. новай тэорыяй.
|| незак. узбро́йвацца, -аюся, -аешся, -аецца.
|| наз. узбрае́нне, -я, н.
узбро́іць, -о́ю, -о́іш, -о́іць; -о́ены; зак., каго-што.
1. Забяспечыць сродкамі для вядзення вайны, бою (зброяй, тэхнікай і пад.).
У. армію.
У. атрад вінтоўкамі.
2. перан., чым. Забяспечыць сродкамі для якой-н. дзейнасці.
У. гаспадарку навейшай тэхнікай.
Узброеным вокам (пры дапамозе аптычных прылад).
|| незак. узбро́йваць, -аю, -аеш, -ае.
|| наз. узбрае́нне, -я, н.
узбудара́жыцца гл. бударажыць.