Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

вы́лежацца, -жуся, -жышся, -жыцца; зак.

1. Аднавіць свае сілы доўгім ляжаннем, добра адпачыць; паляжаць удосталь.

В. ў пасцелі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць патрэбныя якасці, праляжаўшы пэўны тэрмін у адпаведных умовах.

Лён ужо вылежаўся.

|| незак. выле́жвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

вы́лежаць, -жу, -жыш, -жыць; зак.

1. Пралежаць дастаткова часу пасля хваробы.

Не вылежаў хваробы да канца.

2. Прабыць у ляжачым становішчы пэўны час.

В. дзве гадзіны ў акопе.

3. Тое, што і вылежацца (у 2 знач.).

|| незак. выле́жваць, -аю, -аеш, -ае.

вы́лезці, -зу, -зеш, -зе; -лез, -зла; -лезь; зак.

1. Выйсці адкуль-н., чапляючыся за што-н. рукамі і нагамі.

В. з глыбокага рова.

2. Выйсці адкуль-н., прыклаўшы намаганні.

В. з вагона.

В. з даўгоў (перан., разм.).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выступіць, паказацца адкуль-н., выбіцца; прабіцца.

Косы вылезлі з-пад хусткі.

Вылезла маладая траўка.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпасці (пра валасы, шэрсць); выліняць.

Вылезла шэрсць.

|| незак. выла́зіць, -ла́жу, -ла́зіш, -ла́зіць.

вы́лепіць гл. ляпіць.

вы́лецець, -лечу, -леціш, -леціць; -леці; зак.

1. Летучы, накіравацца, адправіцца куды-н.

Птушка вылецела з гнязда.

Пасажыр вылецеў у Маскву.

Вылецела з галавы (перан.: знікла, забылася).

2. Летучы, з’явіцца адкуль-н.

Самалёты вылецелі з-за хмары.

3. перан. Аказацца звольненым, выключаным адкуль-н. (разм.).

В. са службы.

|| незак. вылята́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. вы́лет, -у, М -леце, м. (да 1 і 2 знач.).

выле́чны, -ая, -ае.

Які паддаецца лячэнню.

Вылечная хвароба.

|| наз. выле́чнасць, -і, ж.

вы́лечыцца, -чуся, -чышся, -чыцца; зак.

Стаць здаровым у выніку лячэння.

В. пасля ранення.

|| незак. выле́чвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

вы́лечыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак., каго-што.

Лечачы, зрабіць здаровым.

|| незак. выле́чваць, -аю, -аеш, -ае.

вы́лівак, -ліўка, мн. -ліўкі, -ліўкаў, м.

Яйцо, знесенае без шкарлупіны.

вы́лізаць, -ліжу, -ліжаш, -ліжа; -ліжы; -лізаны; зак., каго-што.

Ачысціць лізаннем.

В. талерку.

Кошка вылізала кацяня.

|| незак. вылі́зваць, -аю, -аеш, -ае.