Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

даза́тар, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Прыстасаванне для аўтаматычнага адмервання вадкіх або сыпкіх рэчываў, для раздзялення на дозы.

|| прым. даза́тарны, -ая, -ае.

дазвані́цца, -званю́ся, -зво́нішся, -зво́ніцца; зак., да каго-чаго і без дап.

Атрымаць адказ на тэлефонны званок.

Цяжка д. ў канцылярыю.

|| незак. дазво́ньвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

дазва́ння, прысл.

Поўнасцю, зусім, начыста.

Ворагі зруйнавалі горад д.

Узяць усё д.

дазва́цца, -заву́ся, -заве́шся, -заве́цца; -завёмся, -завяце́ся, -заву́цца; -заві́ся; зак., каго (разм.).

Завучы, клічучы, дамагчыся, каб хто-н. адгукнуўся.

Паўгадзіны зваў і не змог д.

дазво́л, -у, м.

Згода на што-н.; права зрабіць што-н., а таксама дакумент на такое права.

Д. на камандзіроўку.

дазво́ліць, -лю, -ліш, -ліць; -лены; зак.

1. што. Даць дазвол, згадзіцца на што-н.

Д. ад’езд.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Даць магчымасць.

Гатунковае насенне дазволіць павысіць ураджай.

3. дазво́ль(це). Ужыв. як форма ветлівага звароту да прысутных пры пачатку якога-н. дзеяння.

Дазвольце запрасіць вас на выстаўку.

|| незак. дазваля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

дазі́метр, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Прыбор для вымярэння доз іанізуючых выпрамяненняў.

|| прым. дазіметры́чны, -ая, -ае.

дазіме́трыя, -і, ж. (спец.).

Галіна прыкладной фізікі, у якой вывучаюцца фізічныя велічыні, што характарызуюць дзеянне іанізуючых выпрамяненняў, а таксама сукупнасць метадаў вымярэння і разліку дозы іанізуючых выпрамяненняў.

|| прым. дазіметры́чны, -ая, -ае.

дазі́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; -раваны і дазава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) дазіроўку, вызначаць дозу.

Д. лякарства.

|| наз. дазі́раванне, -я, н. і дазава́нне, -я, н.

дазна́нне, -я, мн. -і, -яў, н. (спец.).

Папярэдняе расследаванне крымінальнай справы для ўстанаўлення факта злачынства і павінных у ім асоб.