Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

вы́страляць, -яю, -яеш, -яе; -яны; зак., што.

Страляючы, расходаваць.

В. усе патроны.

|| незак. выстрэ́льваць, -аю, -аеш, -ае.

вы́страчыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак., што.

Прашыць на швейнай машыне.

В. каўнер.

|| незак. выстро́чваць, -аю, -аеш, -ае.

вы́стругаць гл. стругаць.

вы́стрыгчы, -рыгу, -рыжаш, -рыжа; -рыг, -гла; -рыжы; -рыжаны; зак., што.

Стрыжкай выдаліць.

В. пасму валасоў.

|| незак. выстрыга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

выстрэ́льваць гл. выстраліць, выстраляць.

вы́студзіць, -джу, -дзіш, -дзіць; -джаны; зак., што.

Выпусціўшы цяпло, моцна ахаладзіць.

В. хату.

|| незак. высту́джваць, -аю, -аеш, -ае.

вы́стукаць, -аю, -аеш, -ае; -аны; зак.

1. што. Умоўнымі стукамі перадаць, узнавіць (разм.).

В. тэлеграму.

2. каго-што. Лёгкім пастукваннем пальцамі ці малаточкам па целе абследаваць стан унутраных органаў.

В. лёгкія.

Доктар выстукаў хворага.

|| незак. высту́кваць, -аю, -аеш, -ае.

вы́ступ, -у, мн. -ы, -аў, м.

Частка якога-н. прадмета, якая выступае, выдаецца ўперад.

В. скалы.

вы́ступіць, -плю, -піш, -піць; зак.

1. Выйсці наперад адкуль-н. з-за чаго-н. ці стаць бачным, праявіцца.

З натоўпу выступіла жанчына.

2. Адправіцца ў іншае месца, выйшаўшы з месца стаянкі.

В. у паход.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прасачыўшыся знутры, паказацца на паверхні.

На целе выступілі кроплі поту.

4. Зрабіць, выканаць што-н. публічна.

В. з канцэртам, з дакладам.

В. у друку супраць каго-н., у абарону каго-н. В. на сходзе.

В. супраць несправядлівасці.

|| незак. выступа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. выступле́нне, -я, н. (да 2 і 4 знач.).

выступле́нне, -я, мн. -і, -яў, н.

1. гл. выступіць.

2. Прамова, выказванне на сходзе, а таксама ігра артыста перад публікай.

Справаздачнае в.

Публічнае в.