Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

інвагіна́цыя

(ад ін- + лац. vagina = похва)

1) адзін са спосабаў гаструляцыі, калі частка сценкі зародка заварочваецца ў яго поласць і ўтварае ўнутры лісток — першасную энтадэрму;

2) мед. заходжанне адной кішкі ў другую; адна з форм непраходнасці кішэчніка.

інва́зія

(лац. invasio = напад)

заражэнне чалавека, жывёл і раслін паразітамі жывёльнага паходжання (глістамі, насякомымі і інш.).

інва́йранмент

(англ. environment = акружэнне, наваколле)

від сучаснага мастацтва, які спалучае твор і адначасова мастацкае дзеянне, скіраваныя на арганізацыю прасторы, што дае магчымасць гледачу адчуваць сябе арганічна ўключаным у дзею праз аўдыёвізуальныя, кінетычныя і іншыя сродкі ўздзеяння і сувязі; узнік у ЗША і Еўропе ў 1960-я гады як вынік развіцця поп-арту і постканструктывізму.

інвайранменталі́зм

(англ. environmentalisme, ад environment = акружэнне, наваколле)

кірунак геаграфічнага дэтэрмінізму, які адводзіць геаграфічнаму асяроддзю вырашальную ролю ў развіцці грамадства і грамадскай вытворчасці.

інвалі́д

(лац. invalidus = бяссільны, слабы)

чалавек, які страціў працаздольнасць у выніку ранення, хваробы, калецтва.

інвалі́днасць

(ад інвалід)

працяглая або пастаянная страта працаздольнасці ці значнае абмежаванне яе.

інвалю́та

(лац. invaluta = абгорнутая)

тое, што і эвальвента.

інвалю́цыя

(лац. involutio = згортванне)

1) рэдукцыя або страта ў эвалюцыі асобных органаў (напр. рэдукцыя адростка сляпой кішкі ў драпежных жывёл);

2) адваротнае развіццё органаў, тканак, клетак (напр. і. маткі ў пасляродавы перыяд);

3) атрафія органаў пры паталогіі і старэнні;

4) дэгенератыўныя змены ў прасцейшых і бактэрый, выкліканыя неспрыяльнымі ўмовамі жыцця;

5) мат. такое адлюстраванне некаторай сукупнасці ў сабе, што пры паўторным яго прымяненні кожны элемент вяртаецца на сваё месца.

інва́р

(англ. invar, ад лац. invariabilis = нязменны)

сплаў жалеза і нікелю; ужываецца для вырабу дэталяў дакладных вымяральных прыбораў.

інварыя́нт

(н.-лац. invarians, -ntis = які не змяняецца)

1) велічыня, якая застаецца нязменнай пры тых ці іншых пераўтварэннях, напр. плошча фігуры, вугал паміж дзвюма прамымі;

2) лінгв. структурная адзінка мовы (фанема, марфема, лексема і г.д.) у адцягненні ад яе канкрэтных рэалізацый.