Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

іза-

(гр. isos = роўны, аднолькавы)

першая састаўная частка складаных слоў, якая выражае паняцці «роўны», «аднолькавы».

ізаакта́н

(ад іза- + актан)

насычаны вуглевадарод, бясколерная вадкасць з пахам бензіну, якая выкарыстоўваецца для вырабу авіяцыйнага бензіну.

ізаампліту́ды

(ад іза- + амплітуда)

ізалініі аднолькавай амплітуды таго або іншага метэаралагічнага элемента (тэмпературы, ціску, вільготнасці паветра і інш.) за пэўны перыяд.

ізаанемо́ны

(ад іза- + гр. anemos = вецер)

ізалініі сярэднегадавой хуткасці ветру.

ізаанкі́я

(ад іза- + гр. onkos = велічыня, цяжар)

адносная пастаяннасць анкатычнага ціску плазмы крыві.

ізаа́нты

(ад іза- + гр. anthos = кветка)

ізалініі тэрмінаў зацвітання якіх-н. раслін.

ізаасмі́я

(ад іза- + гр. osmos = штуршок)

адносная пастаяннасць асматычнага ціску ў вадкіх асяроддзях і тканках арганізма.

ізаа́тмы

(ад іза- + гр. atmos = выпарванне)

ізалініі выпарвання за пэўны перыяд.

ізаба́зы

(ад іза- + база)

ізалініі тэктанічных падніманняў або апусканняў за пэўны перыяд.

ізаба́ры

(ад іза- + гр. baros = цяжар, ціск)

1) ізалініі атмасфернага ціску ў пэўны момант;

2) лініі на дыяграме, якія паказваюць залежнасць паміж фізічнымі велічынямі пры пастаянным ціску;

3) атамныя ядры розных хімічных элементаў з аднолькавым масавым лікам.