дыягно́стыка
(гр. diagnostikos = здольны распазнаваць)
1) раздзел медыцыны, які вывучае метады і прынцыпы пастаноўкі дыягназу 1;
2) працэс пастаноўкі дыягназу;
3) выяўленне і вывучэнне прымет, якія характарызуюць стан машын, прыбораў, тэхнічных сістэм, каб прадухіліць парушэнні нармальнага рэжыму іх работы.
дыягра́ма
(гр. diagramma = малюнак, фігура)
графічны малюнак, які наглядна паказвае суадносіны якіх-н. велічынь (напр. д. росту будаўніцтва).
дыя́да
(ад гр. dyo = два)
мат. разнавіднасць тэнзара.
дыядо́хі
(гр. diadochos = пераемнік)
палкаводцы Аляксандра Македонскага, якія пасля яго смерці падзялілі паміж сабой створаную ім імперыю.
дыядэ́ма
(гр. diadema)
1) галаўная павязка, упрыгожаная каштоўнымі камянямі, як адзнака дзяржаўнай або духоўнай улады ў старажытнасці і ў сярэднія вякі;
2) жаночае галаўное ўпрыгожанне ў выглядзе невялікай адкрытай кароны.
дыязагра́фія
[ад гр. di(s) = двойчы + азо(т) + -графія]
сукупнасць метадаў праяўлення адбіткаў пры дапамозе прадуктаў узаемадзеяння амінаў з азоцістай кіслатой, якія распадаюцца пад уплывам святла.
дыязаты́пія
[ад гр. di(s) = двойчы + азо(т) + -тыпія]
спосаб тэхнічнага фотакапіравання з пазітыва на спецыяльнай паперы, пакрытай святлоадчувальным слоем на аснове злучэнняў амінаў з азоцістай кіслатой; выкарыстоўваецца для размножвання тэхнічнай дакументацыі.
дыя́кан
(гр. diakonos)
ніжэйшае духоўнае званне, памочнік свяшчэнніка пры адпраўленні царкоўнай службы.
дыяка́нтас
(н.-лац. diacanthos)
аднаклетачная зялёная водарасць сям. хларакокавых, якая трапляецца ў прэсных вадаёмах.
дыякінёз
(ад дыя- + -кінез)
біял. завяршальная стадыя першай фазы падзелу ядра.