МЕДЫЦЫ́НА (лац. medicina ад medeor лячу),

сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч. аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.

Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.​А.​Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.​Ч.​Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.​А.​Захар’ін, А.​А.​Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.

На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук. мед.-біял. думку (гл. Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л. Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд. мед. навук. Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.​А.​Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.​У.​Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г. навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж. навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш. біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.

Літ.:

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;

История медицины. М., 1981;

Грицкевич В.П. С факелом Гиппократа. Мн., 1987.

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРУ́ЛЬ Людміла Іванаўна (н. 15.9.1947, в. Мацвееўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак, педагог. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). У 1971—73 мастак-афарміцель тканін Баранавіцкага баваўнянага камбіната, з 1976 мастак-афарміцель Дома літаратара ў Мінску. З 1980 выкладчык дзіцячых маст. школ у Мінску, у 1989—95 адначасова выкладала ў Бел. АМ. Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык), графіцы. Творчасці ўласцівы канструктыўна-асацыятыўны падыход да вырашэння тэмы, выкарыстанне традыцый бел. нар. мастацтва, фальклорных і літ. матываў, яркая індывідуальнасць тэхнік ткацтва, гарманічная ўраўнаважанасць кампазіцыі і каларыту. Аўтар габеленаў: «Хлеб» і «Лён» для Дома культуры ў в. Перхавічы Баранавіцкага р-на (1973—74), «Хатынь» (1975), «Лучынка», «Стану песняй у народзе» (абодва 1976), «Памяці дзядоў маіх» (1977), «У зачараваным царстве» (1981), «Сказ пра бульбу» (серыя; 1983—84), «Яблыня. 1941 год» (1985), «Сугучнасць» (1987), «Вярба» (1994), «Блуканне па раі» (1997), «Скрыпачы» (1999), «Парваныя пацеркі» (серыя, 2000); габеленавых партрэтаў: «М.​Багдановіч», «А.​Міцкевіч», «М.​Цвятаева» (цыкл), «Маці», «Сын», аўтапартрэт (усе 1994—98); серый батыкаў: «Старыя, старыя багі», «Крымскія акварэлі» (абедзве 1987—88), «Адвечнае» (1994); манатыпій паводле лірыкі Цвятаевай (1970), «Анатомія кляновага ліста», «Жыццё — рух» (усе 1996), «Партрэт сына», «Гарбузы» (усе 1997), «Кветкі», «Чалавек у горадзе» (усе 1999—2000); грызайляў «Мастак і яго муза» (1970—71) і інш. Піша вершы. Цыкл вершаў «Ля веснічак» уключаны ў зб. паэзіі «Сцяжына» (1983).

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Пятруль. Парваныя пацеркі. 2000.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТКА́НКА ў арганізме,

сістэма клетак, падобных па паходжанні, будове і функцыях, а таксама міжклетачных рэчываў і структур — прадуктаў іх жыццядзейнасці. Спрыяе трофіцы і каардынацыі функцыян. элементаў. У адпаведнасці з асн. саматычнымі функцыямі арганізма адрозніваюць 4 тыпы Т.: эпітэлій, злучальная тканка, мышачная Т. (мышцы), нервовая тканка. Развіццё (гістагенез) кожнага тыпу — вынік дыферэнцыроўкі — станаўлення рыс спецыялізацыі ў клетак-папярэдніц, дэтэрмінаваных у эмбрыягенезе для развіцця пэўнай Т. Звычайна адна Т. ці некат. яе спецыялізаваныя клеткі ажыццяўляюць спецыфічныя для кожнага арганізма функцыі. Комплексы клетак Т., што працуюць сумесна, утвараюць у органах шматлікія структурна-функцыян. адзінкі (напр., нефрон). Будова Т. аднаго тыпу (асабліва найб. высокаспецыялізаванай нервовай) можа значна адрознівацца ў розных ч. арганізма, а таксама ў арганізмаў рознага сістэм. становішча. У ніжэйшых мнагаклетачных функцыі Т. не так строга вызначаюцца, як у вышэйшых. Эвалюцыя арганізмаў прывяла да спецыялізацыі клетак і ўзаемаабумоўленасці іх функцыянавання ў шматтканкавай сістэме. У эксперыменце можна забяспечыць жыццё і размнажэнне Т. па-за арганізмам (гл. Культура тканкі). У жывёл Т. вывучае гісталогія.

Т. раслін — сістэма клетак структурна і функцыянальна ўзаемазвязаных адна з адной і звычайна падобных па паходжанні. Простая Т. складаецца з аднаго тыпу клетак (напр., каленхіма, складаная — з розных (напр., эпідэрма). Здольнасць да працяглага росту (адна з асаблівасцей раслін) вызначаецца ўтваральнымі Т. — мерыстэмамі, якія даюць пачатак пастаянным Т. Адрозніваюць 3 сістэмы пастаянных Т.: покрыўную (напр., эпідэрма, перыдэрма, корка), праводную (напр., луб, ксілема), асноўную (напр., хларэнхіма, каленхіма, склеранхіма), а таксама выдзяляльныя структуры, групы клетак або адзінкавыя клеткі (ідыёбласты), што ўключаюцца ў інш. Т., сістэму праветрывання (сукупнасць міжклетнікаў, вусцейкаў і сачавічкаў). У раслін Т. вывучае анатомія раслін.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАЛО́ГІЯ (ад цыта... + ...логія),

навука пра клетку. Вывучае будову і функцыі тканкавых клетак у мнагаклетачных арганізмаў, аднаклетачныя арганізмы і ядзерна-цытаплазматычныя комплексы, не падзеленыя на клеткі (сімпласты, сінцытыі, плазмодыі). Клетка — асн. структурна-функцыян. адзінка жывога, таму працэсы і заканамернасці, што даследуе Ц., — аснова працэсаў, якія вывучае гісталогія, анатомія, эмбрыялогія, фізіялогія, генетыка, біяхімія, малекулярная біялогія і інш. У шэрагу раздзелаў Ц. — карыясістэматыка, радыяцыйная Ц., імунацыталогія, цытапаталогія, клетачная інжынерыя і інш.

Вывучэнне клетак з дапамогай мікраскопа пачалося ў 2-й пал. 17 ст. (Р.Гук, А.Левенгук, М.Мальпігі). Адно з найважн. дасягненняў — стварэнне клетачнай тэорыі (1839). Удасканаленне мікраскопа прывяло ў 2-й пал. 19 ст. да адкрыцця арганоідаў цытаплазмы і ролі ядра ў працэсе мітатычнага дзялення клеткі. Даследаванні ролі храмасом у спадчыннасці і вызначэнні полу далі ў пач. 20 ст. пачатак цытагенетыцы. З 1950-х г. развіццё Ц. звязана з выкарыстаннем электроннага мікраскопа, метадаў колькаснай цытахіміі, культывавання тканкавых клетак па-за арганізмам і інш.

На Беларусі даследаванні па Ц. пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ (П.А.Маўрадыядзі). Асн. цэнтры: Ін-т генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед. ін-т, Гомельскі ун-т, Віцебская акадэмія вет. медыцыны, Горацкая с.-г. акадэмія. Вывучаюцца агульныя заканамернасці арганізацыі клетачных структур і ўнутрыклетачных працэсаў, унутрыклетачных рэгулятарных механізмаў цэласнай клеткі, механізмы рэалізацыі генет. інфармацыі на розных этапах антагенезу і інш.

Літ.:

Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970;

Заварзин А.А. Основы частной цитологии и сравнительной гистологии многоклеточных животных. Л., 1976;

Ченцов Ю.С. Общая цитология. 2 изд. М., 1984;

Збарский И.Б., Кузьмина С.Н. Скелетные структуры клеточного ядра. М., 1991.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́НІКА (грэч. botanikē ад botanē трава, расліна),

навука пра расліны; адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць раслін (сістэматыка), іх будову (марфалогія і анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія раслін, біяхімія), заканамернасці індывід. і гіст. развіцця (эмбрыялогія, эвалюцыя), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (геаграфія раслін), узаемаадносіны з навакольным асяроддзем (экалогія), структуру расліннага покрыва (геабатаніка).

Развіццё батанікі як навукі ішло адначасова з ростам практычных патрэбнасцяў чалавека і непасрэдна звязана з агульнай гісторыяй чалавецтва. Шмат звестак пра расліны было вядома людзям з глыбокай старажытнасці. Бацькам батанікі лічаць стараж.-грэч. прыродазнаўца і філосафа Тэафраста. Як стройная сістэма навук. ведаў батаніка аформілася ў 18 ст. дзякуючы ў асноўным працам швед. прыродазнаўца К.Лінея. Франц. вучоныя М.Адансон, Ж.Б.Ламарк, А.​Жусьё і інш. распрацавалі натуральную класіфікацыю раслін, паводле якой расліны аб’ядноўваліся па сукупнасці гал. прыкмет (кветка, плод, семя) у парадкі, якія ўпершыню размешчаны ў адзіны рад — ад водарасцяў да кветкавых. У 19—20 ст. інтэнсіўна развівалася батаніка, як і інш. біял. навукі, пад уплывам эвалюцыйнай тэорыі Ч.​Дарвіна. У Расіі першыя бат. даследаванні звязаны са стварэннем АН (1724) і арганізацыяй шэрагу экспедыцый для вывучэння расліннасці краіны (І.​Г.​Гмелін, П.С.Палас, С.П.Крашаніннікаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. рус. батанікі І.​Н.​Гаражанкін, М.С Варонін, У.І.Паладзін, С.Г.Навашын, К.А.Ціміразеў і інш. зрабілі буйныя адкрыцці (двайное апладненне ў кветкавых раслін, раскрыццё энергетычных заканамернасцяў фотасінтэзу і інш.), якія паўплывалі на развіццё бат. навукі ў свеце.

На Беларусі фарміраванне батанікі як навукі пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя бат. даследаванні пераважна апісальнага характару зрабілі І.​І.​Ляпёхін, В.​М.​Севяргін, В.​Г.​Бесэр. Сучасны этап развіцця батанікі звязаны з працамі Ц.М.Годнева, В.Ф.Купрэвіча, М.А.Дарожкіна, М.​Дз.Несцяровіча, М.У.Смольскага, А.А.Шлыка, А.С.Вечара, В.М.Цярэнцьева, І.Д.Юркевіча, В.С.Гельтмана, В.І.Парфёнава, Н.В.Казлоўскай і інш. Навук. праца па батаніцы вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім ун-це, пед. і с.-г. ін-тах, запаведніках. Вызначаны заканамернасці фарміравання, дынамікі флоры і расліннасці, распрацаваны навук. асновы выкарыстання і аховы раслінных рэсурсаў, антрапагеннага ўплыву на расліннае покрыва. Шэраг даследаванняў звязаны з выкананнем міжнар. біял. праграмы.

Літ.:

Базилевская Н.А., Белоконь И.П., Щербакова А.А. Краткая история ботаники. М., 1968;

Жизнь растений. Т. 1—6. М., 1974—82;

Хржановский В.Г. Курс общей ботаники. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982;

Жуковский П.М. Ботаника. 5 изд. М., 1982.

т. 2, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛО́ГІЯ (ад заа... + ...логія),

навука пра жывёльныя арганізмы, адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць жывёл (сістэматыка), іх будову (анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), заканамернасці індывід. развіцця (эмбрыялогія), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (зоагеаграфія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), асаблівасці паводзін (эталогія), вымерлых жывёл (палеазаалогія). У З. таксама вылучаюць навукі, якія даследуюць найб. вял. і важныя групы жывёл: акаралогія, арахналогія, арніталогія, герпеталогія, іхтыялогія, малакалогія, пратысталогія, тэрыялогія, энтамалогія. З. звязана з шэрагам с.-г., вет. і мед. навук.

З. як навука зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і звязана з імем Арыстоцеля. Як стройная сістэма ведаў аформілася ў канцы 17—18 ст. дзякуючы працам вучоных-прыродазнаўцаў англ. Дж.​Рэя, швед. К.​Лінея, франц. Ж.​Бюфона і Ж.​Б.​Ламарка і інш. У сярэдзіне 19 ст. створана тэорыя эвалюцыі арган. свету (Ч.​Дарвін). У развіцці З. вял. значэнне мелі працы расійскіх вучоных К.​М.​Бэра, А.А. і У.​А.​Кавалеўскіх, І.​І.​Мечнікава, К.​Ф.​Рулье, А.​М.​Северцава і інш. У 20 ст. павялічыўся аб’ём фауністычных даследаванняў па ўсёй планеце, фарміруецца новы малекулярна-біял. аспект сістэматыкі, выкарыстоўваецца карыясістэматыка (на падставе вывучэння колькасці і будовы храмасом), укараняюцца біяхім. метады і метады электроннай мікраскапіі і інш.

На Беларусі даследаванні па З. пачаліся ў 18 ст. Заал. апісанні асобных яе тэрыторый ёсць у працах польск. даследчыка Г.​Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рус. вучоных І.​І.​Ляпёхіна (канец 18 ст.), В.​М.​Севергіна (1-я пал. 19 ст.). У 1924—30 праводзіліся экспедыцыі па вывучэнні наземнай фауны (А.​У.​Фядзюшын і інш.). Сучасны этап развіцця З. звязаны з працамі І.​Ц.​Арзамасава, Г.​А.​Галкоўскай, Г.​Г.​Вінберга, М.​С.​Долбіка, П.​І.​Жукава, С.​В.​Кахненкі, І.​К.​Лапаціна, В.​І.​Мержаеўскай, М.​М.​Пікуліка, Л.​М.​Сушчэні, І.​М.​Сяржаніна, Э.​І.​Хацько, Н.​М.​Хмялёвай і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, на кафедрах прыродазнаўчых ф-таў ВНУ, у запаведніках, н.-д. установах с.-г. і вет. профілю і інш. Даследуюцца функцыян. сувязі ў зоацэнозах, заканамернасці матэрыяльна-энергет. ператварэнняў на розных трафічных узроўнях, экалогія і інтрадукцыя каштоўных відаў рыб. Развіваюцца новыя кірункі З.: эксперым. экалогія водных беспазваночных жывёл, ландшафтная фауністыка і экалогія жывёл, глебавая экалогія; вывучэнне механізмаў і заканамернасцей фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах інтэнсіфікацыі антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў экалагічнага маніторынгу, вядзення Чырв. кнігі, развіцця сеткі асабліва ахоўных тэрыторый; ацэнка ўплыву аварыі на ЧАЭС (1986) на стан фауны. Адна з найб. актуальных праблем — распрацоўка навук. асноў аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету Зямлі.

Літ.:

Наумов Н.П., Карташев Н.Н. Зоология позвоночных. Ч. 1—2. М., 1979;

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1—6. 2 изд. М., 1987—89;

Институт зоологии Академии наук Беларуси. Мн., 1992.

М.​М.​Пікулік.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛО́ГІЯ (ад бія... + ...логія),

сістэма навук пра жывую прыроду. Даследуе ўсе праяўленні жыцця: будову і функцыю жывых істот і іх прыродных згуртаванняў, пашырэнне, паходжанне і развіццё, сувязі паміж імі і з нежывой прыродай. Тэрмін «біялогія» прапанаваны франц. прыродазнаўцам Ж.Б.Ламаркам і ням. вучоным Г.​Р.​Трэвіранусам (1802). Адны з першых у біялогіі склаліся комплексныя навукі па аб’ектах даследавання: пра жывёл — заалогія, расліны — батаніка, бактэрый — мікрабіялогія, вірусы — вірусалогія, прасцейшых — пратысталогія. Будову арганізмаў вывучаюць цыталогія, гісталогія, анатомія, функцыі жывых сістэм — фізіялогія жывёл, раслін, чалавека, узаемаадносіны жывых істот паміж сабой і з умовамі навакольнага асяроддзя — экалогія, заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці — генетыка, індывід. развіццё — біялогія развіцця, гіст. развіццё жывога — эвалюцыйнае вучэнне. На стыку біялогіі з іншымі навукамі ў 20 ст. ўзніклі і развіваюцца біяхімія, біяфізіка, біёніка, біягеаграфія, радыебіялогія і інш.

Першыя працы па сістэматыцы жывёл вядомы з 4 ст. да н.э. (Арыстоцель), раслін — з 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст), пра ўнутр. будову жывёл і чалавека — з 5—2 ст. да н.э. (Гіпакрат, Гален). У сярэднія вякі ішло паступовае назапашванне біял. ведаў. У эпоху Адраджэння праведзена анатаміраванне чалавечага цела (А.​Везалій, 1543), у 17 ст. апісаны кругі кровазвароту чалавека (У.Гарвей, 1628), шырока разгарнуліся мікраскапічныя даследаванні раслін (Р.Гук, 1665, М.Мальпігі, 1675—79) і жывёл (А.Левенгук, 1673). У 1735 упершыню ўведзена бінарная наменклатура і найб. поўная штучная класіфікацыя жывёл і раслін (К.Ліней). Пазней былі адкрыты цытаплазма (Я.​Пуркіне, 1825) і ядро (Р.Броўн, 1837) клетак, а ў 1839 сфармулявана клетачная тэорыя (Т.Шван), якая мела вял. значэнне ў развіцці тэорыі эвалюцыі арган. свету. Эвалюцыйная тэорыя распрацавана Ламаркам («Філасофія заалогіі», 1809) і Ч.​Дарвінам («Паходжанне відаў...», 1859). Сфармуляваныя ў 1865 Г.Мендэлем асн. генет. заканамернасці наследавання атрымалі пацвярджэнне і тлумачэнне на аснове храмасомнай тэорыі спадчыннасці (Т.Морган, 1911). Вызначэнне структуры малекулы ДНК (Дж.Уотсан, Ф.Крык, 1953) прывяло да развіцця малекулярнай біялогіі. У галіне фізіялогіі жывёл І.П.Паўлавым (1903) распрацавана вучэнне аб умоўных рэфлексах і вышэйшай нерв. дзейнасці. У 1920—30-я г. створана эвалюцыі сінтэтычная тэорыя (С.С.Чацверыкоў, Дж.​Холдэйн, Р.​Фішэр, С.​Райт, Ф.​Г.​Дабржанскі). Вял. дасягненне біялогіі — стварэнне вучэння пра біясферу (У. І.Вярнадскі, 1926) і біягеацэнозы (У.М.Сукачоў, 1942). Значныя заслугі ў развіцці біялогіі належаць рус. вучоным К.А.Ціміразеву, У.А.Кавалеўскаму, А.А.Кавалеўскаму, І.І.Мечнікаву, І.М.Сечанаву, А.М.Северцаву, І.І.Шмальгаўзену і інш.

Развіццё біял. навукі на Беларусі пачалося пасля 1917. Тэарэт. і практычныя праблемы біялогіі распрацоўваюць навук. ўстановы Аддз. біял. навук АН Беларусі, ВНУ, НДІ Мін-ваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной і рыбнай гаспадаркі Беларусі. Даследаваліся ферменты глебы і іх уплыў на рост раслін (В.Ф.Купрэвіч), працэс фотасінтэзу і роля інш. пігментаў у раслін (Ц.М.Годнеў, М.М.Ганчарык). Распрацаваны навук. асновы гетэрозісу і вынікі ўздзеяння іанізавальнымі выпрамяненнямі (М.В.Турбін), колькасныя заканамернасці спадчыннасці і механізм хім. мутагенезу (П.Ф.Ракіцкі). Вывучалася будова перыферычнай нерв. сістэмы і знойдзены шляхі аднаўлення функцыі ўнутр. органаў пры яе пашкоджаннях (Д.М.Голуб), даказана існаванне асобнага тыпу адчувальных нерв. праваднікоў, якія з’яўляюцца асновай вегетатыўных рэфлексаў (І.А.Булыгін). Праведзены даследаванні ў галіне аграхіміі (А.К.Кедраў-Зіхман, С.Н.Іваноў, Т.Н.Кулакоўская), зялёных угнаенняў (Я.К.Аляксееў), меліярацыі (С.Г.Скарапанаў), селекцыі раслін (П.І.Альсмік, А.І.Лапо) і жывёл (М.М.Замяцін). Распрацоўваюцца спосабы аховы насельніцтва ад уздзеяння выпрамяненняў радыенуклідаў на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.Ф.Канапля).

Літ.:

Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1960;

Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

История биологии с начала XX века до наших дней. М., 1975;

Кемп П., Армс К. Введение в биологию: Пер. с англ. М., 1988.

Р.​Г.​Заяц.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Навука

Навука і навуковыя ўстановы 450

Сацыяльна-гуманітарныя навукі 458

Гісторыя філасофскай і грамадскай думкі (458). Філасофія (459). Сацыялогія (461). Паліталогія (462). Этыка (463). Эстэтыка (464). Рэлігіязнаўства (464). Культуралогія (465).

Педагагічныя і псіхалагічныя навукі 466

Педагогіка (466). Псіхалогія (467).

Гістарычныя навукі 468

Гісторыя Беларусі (468). Даследаванні па ўсеагульнай гісторыі (470). Археалогія (471). Этналогія (472). Антрапалогія (473). Гістарыяграфія (473). Спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны (474).

Эканамічныя навукі 475

З гісторыі эканамічнай думкі Беларусі (475). Агульныя праблемы эканамічнай тэорыі (477). Эканоміка прамысловасці (478). Эканоміка аграпрамысловага комплексу (478). Эканоміка будаўніцтва (479). Эканоміка гандлю (480). Эканоміка транспарту (480). Улік і эканамічны аналіз (481). Статыстыка (481). Дэмаграфія (482). Эканамічная гісторыя Беларусі (483). Міжнародныя аспекты эканамічнай тэорыі (483).

Юрыдычныя навукі 484

Гісторыя дзяржавы і права (484). Канстытуцыйнае права (485). Грамадзянскае права (486). Грамадзянскае працэсуальнае права (486). Аграрнае, зямельнае і экалагічнае права (487). Крымінальнае права (488). Судаўладкаванне і крымінальны працэс (482). Працоўнае права (489). Міжнароднае права (489).

Філалагічныя навукі 490

Літаратуразнаўства (490). Мовазнаўства (495). Фалькларыстыка (498).

Мастацтвазнаўчыя навукі 501

Мастацтвазнаўства (501). Музыказнаўства (502). Тэатразнаўства (505). Кіназнаўства (507).

Матэматычныя навукі 508

Тэорыя лікаў (508). Алгебра (509). Алгебраічная геаметрыя (509). Геаметрыя (510). Тэорыя апраксімацыі (510). Тэорыя функцый і інтэгральных ураўненняў (511). Тэорыя звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў (511). Матэматычная фізіка (512). Тэорыя аптымальнага кіравання (512). Функцыянальны аналіз (513). Вылічальная матэматыка (513). Тэорыя імавернасцей і матэматычная статыстыка (514). Тэорыя графаў (514). Даследаванне аперацый (515).

Фізічныя навукі 515

Спектраскапія і люмінесцэнцыя (516). Фізічная оптыка (517). Лазерная фізіка (518). Нелінейная оптыка (519). Радыёфізіка і электроніка (519). Фізіка цвёрдага цела (520). Фізіка паўправаднікоў (520). Магнітныя матэрыялы (521). Фізіка плазмы (521). Ядзерная фізіка (522). Фізіка палёў і элементарных часціц (522).

Хімічныя навукі 523

Неарганічная хімія (523). Арганічная хімія (525). Фізічная хімія (526). Аналітычная хімія (527). Біяарганічная хімія (527). Хімія высокамалекулярных злучэнняў (528). Калоідная хімія (529). Хімія прыродных злучэнняў (530). Хімічная тэхналогія (531).

Фізіка-тэхнічныя навукі 532

Праблемы цепла- і масаабмену (532). Фізіка ядзерных рэактараў (533). Праблемы энергетыкі (534). Рэсурсазберажэнне (534). Тэарэтычная механіка (535). Механіка металапалімерных сістэм (535). Механіка цвёрдага дэфармаванага цела (536). Фізіка неразбуральнага кантролю (537). Металазнаўства (538). Пластычнасць матэрыялаў і апрацоўка іх ціскам (538). Трыбалогія і трыбатэхніка (539). Ліццё металаў (539). Металургія (540). Парашковая металургія (540). Інфарматыка (540). Распрацоўка электронных вылічальных машын (543). Будаўнічая навука (545). Тэхналогія і механізацыя здабычы торфу (546). Механізацыя і электрыфікацыя сельскай гаспадаркі (546).

Геаграфічныя навукі 547

Геамарфалогія (547). Метэаралогія і кліматалогія (547). Гідралогія рэк (548). Азёразнаўства (548). Геаграфія глеб (549). Геаграфія раслін (549). Зоагеаграфія (549). Ландшафтазнаўства (550). Краязнаўства (550). Эканамічная геаграфія (551). Геадэзія (552). Картаграфія (553).

Геалагічныя навукі 554

Тэктоніка (554). Стратыграфія (554). Палеагеаграфія (555). Літалогія (555). Петралогія (556). Мінералогія (557). Геафізіка (557). Геахімія (558). Гідрагеалогія (558). Інжынерная геалогія (559). Вучэнне аб карысных выкапнях (559).

Біялагічныя навукі 560

Батаніка (560). Фізіялогія і біяхімія раслін (561). Лесазнаўства і лесаводства (561). Лугазнаўства і лугаводства (562). Балотазнаўства (562). Палеанталогія (563). Заалогія (563). Экалогія (564). Марфалогія чалавека і жывёл (515). Фізіялогія чалавека і жывёл (565). Біяхімія (566). Біяфізіка (566). Фотабіялогія (567). Генетыка (567). Мікрабіялогія (568).

Медыцынскія навукі 569

Гігіена і санітарыя (569). Паталагічная анатомія (569). Паталагічная фізіялогія (569). Бактэрыялогія (570). Эпідэміялогія (570). Вірусалогія (570). Фармакалогія (571). Таксікалогія (571). Кардыялогія (571). Хірургія (572). Акушэрства і гінекалогія (572). Педыятрыя (573). Дэрматалогія (574). Венералогія (574). Псіхіятрыя (575). Неўралогія (575). Нейрахірургія (576). Фтызіятрыя (576). Фізіятэрапія і курарталогія (577). Анкалогія і медыцынская радыялогія (577). Отарыналарынгалогія (578). Афтальмалогія (578). Траўматалогія і артапедыя (579). Стаматалогія (580). Уралогія (580). Эндакрыналогія (580).

Сельскагаспадарчыя навукі 581

Глебазнаўства (582). Аграхімія (582). Земляробства (583). Раслінаводства (583). Пладаводства (584). Агародніцтва (585). Фітапаталогія (585). Меліярацыйная навука (586). Жывёлагадоўля (586). Ветэрынарыя (586).

т. 18, кн. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАЛОГІЯ ЧАЛАВЕКА І ЖЫВЁЛ

Развіццё комплексу навук па марфалогіі чалавека і жывёл на Беларусі (анатомія, гісталогія, цыталогія, эмбрыялогія і інш.) звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі (П.​І.​Карузін) і ў 1922 кафедры біялогіі і гісталогіі ў БДУ, а ў 1930 кафедры гісталогіі ў Мінскім мед. ін-це. Значную ролю ў станаўленні анатоміі і эмбрыялогіі адыгралі працы Д.​М.​Голуба і С.​І.​Лябёдкіна, у параўнальнай марфалогіі — П.​Я.​Герке, Д.​М.​Голуба, С.​І.​Лябёдкіна, М.​Е.​Макушка, П.​А.​Маўрадыядзі, М.​Ф.​Нікіценкі, М.​І.​Сяржаніна, у гісталогіі — П.​Я.​Герке, П.​А.​Маўрадыядзі, С.​М.​Мілянкова, у цыталогіі — Г.​В.​Краскоўскага, П.​А.​Маўрадыядзі, А.​У.​Канстанцінава, Т.​А.​Салодкінай, М.​В.​Турбіна, у эмбрыялогіі чалавека і жывёл — П.​Я.​Герке, Д.​М.​Голуба, С.​І.​Лябёдкіна, А.​Р.​Плісана, З.​Г.​Слабодзіна, І.​М.​Турэцкага, у паталагічнай анатоміі — Ю.​В.​Гулькевіча, І.​Т.​Цітова, іх вучняў і супрацоўнікаў.

У Ін-це фізіялогіі і Ін-це радыебіялогіі Нац. АН Беларусі вядуцца даследаванні па гісталогіі нервовай сістэмы (А.​П.​Амвросьеў, Л.​І.​Арчакова, У.​М.​Калюноў, Л.​А.​Леанцюк, І.​І.​Новікаў, Ф.​Б.​Хейман і інш.). У Мінскім мед. ун-це вывучаецца эмбрыянальны марфагенез органаў нервовай, эндакрыннай, імуннай, дыхальнай, стрававальнай, выдзяляльнай сістэм, аргана- і гістагенез, ультраструктура і гістахімія органаў чалавека і некаторых жывёл у норме, пры паталогіі і эксперыменце на жывёлах (А.​А.​Арцішэўскі, Ж.​С.​Асіповіч, Я.​І.​Бальшова, І.​У.​Бубнова, В.​С.​Гайдук, С.​Дз.​Дзянісаў, Н.​А.​Жарыкава, І.​А.​Мельнікаў, С.​Л.​Кабак, І.​Л.​Краўцова, А.​С.​Леанцюк, П.​І.​Лабко, Р.​М.​Пятрова, П.​Р.​Піўчанка, А.​В.​Пішчынскі, В.​В.​Рудзянок, Б.​А.​Слука, Т.​М.​Студзянікіна, А.​М.​Чайка і інш.). Вывучаюцца праблемы паталагічнай анатоміі і эмбрыялогіі: марфалогія пухлін шчытападобнай залозы, запаволеных нейраінфекцый, захворванняў падстраўнікавай залозы (Ю.​Р.​Бойка, Г.​І.​Краўцова, Ю.​В.​Крылоў, М.​К.​Недзьведзь, Н.​Ф.​Сіляева, Я.​Д.​Чарствой), узаемасувязь парушэнняў эмбрыянальнага развіцця з генетычнымі фактарамі (І.​А.​Кірылава, В.​П.​Кулажанка, Г.​І.​Лазюк і інш.). У Віцебскім мед. ін-це даследаваліся інервацыі серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В.​Н.​Блюмкін), фарміраванне і будова нервова-мышачных сувязей у працэсе развіцця (Я.​Я.​Карытны), органаў імуннай сістэмы (А.​Ф.​Суханаў), скуры (А.​Д.​Мядзелец). У Гродзенскім мед. ун-це праведзены даследаванні нейратрансмітэрных сістэм мозга (С.​М.​Зіматкін), нейрагарманальнай рэгуляцыі структуры і хім. арганізацыі страўнікавых залоз, гістафізіялогіі жоўцеўтварэння і біялагічнай ролі жоўці (Я.​Р.​Мацюк, А.​А.​Турэўскі). У Гомельскім мед. ін-це вывучаецца структура мышцаў, клетак крыві (Т.​Г.​Мацюхіна). У віцебскіх ВНУ анатамічныя даследаванні вялі і вядуць Ж.​С.​Асіповіч, В.​І.​Ашкадзёраў, А.​К.​Вусовіч, З.​І.​Ібрагімава, Л.​П.​Коўшыкава, Л.​М.​Луцэвіч, І.​М.​Прышчэпа, З.​Г.​Слабодзін, П.​М.​Трасучаў, А.​К.​Усовіч; у гродзенскіх — узроставыя асаблівасці галаўнога мозга і яго крывяносных сасудаў, пытанні спарт. анатоміі і інш. (А.​А.​Акулінін, М.​М.​Быкаў, А.​М.​Габузаў, А.​І.​Герус, А.​Дз.​Геўліч, І.​Г.​Жук, В.​В.​Малашка, І.​П.​Пратасевіч, М.​І.​Сімарот, В.​П.​Стрэльнікаў, І.​М.​Турэцкі, С.​С.​Усоеў, В.​П.​Юрчанка).

Літ.:

Лябёдкін С.І. Біягенетычны закон і тэорыя рэкапітуляцый. Мн., 1936;

Голуб Д.М. Строение периферической нервной системы в эмбриогенезе человека. Мн., 1962;

Заварзин А.А. Основы сравнительной гистологии. Л., 1985;

Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 18, кн. 2, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЛАВЕ́К,

вышэйшая ступень эвалюцыі жывых арганізмаў на Зямлі, прадстаўнік біял. віду, сацыяльная істота і суб’ект гісторыі. Вывучэннем Ч. займаюцца біял. і грамадскія навукі: анатомія, фізіялогія, антрапалогія, псіхалогія, шэраг мед. навук, а таксама гісторыя, філасофія, сацыялогія, этнаграфія, педагогіка і інш. Усе выкапнёвыя формы Ч. (архантрапы, палеантрапы, неаантрапы) і Ч. сучаснага віду — Homo sapiens — адносяцца да атрада прыматаў і складаюць асобнае сям. гамінідаў. З жывёльнага свету Ч. вылучаюць свядомасць, здольнасць рабіць прылады працы і выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Ад антрапоідаў (якія бліжэй за ўсё стаяць да яго) Ч. адрозніваюць: прамахаджэнне, здольныя да маніпуляцыі рукі, высокаразвіты мозг, членараздзельная мова. Першыя прадстаўнікі сям. гамінідаў цалкам залежалі ад прыроды, біял. заканамернасці ў іх адаптацыі адыгрывалі асн. ролю, кліматычныя змены адбіваліся на структурных асаблівасцях, узмацнялі працэсы марфал. зменлівасці, садзейнічалі расаўтварэнню (гл. Расы). З завяршэннем антрапагенезу Ч., захоўваючы сваю біял. аснову, ператварыўся ў істоту сацыяльную. У яго існаванне і дзейнасць уключаюцца сац. фактары, якія паступова займаюць вядучую ролю ў развіцці грамадства. Біял. асаблівасці Ч. запісаны ў яго генетычнай праграме пры дапамозе малекулы ДНК, якая забяспечвае перадачу спадчынных адзнак. На тэр. Беларусі Ч. сучаснага віду з’явіўся прыкладна 26 тыс. гадоў назад (гл. Каменны век).

У ант. філасофіі Ч. разглядаўся як частка космасу, «малы сусвет», мікракосм (Дэмакрыт) — адлюстраванне і сімвал Сусвету, макракосму. Паводле Арыстоцеля, Ч. — істота, надзеленая духам, розумам («разумнай душой») і здольнасцю да грамадскага жыцця. У хрысціянстве Ч. — вобраз і падабенства Бога. Філасофія эпохі Адраджэння зыходзіла з прынцыпу аўтаномнасці, дасканаласці і бязмежнасці творчых магчымасцей Ч., разумення яго як цэнтра ўсяго Сусвету (макракосму). Р.​Дэкарт сфармуляваў палажэнне аб мысленні як адзіным дакладным сведчанні чалавечага існавання. Г.​Гегель лічыў Ч. суб’ектам духоўнай дзейнасці, які стварае свет культуры, з’яўляецца носьбітам агульназначнай свядомасці, усеагульнага ідэальнага пачатку — духу. Л.​Феербах у межах антрапал. канцэпцыі ставіў у цэнтр філасофіі Ч., як пачуццёва-цялесную істоту. Марксісцкая канцэпцыя Ч. грунтавалася на яго трактоўцы як «сукупнасці ўсіх грамадскіх адносін». Прадстаўнікі розных філас. кірункаў 18—20 ст. рабілі акцэнт на такіх спецыфічных асаблівасцях Ч., як пачуццё (І.​Гаман), воля (А.​Шапенгаўэр), «гульня жыццёвых сіл» (Ф.​Ніцшэ), інтуіцыя (А.​Бергсон), перажыванне страху і канечнасці існавання (М.​Хайдэгер) і інш. Ідэі філасофіі жыцця і фенаменалогіі паслужылі асновай для ўзнікнення філасофскай антрапалогіі. Натуралістычны падыход да Ч. характэрны для прадстаўнікоў фрэйдызму.

Сутнасць Ч., яго паходжанне і прызначэнне, яго месца ў свеце былі і застаюцца цэнтр. праблемамі філасофіі, рэлігіі, навукі і мастацтва. Генетычна звязаны з інш. жывымі арганізмамі, Ч. адрозніваецца ад іх наяўнасцю свядомасці, абстрактнага мыслення і мовы, здольнасцю пранікаць у сутнасць навакольных прадметаў і самога сябе. Ён з’яўляецца суб’ектам грамадска-гіст. працэсу, творцам каштоўнасцей матэрыяльнай і духоўнай культуры, носьбітам традыцый, якія змяшчаюць у сабе дасягненні цывілізацыі. Ч. ставіць перад сабой мэты і ўсведамляе матывы, якія заахвочваюць яго да дзейнасці. Неад’емнымі атрыбутамі Ч. з’яўляюцца перакананасць і вера — ад веры ў лагічныя ісціны да веры ў духоўны Абсалют. Як асоба Ч. — своеасаблівае адзінства агульначалавечых і індывід. якасцей. Ступень свабоды яго дзеянняў абмяжоўваецца прынятымі грамадствам маральнымі, прававымі нормамі і правіламі пэўнага віду дзейнасці. Аднак Ч. у пэўнай ступені свабодны ў выбары сац. роляў, вызначэнні ў іх межах варыянтаў сваіх дзеянняў, праяўленні творчага падыходу да выканання сваіх абавязкаў. У працэсе далучэння да культуры ў Ч. выпрацоўваюцца механізмы самакантролю, якія выяўляюцца ў здольнасці намаганнямі волі рэгуляваць спектр сваіх імкненняў, захапленняў, інстынктаў, каштоўнасных арыентацый і да т.п.

Літ.:

Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия. М., 1985;

Андреев И.Л. Происхождение человека и общества. 2 изд. М., 1988;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ. М., 1990;

Харитонов В.М. Введение в теорию антропогенеза и археологию палеолита. М., 1998;

Парсонс Г. Человек в современном мире: Пер. с англ. М., 1985;

Тараткевич М.В. Человек и его потребности. Мн., 1989;

Трибулев Б.С. Природа и сущность человека. Мн., 1999;

Человек: Филос.-энцикл. словарь. М., 2000;

Ананьев Б.Г. Человек как предмет познания. 3 изд. СПб., 2001;

Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 2002;

Хамитов Н.В. Философия человека: от метафизики к метаантропологии. Киев;

М., 2002.

С.​Ф.​Дубянецкі, В.​Дз.​Марозаў, Л.​І.​Цягака.

т. 17, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)