ЦЫТАЛО́ГІЯ (ад цыта... + ...логія),

навука пра клетку. Вывучае будову і функцыі тканкавых клетак у мнагаклетачных арганізмаў, аднаклетачныя арганізмы і ядзерна-цытаплазматычныя комплексы, не падзеленыя на клеткі (сімпласты, сінцытыі, плазмодыі). Клетка — асн. структурна-функцыян. адзінка жывога, таму працэсы і заканамернасці, што даследуе Ц., — аснова працэсаў, якія вывучае гісталогія, анатомія, эмбрыялогія, фізіялогія, генетыка, біяхімія, малекулярная біялогія і інш. У шэрагу раздзелаў Ц. — карыясістэматыка, радыяцыйная Ц., імунацыталогія, цытапаталогія, клетачная інжынерыя і інш.

Вывучэнне клетак з дапамогай мікраскопа пачалося ў 2-й пал. 17 ст. (Р.Гук, А.Левенгук, М.Мальпігі). Адно з найважн. дасягненняў — стварэнне клетачнай тэорыі (1839). Удасканаленне мікраскопа прывяло ў 2-й пал. 19 ст. да адкрыцця арганоідаў цытаплазмы і ролі ядра ў працэсе мітатычнага дзялення клеткі. Даследаванні ролі храмасом у спадчыннасці і вызначэнні полу далі ў пач. 20 ст. пачатак цытагенетыцы. З 1950-х г. развіццё Ц. звязана з выкарыстаннем электроннага мікраскопа, метадаў колькаснай цытахіміі, культывавання тканкавых клетак па-за арганізмам і інш.

На Беларусі даследаванні па Ц. пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ (П.А.Маўрадыядзі). Асн. цэнтры: Ін-т генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед. ін-т, Гомельскі ун-т, Віцебская акадэмія вет. медыцыны, Горацкая с.-г. акадэмія. Вывучаюцца агульныя заканамернасці арганізацыі клетачных структур і ўнутрыклетачных працэсаў, унутрыклетачных рэгулятарных механізмаў цэласнай клеткі, механізмы рэалізацыі генет. інфармацыі на розных этапах антагенезу і інш.

Літ.:

Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970;

Заварзин А.А. Основы частной цитологии и сравнительной гистологии многоклеточных животных. Л., 1976;

Ченцов Ю.С. Общая цитология. 2 изд. М., 1984;

Збарский И.Б., Кузьмина С.Н. Скелетные структуры клеточного ядра. М., 1991.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)