ТКА́НКА ў арганізме,

сістэма клетак, падобных па паходжанні, будове і функцыях, а таксама міжклетачных рэчываў і структур — прадуктаў іх жыццядзейнасці. Спрыяе трофіцы і каардынацыі функцыян. элементаў. У адпаведнасці з асн. саматычнымі функцыямі арганізма адрозніваюць 4 тыпы Т.: эпітэлій, злучальная тканка, мышачная Т. (мышцы), нервовая тканка. Развіццё (гістагенез) кожнага тыпу — вынік дыферэнцыроўкі — станаўлення рыс спецыялізацыі ў клетак-папярэдніц, дэтэрмінаваных у эмбрыягенезе для развіцця пэўнай Т. Звычайна адна Т. ці некат. яе спецыялізаваныя клеткі ажыццяўляюць спецыфічныя для кожнага арганізма функцыі. Комплексы клетак Т., што працуюць сумесна, утвараюць у органах шматлікія структурна-функцыян. адзінкі (напр., нефрон). Будова Т. аднаго тыпу (асабліва найб. высокаспецыялізаванай нервовай) можа значна адрознівацца ў розных ч. арганізма, а таксама ў арганізмаў рознага сістэм. становішча. У ніжэйшых мнагаклетачных функцыі Т. не так строга вызначаюцца, як у вышэйшых. Эвалюцыя арганізмаў прывяла да спецыялізацыі клетак і ўзаемаабумоўленасці іх функцыянавання ў шматтканкавай сістэме. У эксперыменце можна забяспечыць жыццё і размнажэнне Т. па-за арганізмам (гл. Культура тканкі). У жывёл Т. вывучае гісталогія.

Т. раслін — сістэма клетак структурна і функцыянальна ўзаемазвязаных адна з адной і звычайна падобных па паходжанні. Простая Т. складаецца з аднаго тыпу клетак (напр., каленхіма, складаная — з розных (напр., эпідэрма). Здольнасць да працяглага росту (адна з асаблівасцей раслін) вызначаецца ўтваральнымі Т. — мерыстэмамі, якія даюць пачатак пастаянным Т. Адрозніваюць 3 сістэмы пастаянных Т.: покрыўную (напр., эпідэрма, перыдэрма, корка), праводную (напр., луб, ксілема), асноўную (напр., хларэнхіма, каленхіма, склеранхіма), а таксама выдзяляльныя структуры, групы клетак або адзінкавыя клеткі (ідыёбласты), што ўключаюцца ў інш. Т., сістэму праветрывання (сукупнасць міжклетнікаў, вусцейкаў і сачавічкаў). У раслін Т. вывучае анатомія раслін.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)