ЧАЛАВЕ́К,
вышэйшая ступень эвалюцыі жывых арганізмаў на Зямлі, прадстаўнік біял. віду, сацыяльная істота і суб’ект гісторыі. Вывучэннем Ч. займаюцца біял. і грамадскія навукі: анатомія, фізіялогія, антрапалогія, псіхалогія, шэраг мед. навук, а таксама гісторыя, філасофія, сацыялогія, этнаграфія, педагогіка і інш. Усе выкапнёвыя формы Ч. (архантрапы, палеантрапы, неаантрапы) і Ч. сучаснага віду — Homo sapiens — адносяцца да атрада прыматаў і складаюць асобнае сям. гамінідаў. З жывёльнага свету Ч. вылучаюць свядомасць, здольнасць рабіць прылады працы і выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Ад антрапоідаў (якія бліжэй за ўсё стаяць да яго) Ч. адрозніваюць: прамахаджэнне, здольныя да маніпуляцыі рукі, высокаразвіты мозг, членараздзельная мова. Першыя прадстаўнікі сям. гамінідаў цалкам залежалі ад прыроды, біял. заканамернасці ў іх адаптацыі адыгрывалі асн. ролю, кліматычныя змены адбіваліся на структурных асаблівасцях, узмацнялі працэсы марфал. зменлівасці, садзейнічалі расаўтварэнню (гл. Расы). З завяршэннем антрапагенезу Ч., захоўваючы сваю біял. аснову, ператварыўся ў істоту сацыяльную. У яго існаванне і дзейнасць уключаюцца сац. фактары, якія паступова займаюць вядучую ролю ў развіцці грамадства. Біял. асаблівасці Ч. запісаны ў яго генетычнай праграме пры дапамозе малекулы ДНК, якая забяспечвае перадачу спадчынных адзнак. На тэр. Беларусі Ч. сучаснага віду з’явіўся прыкладна 26 тыс. гадоў назад (гл. Каменны век).
У ант. філасофіі Ч. разглядаўся як частка космасу, «малы сусвет», мікракосм (Дэмакрыт) — адлюстраванне і сімвал Сусвету, макракосму. Паводле Арыстоцеля, Ч. — істота, надзеленая духам, розумам («разумнай душой») і здольнасцю да грамадскага жыцця. У хрысціянстве Ч. — вобраз і падабенства Бога. Філасофія эпохі Адраджэння зыходзіла з прынцыпу аўтаномнасці, дасканаласці і бязмежнасці творчых магчымасцей Ч., разумення яго як цэнтра ўсяго Сусвету (макракосму). Р.Дэкарт сфармуляваў палажэнне аб мысленні як адзіным дакладным сведчанні чалавечага існавання. Г.Гегель лічыў Ч. суб’ектам духоўнай дзейнасці, які стварае свет культуры, з’яўляецца носьбітам агульназначнай свядомасці, усеагульнага ідэальнага пачатку — духу. Л.Феербах у межах антрапал. канцэпцыі ставіў у цэнтр філасофіі Ч., як пачуццёва-цялесную істоту. Марксісцкая канцэпцыя Ч. грунтавалася на яго трактоўцы як «сукупнасці ўсіх грамадскіх адносін». Прадстаўнікі розных філас. кірункаў 18—20 ст. рабілі акцэнт на такіх спецыфічных асаблівасцях Ч., як пачуццё (І.Гаман), воля (А.Шапенгаўэр), «гульня жыццёвых сіл» (Ф.Ніцшэ), інтуіцыя (А.Бергсон), перажыванне страху і канечнасці існавання (М.Хайдэгер) і інш. Ідэі філасофіі жыцця і фенаменалогіі паслужылі асновай для ўзнікнення філасофскай антрапалогіі. Натуралістычны падыход да Ч. характэрны для прадстаўнікоў фрэйдызму.
Сутнасць Ч., яго паходжанне і прызначэнне, яго месца ў свеце былі і застаюцца цэнтр. праблемамі філасофіі, рэлігіі, навукі і мастацтва. Генетычна звязаны з інш. жывымі арганізмамі, Ч. адрозніваецца ад іх наяўнасцю свядомасці, абстрактнага мыслення і мовы, здольнасцю пранікаць у сутнасць навакольных прадметаў і самога сябе. Ён з’яўляецца суб’ектам грамадска-гіст. працэсу, творцам каштоўнасцей матэрыяльнай і духоўнай культуры, носьбітам традыцый, якія змяшчаюць у сабе дасягненні цывілізацыі. Ч. ставіць перад сабой мэты і ўсведамляе матывы, якія заахвочваюць яго да дзейнасці. Неад’емнымі атрыбутамі Ч. з’яўляюцца перакананасць і вера — ад веры ў лагічныя ісціны да веры ў духоўны Абсалют. Як асоба Ч. — своеасаблівае адзінства агульначалавечых і індывід. якасцей. Ступень свабоды яго дзеянняў абмяжоўваецца прынятымі грамадствам маральнымі, прававымі нормамі і правіламі пэўнага віду дзейнасці. Аднак Ч. у пэўнай ступені свабодны ў выбары сац. роляў, вызначэнні ў іх межах варыянтаў сваіх дзеянняў, праяўленні творчага падыходу да выканання сваіх абавязкаў. У працэсе далучэння да культуры ў Ч. выпрацоўваюцца механізмы самакантролю, якія выяўляюцца ў здольнасці намаганнямі волі рэгуляваць спектр сваіх імкненняў, захапленняў, інстынктаў, каштоўнасных арыентацый і да т.п.
Літ.:
Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия. М., 1985;
Андреев И.Л. Происхождение человека и общества. 2 изд. М., 1988;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;
Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ. М., 1990;
Харитонов В.М. Введение в теорию антропогенеза и археологию палеолита. М., 1998;
Парсонс Г. Человек в современном мире: Пер. с англ. М., 1985;
Тараткевич М.В. Человек и его потребности. Мн., 1989;
Трибулев Б.С. Природа и сущность человека. Мн., 1999;
Человек: Филос.-энцикл. словарь. М., 2000;
Ананьев Б.Г. Человек как предмет познания. 3 изд. СПб., 2001;
Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 2002;
Хамитов Н.В. Философия человека: от метафизики к метаантропологии. Киев;
М., 2002.
С.Ф.Дубянецкі, В.Дз.Марозаў, Л.І.Цягака.
т. 17, с. 210