ТАЛКАЧО́Ў Яўген Аркадзевіч (н. 5.8.1945, г. Мазыр Гомельскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (2000). Скончыў Маскоўскі ун-т (1969). З 1974 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па квантавай тэорыі, гісторыі і метадалогіі навукі, праблемах выкладання фізікі. Высветліў ролю тапалагічных эфектаў у дынаміцы класічных і квантавых сістэм на аснове алг. і геам. метадаў. Даследаваў заканамернасці працэсу ўспрымання новых ведаў рознымі сац. аб’ектамі і механізм пранікнення фіз. ведаў у агульнаадук. сферу на розных яе ўзроўнях. Адзін з аўтараў эксперым. навуч. камплекта для сярэдняй школы і агульнаадук. стандарта па фізіцы.
Тв.:
Кватернионы в релятивистской физике. Мн., 1989 (разам з А.В.Бярэзіным, Ю.А.Курачкіным);
Формирование адекватного образа науки как необходимый элемент гуманитарного образования. Мн., 1996 (разам з В.І.Дыніч. Л.М.Тамільчыкам).
А.І.Болсун.
т. 15, с. 404
ТАЛКУНО́ВА Валянціна Васілеўна (н. 12.7.1946, г. Армавір Краснадарскага краю. Расія),
расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. Расіі (1987). З 1966 на сцэне. З 1973 салістка Масканцэрта. З 1987 маст. кіраўнік створанага ёю Маскоўскага т-ра муз. драмы і песні. Першая выканаўца прысвечаных ёй песень і вак. цыклаў, манаоперы «Рускія жанчыны» І.Катаева на вершы М.Някрасава. У рэпертуары таксама рус. нар. песні. 1-я прэмія на Усесаюзным тэлеконкурсе «З песняй па жыцці» (1973).
Л.А.Шымановіч.
т. 15, с. 405
ТАЛМУ́Д (стараж.-яўр., літар. — вывучэнне),
збор дагматычных рэлігійна-этычных і прававых палажэнняў іудаізму, складзены ў 4 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. Пачатак яго стварэнню паклалі іудзейскія законавучыцелі (танаі), якія займаліся тлумачэннем Пяцікніжжа. Іх вусныя і пісьмовыя тлумачэнні Торы атрымалі назву Мішна (паўтор, другі закон). Збор тлумачэнняў Мішны пад назвай Гемара (дапаўненне) разам з самой Мішнай склалі Т. Тлумачэнні Мішны зроблены ў Палесціне і ў Вавілоніі, таму адрозніваюць 2 варыянты Т. — палесцінскі, або іерусалімскі, і вавілонскі. У Т. разам з рэліг. і грамадзянскім законамі змешчаны міфы, легенды, фальклор, а таксама звесткі па матэматыцы, геаграфіі, прыродазнаўстве, медыцыне, гісторыі і інш. навуках. Першае поўнае выданне Т. — Т. вавілонскі надрукаваны ў 1520—23 у Венецыі ў друкарні Д.Бомберга. На Беларусі Т. вядомы з канца 14 ст., калі тут заснаваны першыя яўр. абшчыны.
т. 15, с. 405
ТАЛО́М,
вегетатыўнае цела ніжэйшых раслін, тое, што слаявіна.
т. 15, с. 405
ТАЛО́ЧКА Мікалай Канстанцінавіч (н. 1.1.1951, ст. Баравуха 1-я Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхн. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (2000). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973). З 1976 у Ін-це тэхн. акустыкі Нац. АН Беларусі (з 1991 заг. лабараторыі, з 1999 нам., з 2002 в.а. дырэктара). Адначасова ў 1996—2000 у Віцебскім тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізіцы і тэхналогіі працэсаў крышталізацыі і спякання, лазернай апрацоўцы матэрыялаў. Распрацаваў метады вырошчвання нелінейных аптычных крышталёў, фіз. асновы селектыўнага лазернага спякання парашкоў, тэарэт. абгрунтаваў кластэрны механізм зародкаўтварэння і росту крышталёў.
Тв.:
Методы выращивания кристаллов из растворов. Мн., 1991 (разам з У.У.Клубовічам);
Вторичное зародышеобразование в растворах. Мн., 1992 (з ім жа).
т. 15, с. 405
ТАЛО́ЧКА Уладзіслаў (8.2.1887, г. Гродна — 13.11.1942),
бел. рэлігійны і культурна-асветны дзеяч. У 1909—14 вывучаў тэалогію і філасофію ў каталіцкім ін-це ў Інсбруку (Аўстрыя). З 1914 святар у Вільні. Адзін з першых пачаў публічна ўжываць бел. мову ў набажэнствах. У 1915—18 адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага к-та дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1917 быў звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, у яе друкаваным органе газ. «Krynica» («Крыніца») змяшчаў артыкулы культ.-адраджэнскай і рэліг. праблематыкі. Удзельнічаў у арганізацыі і правядзенні Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы. У міжваен. дваццацігоддзе адзін з вядучых публіцыстаў час. віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileriski» («Віленскі агляд»). З 1920-х г. праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. 15.12.1938 як «нядобранадзейная асоба» выселены ў Беласток. На пач. 2-й сусв. вайны вярнуўся ў Вільню.
т. 15, с. 405
ТАЛО́ЧКІ, Буйніцкія,
княжацкі род у ВКЛ. Паходжанне невядома, магчыма, Т. — адгалінаванне полацкіх Ізяславічаў. У канцы 14 ст. князь Юрый Т. атрымаў ад вял. князя ВКЛ Вітаўта Рагачоўскую воласць. У сярэдзіне 15 ст. сын Юрыя князь Фёдар Талочкавіч прадаў вотчынны маёнтак Высокае пану Гаштольду. Пляменнік Фёдара князь Леў меў маёнткі Гатушычы і Буйнічы, ад назвы якога ўтворана прозвішча Буйніцкія. На яго сыне Аляксею (? — 1505) род Т. у мужчынскай лініі згас, а родавыя маёнткі перайшлі да шваграў Аляксея — Кандрата Івашкевіча, Аляксандра Солтанавіча і князя Івана Крошынскага.
т. 15, с. 405
ТАЛО́ЧНЫЯ ПЕ́СНІ, талаковыя песні, талачанскія песні,
разнавіднасць каляндарна-абрадавых песень, што суправаджалі працу земляроба на талацэ. У залежнасці ад віду сезонных работ вылучаюцца 3 групы Т.п.: песні веснавой талакі, жніўныя талочныя, песні асенніх талок. Самая шматлікая 1-я група, якая і прадвызначыла прыроду жанру. Яна добра перадае атмасферу працы, характэрны для яе ўздым і радасны настрой. Антытэза, іронія, дасціпны гумар уласцівы Т.п., у якіх адлюстраваны характар працы розных удзельнікаў талакі. У песнях часта гучыць зварот да гаспадара, якому талачане нагадваюць пра работу і разлік за яе; пры гэтым ў незласлівай форме, з жартам дакараюць за нібыта недастатковае частаванне работнікаў, пра залішнюю ашчаднасць гаспадыні. У некат. песнях гучалі і заклёны на добры ўраджай, аднак пераважалі бяседныя Т.п. пра каханне, перажыванні маладой замужніцы ў чужой сям’і і г.д. У веснавых Т.п. пераважае вобраз талочніцы — вясёлай і дасціпнай дзяўчыны (жанчыны) — гал. ўдзельніцы талакі. У жніўных Т.п. шырокая карціна жніва, вобразы жней-талачанак, якія «зжалі поле нязмернае», «змялі ніву мяцёлкаю». Яны пераважна бяседнага характару, выконваліся ў час застолля пры калектыўнай апрацоўцы лёну, азімай сяўбе, малацьбе, на дакопках бульбы. Да іх прымыкаюць спарышовыя песні (вобраз спарыша ўвасабляў урадлівасць і дабрабыт). Т.п. былі пашыраны на ўсёй Беларусі. найб. шырока бытавалі на Падзвінні.
Публ.:
Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981.
А.С.Ліс.
т. 15, с. 405
ТА́ЛСА (Tulsa),
горад на Пд ЗША. штат Аклахома. 381,4 тыс. ж., з прыгарадамі каля 750 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Арканзас. Аэрапорт. Гандл.-фін. і арганізац. цэнтр раёна здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Прам-сць: вытв-сць нафтавага абсталявання, дарожна-буд. машын, авіяц. дэталей і вузлоў; эл.-тэхн. і радыёэлектронная, аўтамаб., прыладабуд., чорная металургія, нафтаперапр., хім., сілікатна-керамічная, паліграф., харч., швейная. Ун-т.
т. 15, с. 405
ТА́ЛСІНСКАЯ ПРЫГАЖУ́НЯ,
латвійскі сорт груш нар. селекцыі. Пашыраны на Беларусі.
Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная. густая. Пладаносіць на 7-ы год. Сорт зімаўстойлівы, ураджайны, устойлівы да бактэрыяльных і грыбных хвароб. Плады дробныя (50 г), грушападобныя. Скурка тонкая, зеленавата-жоўтая з іржавымі плямамі. Мякаць белая, сакавітая, салодкая з лёгкім мускатным пахам, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне верасня.
т. 15, с. 405