ТАЛМУ́Д (стараж.-яўр., літар. — вывучэнне),
збор дагматычных рэлігійна-этычных і прававых палажэнняў іудаізму, складзены ў 4 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. Пачатак яго стварэнню паклалі іудзейскія законавучыцелі (танаі), якія займаліся тлумачэннем Пяцікніжжа. Іх вусныя і пісьмовыя тлумачэнні Торы атрымалі назву Мішна (паўтор, другі закон). Збор тлумачэнняў Мішны пад назвай Гемара (дапаўненне) разам з самой Мішнай склалі Т. Тлумачэнні Мішны зроблены ў Палесціне і ў Вавілоніі, таму адрозніваюць 2 варыянты Т. — палесцінскі, або іерусалімскі, і вавілонскі. У Т. разам з рэліг. і грамадзянскім законамі змешчаны міфы, легенды, фальклор, а таксама звесткі па матэматыцы, геаграфіі, прыродазнаўстве, медыцыне, гісторыі і інш. навуках. Першае поўнае выданне Т. — Т. вавілонскі надрукаваны ў 1520—23 у Венецыі ў друкарні Д.Бомберга. На Беларусі Т. вядомы з канца 14 ст., калі тут заснаваны першыя яўр. абшчыны.
т. 15, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)